Супрацоўніца тэлеканала «Беларусь 4 Гродна» Кацярына Старчавая стала прызёркай спецыяльнай намінацыі «За сумленны погляд» расійскай медыяпрэміі «Сумленны погляд». Узнагароду ёй прысудзілі за фільм «Айдар. Канцлагер XXI стагоддзя». Цырымонія прайшла ў Маскве 19 лістапада. На мерапрыемстве таксама прысутнічалі гродзенскія блогеркі Віялета Карповіч і Анастасія Пецевіч з праекта «Сліўкі. Гродна».
Паводле інфармацыі арганізатараў, на прэмію паступіла больш за 800 заявак з 85 краін.
Што вядома пра Кацярыну Старчавую
Кацярына Старчавая працуе на тэлеканале «Беларусь 4 Гродна». У матэрыялах тэлекампаніі яе прадстаўляюць як палітычную аглядальніцу і вядучую праграмы «Свежым поглядам». У ёй крытыкавалі Захад і разважалі, ці могуць «збеглыя» вярнуцца ў Беларусь. Яна таксама вядзе праграму «Размова з палітолагам». Скончыла Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы.
Фільм пра «Айдар» — не першая праца Старчавой, звязаная з Луганскам. Вясной 2024 года яна ездзіла туды разам з членамі Экспертнага клуба Саюзнай дзяржавы. Па выніках паездкі запісалі цыкл інтэрв’ю з мясцовымі жыхарамі, студэнтамі і супрацоўнікамі ўніверсітэта імя Уладзіміра Даля, прадстаўнікамі адміністрацыі і духавенства. На іх аснове стварылі фільм «Луганскі дзённік. Погляд з Беларусі», які прадставілі ў Гродне ў 2025 годзе.
Пра што фільм «Айдар. Канцлагер XXI стагоддзя»
26-хвілінны фільм прысвечаны падзеям у вёсцы Палавінкіна Старобельскага раёна Луганскай вобласці. Аўтарка расказвае пра былы каўбасны цэх, які, паводле сцвярджэнняў суразмоўцаў, у 2014 годзе выкарыстоўвалі як базу байцы ўкраінскага добраахвотніцкага батальёна «Айдар».
У фільме прадстаўленыя гісторыі двух мужчын. Адзін з іх, названы Аляксандрам, сцвярджае, што на тэрыторыі былога прадпрыемства былі памяшканні для незаконнага ўтрымання людзей, а байцы батальёна выкрадалі мясцовых жыхароў, збівалі іх, забіралі маёмасць і займаліся вымагальніцтвам.
Другі суразмоўца — Мікалай Мікалаевіч — расказвае, што ўзброеныя людзі забралі яго сына і ўтрымлівалі ў будынку былога цэха. Паводле яго слоў, каб перадаваць сыну ежу, даводзілася прыносіць алкаголь, а за вызваленне патрабавалі грошы. Ён таксама гаворыць пра збіццё і здзекі з затрыманых.

Пры гэтым у фільме не называюць прозвішчаў суразмоўцаў, не паведамляюць дакладных дат інтэрв’ю і не прыводзяць дакументаў, матэрыялаў крымінальных спраў або іншых звестак, па якіх можна было б незалежна праверыць апісаныя гісторыі. Часавыя арыенціры ў аповедах таксама не заўсёды супадаюць. У фільме паказаныя толькі два чалавекі і закінутыя будынкі.
Адзін з суразмоўцаў таксама сцвярджае, што ўкраінская дзяржава забараніла «Айдар». Гэтае сцвярджэнне не адпавядае афіцыйнай інфармацыі пра падраздзяленне: яно працягвае існаваць у складзе Узброеных сіл Украіны. Цяпер гэта 24-ы асобны штурмавы полк «Айдар».
Што такое «Айдар»
«Айдар» — украінскае добраахвотніцкае ваеннае падраздзяленне, створанае ў маі 2014 года на фоне пачатку ўзброенага канфлікту на ўсходзе Украіны. Яно атрымала назву ад ракі Айдар у Луганскай вобласці. Батальён удзельнічаў у баявых дзеяннях на Луганшчыне, у тым ліку ў раёнах Старобельска, Шчасця і Лутугіна. Пазней яго ўключылі ў структуру Узброеных сіл Украіны.
У верасні 2014 года падраздзяленне пераўтварылі ў 24-ы асобны штурмавы батальён. У снежні 2025 года яго рэарганізавалі ў 24-ы асобны штурмавы полк «Айдар». Па стане на лістапад 2026 года ён працягвае дзейнічаць у складзе Сухапутных войскаў УСУ.
У снежні 2023 года ФСБ унесла супольнасць «Айдар» у спіс тэрарыстычных арганізацый. Раней яна была прызнаная экстрэмісцкай арганізацыяй, дзейнасць якой забароненая ў Расіі.
Што міжнародныя арганізацыі пісалі пра дзеянні «Айдара»
Абвінавачанні ў парушэннях з боку асобных байцоў «Айдара» з’яўляліся і ў незалежных крыніцах. У верасні 2014 года Amnesty International апублікавала даклад пра меркаваныя парушэнні правоў чалавека і ваенныя злачынствы з боку батальёна ў паўночнай частцы Луганскай вобласці.
Арганізацыя паведамляла пра выпадкі выкраданняў, незаконнага ўтрымання людзей, збіццяў, рабаванняў і вымагальніцтва. Даследчыкі Amnesty апытвалі пацярпелых, сведкаў, мясцовых чыноўнікаў, прадстаўнікоў праваахоўных органаў і самога батальёна. Арганізацыя заклікала расследаваць гэтыя абвінавачанні.
У жніўні 2014 года пра падобны выпадак паведамляла Спецыяльная маніторынгавая місія АБСЕ. У штодзённай справаздачы ад 21 жніўня гаворыцца пра мужчыну, які расказаў назіральнікам, што яго збілі прадстаўнікі «Айдара» ў Палавінкіне. Паводле яго слоў, перад гэтым яго затрымалі на блокпосце і абвінавацілі ў сепаратызме. Назіральнікі зафіксавалі ў мужчыны бачныя пашкоджанні — ацёкі, сінякі і раны.
У кастрычніку 2016 года міжнародная маніторынгавая група наведала Старобельск і Палавінкіна. У справаздачы апісаны падвал былога каўбаснага цэха, дзе раней размяшчалася база «Айдара». На момант наведвання памяшканні былі закінутыя і заваленыя смеццем.

