Выдавецтва «Папуры» перавыдала раман ураджэнкі Гродзеншчыны Элізы Ажэшкі «Над Нёманам» у перакладзе Анатоля Бутэвіча. У новым выданні таксама апублікаваныя каментарыі і заўвагі перакладчыка, паведамляе Bellit.info.
«Над Нёманам» — адзін з самых вядомых раманаў Элізы Ажэшкі. У творы пісьменніца звяртаецца да тэм кахання, сямейных адносін, канфлікту пакаленняў, вернасці роднай зямлі і адказнасці чалавека перад сабой і іншымі.
Пра што раман «Над Нёманам»?
Галоўная гераіня твора — маладая шляхцянка Юстына, якая жыве ў маёнтку свайго заможнага дзядзькі Карчыньскага. Нягледзячы на забяспечанае жыццё, дзяўчына не адчувае сябе шчаслівай. Пасля няўдалага кахання яна шукае суцяшэння ў прыродзе, гуляе па берагах Нёмана і навакольных палях.
Падчас аднаго з шпацыраў Юстына знаёміцца з Янам Багатыровічам — прадстаўніком збяднелай шляхты, якога яе сваякі лічаць селянінам.
Ян знаёміць дзяўчыну са сваёй сям’ёй і гісторыяй роду Багатыровічаў. Гэтая сустрэча змяняе ўяўленні Юстыны пра жыццё, каханне і ўласную будучыню.
Дзе купіць новае выданне?
Раман «Над Нёманам» у перакладзе Анатоля Бутэвіча выпусціла выдавецтва «Папуры». У канцы кнігі змешчаныя каментарыі і заўвагі перакладчыка.
Новае выданне можна купіць у кнігарнях «Параграф 45» і «Акадэмічная кніга», а таксама замовіць праз маркетплэйсы, у тым ліку на Oz.by.
Эліза Ажэшка і яе сувязь з Гроднам
Эліза Ажэшка (1841–1910) — пісьменніца, якая нарадзілася ў вёсцы Мількаўшчына пад Гроднам. Значную частку жыцця яна правяла ў Гродне, дзе займалася не толькі літаратурай, але і грамадскай ды дабрачыннай дзейнасцю.
Падчас паўстання 1863–1864 гадоў Ажэшка дапамагала яго ўдзельнікам, у тым ліку хавала аднаго з кіраўнікоў паўстання Рамуальда Траўгута. Пасля вялікага пажару 1885 года яна арганізоўвала дабрачынныя мерапрыемствы і зборы сродкаў для пацярпелых гараджан.
Апошнія гады жыцця пісьменніца правяла ў доме на цяперашняй вуліцы Ажэшкі. Тут яна напісала некалькі твораў, у тым ліку «Арганаўты» і «Gloria victis». Цяпер у будынку, які з’яўляецца копіяй таго дома, знаходзяцца музейная экспазіцыя, прысвечаная пісьменніцы, і філіял абласной бібліятэкі.
Пасля смерці Ажэшкі ў 1910 годзе на яе пахаванне прыйшлі тысячы гродзенцаў. Пазней яе імем назвалі адну з цэнтральных вуліц горада, а таксама ўсталявалі помнік, які цяпер з’яўляецца самым старым гарадскім помнікам у Гродне.
Бюст пісьменніцы працы скульптара Рамуальда Зерыха ўрачыста адкрылі 20 кастрычніка 1929 года ў скверы на тагачаснай Тэатральнай плошчы. Падчас Другой сусветнай вайны помнік знік, пазней яго знайшлі на адных з гарадскіх могілак. У 1947 годзе бюст усталявалі на цяперашнім месцы, на вуліцы Ажэшкі.



