Аб прызнанні рэсурсаў AutoGrodno экстрэмісцкай інфармацыяй стала вядома 24 лістапада. Рэдакцыя мае намер аспрэчыць статус і паспрабаваць вярнуцца да нармальнай працы. Аб прызнанні партала экстрэмісцкім паведамляюць дзяржаўныя паблікі. Карыстальнікі ў здзіўленні: яны пішуць сотні каментароў і пасты, пытаюцца аб прычынах і разважаюць, дзе цяпер шукаць інфармацыю. Hrodna.life расказвае, што вядома на дадзены момант.

На сайце AutoGrodno з’явілася заглушка. Там размясцілі зварот рэдакцыі да чытачоў. У ім гаворыцца, што рэсурсы медыя прызнаны экстрэмісцкімі матэрыяламі. Пакуль AutoGrodno высвятляе падрабязнасці і просіць аўдыторыю праверыць, ці не засталося ў іх дома:

узнагарод з фестываляў і спаборніцтваў, арганізаваных AutoGrodno;

  • кубкаў;
  • маек;
  • бэйджыкаў;
  • стужак;
  • картак «Перашкаджае аўтамабіль? Патэлефануйце, адганю».

Медыя таксама просіць праверыць галерэі тэлефонаў і фатаграфіі з фестываляў.

AutoGrodno падзякавалі чытачам за “выдатныя гады” і, каб не нашкодзіць ім, прыбралі лагатып і назву рэсурсу з сацсетак. Каналам у Telegram цяпер нельга падзяліцца. Instagram пасля публікацыі навіны страчваў тысячы падпісчыкаў за лічаныя хвіліны.

AutoGrodno быў заснаваны 20 гадоў таму. За час працы медыя аб’яднала аўтамабільнае кам’юніці, праводзіла фестывалі SunDay і “Лакацыя”, актыўна пісала пра гарадскія тэмы, звязаныя з транспартам.

«Падпісчыкаў, якія лайкнулі можна кашмарыць і даіць»

У Threads гродзенецы актыўна абмяркоўваюць тое, што здарылася — тэме прызнання AutoGrodno экстрэмісцкімі матэрыяламі прысвечана некалькі ветак: “Гродна!!! Хто патлумачыць з-за чаго аўто Гродна прызналі экстрэмістамі і што цяпер рабіць?”

Некаторыя карыстальнікі не разумеюць, дзе ім зараз чытаць навіны – пішуць, што рэсурс быў адзіным, дзе навіны падаваліся нейтральна і “па справе”. Іншыя здзіўляюцца: чаму рэсурс атрымаў статус, калі тэма палітыкі там не закраналася. Некаторыя адзначаюць, што “нічога крымінальнага” медыя не публікавала.

“Магчыма ў іх артыкулах былі фота фота з лагатыпамі ўжо забароненых каналаў, нават калі гэтыя артыкулы старыя і да 20 года…” – мяркуе адна з удзельніц абмеркавання.

«Гэта для таго, каб падпісчыкаў і тых, хто лайкнуў, можна было кашмарыць і даіць. Казна пустая, мілорд. Людзі – новая нафта », – выказваецца іншы каментатар.

«Экстрэміст гэта дзядзька з бомбай на поясе! А сайты, каналы аб’яўляць экстрэмісцкімі — гэта ад недалёкага розуму і шкурнай цікавасці дзеля ўтрымання ўлады, якія самі і захапілі!» – піша яшчэ адзін удзельнік.

Як адрэагавалі дзяржмедыя?

Дзяржмедыя Гродна і вобласці, сярод якіх “Гродна Плюс”, “ТРК Гродна” і “Гродзенская праўда” таксама апублікавалі навіны аб прызнанні прадукцыі AutoGrodno экстрэмісцкімі матэрыяламі.

Дзяржмедыя перапосцілі відэа, у якім агучваецца рашэнне суда. Уласных каментароў ці ацэнкі здарэння не агучылі. Зрэшты, сваім меркаваннем у каментарах падзяліліся беларусы.

«Ну зараз можна спаць спакойна, самыя небяспечныя злачынцы абясшкоджаныя», – піша каментатар.

«Значыць годны канал, падпішуся», – выказваецца яшчэ адзін карыстальнік.

«Калі пройдуць па ўсіх, прыйдуць і ў ТРК Гродна. Самі пра сябе такі ж артыкул напішуць», – іранізуе ўдзельнік абмеркавання.

«Там увесь горад сядзіць на гэтым канале», – адзначае гродзенец.

Людзі таксама абураюцца, што цяпер ім давядзецца правяраць свае падпіскі штодня, таму што спісы экстрэмісцкіх матэрыялаў папаўняюцца занадта часта.

Гродзенскае медыяполе вычышчаюць з 2020 года

Пасля акцый пратэсту ў 2020 годзе ўлады паступова пазбаўляюцца незалежных медыяў, якія асвячаюць падзеі ў Гродне і рэгіёне.

Восенню 2022 года КДБ Беларусі прызнаў Hrodna.life экстрэмісцкім фарміраваннем. Такі ж статус атрымалі нацыянальныя медыі, якія мелі ў Гродне карэспандэнтаў і фрылансераў.

У снежні 2024 партал навінаў s13.ru прызналі экстрэмісцкім фармаваннем. Уладальніку сайта – Сяргею Чабоцьку, – у кастрычніку 2025 года прысудзілі 3,5 гады калоніі і штраф у 42 тыс. руб.

Зімой 2024 гродзенскі партал Grodno.in прызналі экстрэмісцкім – сайт ліквідавалі. Праз паўтара года прапагандысты Гродна паспрабавалі стварыць аналаг парталу, які пакуль не атрымаў такой жа папулярнасці, як Grodno.in.

На дадзены момант у Гродне засталіся два прыватныя медыі: NewGrodno.by і «Вячэрні Гродна».

Чытайце таксама: Рэсурсы AutoGrodno і яго лагатып прызналі экстрэмісцкімі матэрыяламі