Гродзенка, якая рэгулярна выгульвае сабаку ў лесапарку Румлёва, знайшла на адным з лясных скрыжаванняў разбітыя абраз і шкло. Падобную атрыбутыку жанчына заўважала і раней.

«Парк Румлёва, Гродна. Тое ж скрыжаванне. Разбіты абраз і валяецца шкло. Ізноў усё паўтараецца? – пацікавілася ў Threads гараджанка.

У чэрвені 2026 гэтая ж гродзенка ўжо пыталася вырашыць праблему: прыбрала знойдзеныя ў лесапарку «ведзьміны рытуалы», а таксама іншае смецце.

«Вырашылі з мамай, што ўсякія бутэлькі ведзьміны трэба прыбраць, ачысціць месцы гэтыя ад смецця. Гэта тое, што сапраўды карысна і разумна. Мы ўсіх паважаем, але смеціць – гэта дрэнна для прыроды», – пісала тады яе дачка.

Упершыню на з’яўленне дзіўнай атрыбутыкі ў лесапарку Румлёва гродзенка звярнула ўвагу ў траўні, калі выгульвала сабаку.

Падобную атрыбутыку знаходзілі і на Альшанцы

У красавіку 2026 года жыхары мікрараёна Альшанка звярталі ўвагу, што у парку напярэдадні Вялікадня з’явіліся тыя ж самыя атрыбуты: мяса, манеты і бутэлька віна. Невядома, хто і з якой мэтай пакінуў гэтыя прадметы. Але гродзенцаў знаходка ўсхвалявала.

Што кажуць у міліцыі наконт такіх знаходак?

Тады на знойдзеныя атрыбуты адрэагавала і міліцыя Гродна. Ва УУС Гродзенскага аблвыканкама заявілі, што супрацоўнікі рэгулярна патрулююць парк і тэрыторыю побач з ім.

Гараджанам параілі фіксаваць факты парушэння на камеру і адпраўляць матэрыялы з геалакацыяй у чат-бот МУС “Мы всегда рядом!”.

Таксама на працягу года ў парку планавалі ўстанавіць фотапасткі — хацелі лавіць парушальнікаў, якія пакідаюць пасля сябе смецце.

Чытайце таксама: Жыхары Малой Альшанкі просяць зрабіць дарогу – улады абяцалі, але перадумалі