Ігару Карпу 46 гадоў, у яго сем судзімасцяў. Карп паехаў у Запарожжа, каб ваяваць супраць Украіны – і не перажыў першы ж штурм, паведамляе «Наша Ніва» са спасылкай на Belpol. 

Да 2021 года ў Ігара Карпа было сем судзімасцяў, кожная з іх па маёмасных злачынствах. Сярод даказаных эпізодаў: пяць крадзяжоў з кватэр, адно рабаванне і адно махлярства. Да адпраўкі на фронт Карп працаваў плітачнікам-бетоншчыкам на Гродзенскім каменеапрацоўчым заводзе.

Мужчына падпісаў кантракт з вайсковай часткай арміі РФ, якая дыслакуецца ва Улан-Удэ. Бурацкая вайсковая частка ўваходзіць у 11-ую асобную гвардзейскую дэсантна-штурмавую брыгаду «Чорныя ваўкі». Зараз ваенных гэтага падраздзялення адпраўляюць у напрамку Запарожжа. Туды ж адправілі і Ігара Карпа.

Карп не вярнуўся з першага штурму – лічыцца без вестак зніклым з 27 ліпеня 2026. Сястра Карпа ў тэматычных чатах шукае ваенных з яго падраздзялення, каб тыя паведамілі ёй якую-небудзь інфармацыю аб месцазнаходжанні мужчыны.

Чытайце таксама: Як сем’і расійскіх ваенных трапляюць на рэабілітацыю ў Гродна?