Беларус трапіў у ізалятар за відэа з “прапагандай гомасэксуальных стасункаў”. Яго затрымаў АМАП. Адпусцілі хлопца пасля аплаты штрафу – пра гэта ён распавёў у сацсетках.
Па словах хлопца, яго затрымлівалі восем амапаўцаў: “Трохі ранак, сцёртыя калені з-за таго, што я быў у футбольнай форме, працягнулі па асфальце злёгку і сіняк на плячы, пабоі не здымаў”.
Мяркуючы з фота дакументаў, якія ён выклаў, у розных сацсетках хлопец размясціў хэштэг “lgbtq”, а ў адным з іх – відэазапіс са сваім удзелам, “які змяшчае прапаганду гомасэксуальных адносін, чым распаўсюдзіў інфармацыю аб сваіх поглядах і перакананнях, фарміруючы ўяўленні аб прывабнасці гомасэксуальных адносін”.
Гэты запіс выявілі супрацоўнікі РАУС 11 жніўня 2026 года. Яны пачалі справу паводле ч. 1 арт. 19.16 КаАП «Прапаганда гомасэксуальных стасункаў, змены полу, бяздзетнасці, педафіліі». Вядома, што 13 жніўня беларус аплаціў штраф і яму вярнулі тэлефон. Верагодна, трое сутак ён правёў у ізалятары.
“Так што ведайце, калі ў вас дзесьці ўбачаць вясёлкавы эмодзі сцяжок, могуць прыехаць і затрымаць”, – папярэджвае ён.
У красавіку 2026 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон аб адміністрацыйнай адказнасці за “прапаганду” ЛГБТ, змену полу і чайлдфры. Цяпер за гэта прадугледжаны штрафы, грамадскія працы і адміністрацыйны арышт. Праваабаронцы крытыкуюць закон і лічаць яго парушэннем правоў і свабод.
Чытайце таксама: Урад Беларусі хоча дапоўніць КаАП. Увядуць штрафы за прапаганду гомасэксуальных адносін і чайлд-фры


