Пасля таго як Аляксандр Лукашэнка падчас візіту ў Смаргонь звярнуў увагу на скаргі жыхароў на якасць вады, раённая газета «Светлы шлях» патлумачыла, чаму праблема дагэтуль не вырашаная і якія меры збіраюцца прыняць камунальнікі.

У планах — прамыць амаль 150 км водаправодных сетак, правесці дэзінфекцыю і дачакацца вынікаў даследаванняў спецыялістаў Нацыянальнай акадэміі навук.

Газета «Светлы шлях» апублікавала каментар дырэктара Смаргонскай ЖКГ Аляксея Стурліса і расказала, у чым заключаецца парадокс з вадой у Смаргоні. У канцы снежня мінулага года на водазаборы «Карэні» запусцілі новую станцыю абезжалезвання. Вада, якая выходзіць з яе, адрозніваецца ідэальнай чысцінёй, аднак, праходзячы па старых трубах, яна вымывае з іх адклады. У выніку з крана спачатку цячэ празрыстая вада, але праз пару гадзін яна жоўкне.

Прамыць збіраюцца амаль 150 км труб

Для вырашэння праблемы ў Смаргонскай ЖКГ чакаюць спецыялістаў ДП «Гроднаводаканал». Яны дапамогуць правесці гідрапнеўматычную прамыўку сістэмы гарачага і халоднага водазабеспячэння. Агульная працягласць сетак, якія плануюць ачысціць, складае амаль 150 км.

Як расказаў Аляксей Стурліс, у трубаправодах зробяць спецыяльныя ўрэзкі, падключаць кампрэсары і пад ціскам будуць выдаляць назапашаныя забруджванні.

У бліжэйшыя два тыдні камунальнікі плануюць правесці работы ў мікрараёне Карэні. Пасля гэтага спецыялісты маюць намер перайсці да сетак у астатняй частцы горада.

Пасля ўвагі Лукашэнкі раёнка патлумачыла «парадокс» з вадой у Смаргоні: чаму яна жоўкне пасля ачысткі
Станцыя ў Смаргоні. Фота: shliah.by

Ваду будуць дадаткова абеззаражваць

Яшчэ адна мера — дэзінфекцыя водаправоднай вады. Для гэтага на станцыі абезжалезвання прадугледжаны помпа-дазатар, з дапамогай якога ў сетку будуць дадаваць гіпахларыт у дапушчальных канцэнтрацыях.

У ЖКГ папярэджваюць, што жыхары могуць адчуць лёгкі пах гэтага рэчыва. Пры гэтым спецыялісты абяцаюць пастаянна кантраляваць яго канцэнтрацыю з дапамогай лабараторных даследаванняў.

Акрамя таго, Смаргонская ЖКГ заключыла дамовы з двума інстытутамі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі — агульнай і неарганічнай хіміі і мікрабіялогіі. Спецыялісты ўжо адабралі пробы вады па ўсім горадзе: непасрэдна на крыніцы, у водаправоднай сетцы, да і пасля падагрэву на цэнтральных цеплавых пунктах, а таксама ў спажыўцоў. Яны правяраюць, як ачышчаюць ваду і як яна ўплывае на трубы. Вынікі абяцаюць апублікаваць у снежні.

Лукашэнка запатрабаваў вырашыць праблему ў наступным годзе

Пра якасць вады ў Смаргоні Аляксандр Лукашэнка загаварыў 20 лістапада падчас рабочай паездкі ў Гродзенскую вобласць. Ён наведаў вытворча-лагістычны комплекс ТАА «Белагратэрмінал» і звярнуў увагу на скаргі жыхароў.

«Чаму людзі скардзяцца, што яны тут п’юць з „балота“ ваду? Гэта недапушчальна», — заявіў Лукашэнка.

Старшыня Гродзенскага аблвыканкама Юрый Караеў пацвердзіў, што праблема існуе, але адзначыў, што на водазаборы «Карэні» ўжо ўсталявалі новую станцыю абезжалезвання. Паводле яго слоў, улады працягваюць працу над паляпшэннем якасці вады, у тым ліку вырашаюць пытанні з гарачым водазабеспячэннем.

Лукашэнка даручыў падключыць да вырашэння праблемы прамыслоўцаў і заявіў, што ў наступным годзе праблема з вадой у горадзе павінна быць вырашаная.

Пры гэтым скаргі смаргонцаў на водаправодную ваду гучалі задоўга да візіту Лукашэнкі. У пачатку 2026 года жыхары мікрараёна Усходняга паведамлялі пра старонні пах і прымесі ў халоднай вадзе. Гараджане таксама паведамлялі, што праблема закранае і іншыя раёны Смаргоні. Пра непрыемны пах і жоўты колер вады пісалі жыхары вуліц Заходняй, Леніна, Маладзёжнай, Гагарына, Пагранічнікаў, Заводскай і Коласа.