Хэдлайнерам канцэрта на Дзень горада ў Гродне стане расійскі рэпер Мот (Матвей Мельнікаў). Ён выступіць 5 верасня на плошчы Леніна. Год таму Мот быў хэдлайнерам Дня горада ў Мінску: яго выступленне выклікала спрэчкі ў сетцы. Раней Украіна ўключыла яго ў санкцыйны спіс.

Імя артыста, якога раней арганізатары Дня горада трымалі ў сакрэце, 26 жніўня назваў Гродзенскі гарвыканкам.

Выступленне Мота пачнецца 5 верасня ў 21:00 на плошчы Леніна і працягнецца каля гадзіны. Адразу пасля канцэрта ў 22:00 запланаваны святочны феерверк.

Год таму выступаў на Дні горада ў Мінску

Для Мота гэта не першае выступленне на буйным гарадскім свяце ў Беларусі. 13 верасня 2025 года ён быў хэдлайнерам Дня горада ў Мінску.

Тады запрашэнне расійскага выканаўцы выклікала спрэчкі сярод беларусаў у сацсетках. Адной з прычын стала яго пазіцыя пасля пачатку паўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну.

Сам Мот проста пра падтрымку вайны адкрыта не заяўляў. Аднак у 2022 годзе, кажучы пра тое, што адбываецца, ён напісаў, што працягвае любіць Расію і давярае яе кіраўніцтву:

«Усё, што я магу зараз, — працягваць рабіць любімую музыку […], любіць сваю Радзіму, таму што я тут нарадзіўся, а яе, як нам з дзяцінства вядома, не выбіраюць; верыць Прэзідэнту і ў тое, што хутка наступяць мірныя часы».

Ездзіў у анексаваны Крым і трапіў пад санкцыі Украіны

Мот — сцэнічны псеўданім Матвея Мельнікава. Расійскаму рэперу 36 гадоў. Шырокую вядомасць ён атрымаў у тым ліку дзякуючы супрацоўніцтву з лейблам Black Star, артыстам якога быў з 2013 па 2022 год.

Яшчэ да паўнамаштабнага расійскага ўварвання ў выканаўцы ўзніклі праблемы з уездам ва Украіну. У 2017 годзе Мельнікава ўнеслі ў базу ўкраінскага сайта «Міратворац» праз выступленні ў анексаваным Расіяй Крыме.

У 2018 годзе Служба бяспекі Украіны забараніла яму ўезд у краіну на тры гады праз наведванне Крыма. У красавіку 2022 года ўкраінскія памежнікі зноў не прапусцілі Мельнікава ў краіну.

У кастрычніку 2022 года прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі сваім указам увёў супроць Мельнікава персанальныя санкцыі. У санкцыйным спісе ён апынуўся разам з іншымі расійскімі артыстамі і публічнымі асобамі.