Што вядома пра людзей, звязаных з «Айдарам» у Старобельску
У публікацыі Deutsche Welle ад 4 красавіка 2023 года расказваецца пра гісторыю Пятра Царэўскага — жыхара Старобельскага раёна, які вясной 2014 года ўдзельнічаў у мясцовай «Самаабароне Старобельска». Паводле слоў былога камандзіра гэтага падраздзялення Уладзіміра Правенькага, «Самаабарона Старобельска» ўвайшла ў склад «Айдара», а ў канцы 2014 года была расфармаваная.
Пазней Царэўскага затрымалі прадстаўнікі акупацыйных структур і абвінавацілі ва ўдзеле ў «тэрарыстычнай супольнасці». DW вывучыла абвінаваўчы акт і паразмаўляла са сваякамі мужчыны і яго адвакатам. Абарона сцвярджала, што абвінавачанне не падмацаванае дастатковымі доказамі.
Яшчэ адна гісторыя, звязаная са Старобельскам і «Айдарам», з’явілася ў публікацыі «Медиазоны» ў жніўні 2026 года. Выданне расказала пра 61-гадовага прадпрымальніка Аляксандра Шэйку, якога Паўднёвы акруговы ваенны суд у Растове-на-Доне прыгаварыў да сямі гадоў калоніі агульнага рэжыму. Расійскае абвінавачанне сцвярджала, што мужчына ўдзельнічаў у батальёне «Айдар» з 2014 па 2022 год.
Сам Шэйка віну не прызнаў. У судзе ён расказаў, што ў 2014 годзе яго выкралі людзі, якіх ён лічыў байцамі «Айдара»: мужчыну збівалі, пагражалі расстрэлам і прымушалі капаць сабе магілу. Паводле яго слоў, пасля гэтага яго пакінулі каля дарогі ў кайданках і з мяшком на галаве. У бальніцы ў яго дыягнаставалі чэрапна-мазгавую траўму, пералом рэбраў і траўму грудной клеткі.

«Медиазона» таксама звярнула ўвагу на ход судовага працэсу: некаторыя сведкі не пацвердзілі ў судзе свае ранейшыя паказанні або прызналі, што ведалі пра меркаваную службу Шэйкі ў батальёне толькі са слоў іншых людзей. Сам мужчына сцвярджаў, што ніколі не служыў у «Айдары».
У красавіку 2025 года Следчы камітэт Расіі паведаміў пра затрыманне ў Старобельску яшчэ аднаго мужчыны, якога ведамства назвала былым удзельнікам «Айдара». Паводле версіі следства, ён публікаваў у сацсетках матэрыялы ўкраінскіх інфармацыйных агенцтваў. Падчас ператрусу, паводле паведамлення ведамства, выявілі дакументы, якія пацвярджалі службу мужчыны ў батальёне, і матэрыялы, якія следства палічыла экстрэмісцкімі.
Мужчыну прад’явілі абвінавачанні паводле артыкулаў пра распаўсюджванне заведама непраўдзівай інфармацыі пра дзеянні расійскай арміі, удзел у тэрарыстычнай супольнасці і рэабілітацыю нацызму.



