У сацсетках і чатах Гродна распаўсюджваюцца паведамленні пра гібель і траўмы хатніх катоў у раёне Забалаці і Грандзічаў. Жыхары асцерагаюцца, што нехта наўмысна прычыняе шкоду жывёлам. Цяпер міліцыя праводзіць праверку па адным з выпадкаў. Каб высветліць абставіны, супрацоўнікі ініцыявалі эксгумацыю парэшткаў ката.

Пра сітуацыю расказала гродзенка ў Threads.

«Гродно, район Заболоть/Грандичи, у нас появился живодер!! Куча историй, связанных с животным. Не отпускайте своих питомцев одних на улицу. Мне теперь страшно…» — напісала яна.

Што расказваюць жыхары

Дзяўчына апублікавала скрыншоты, мяркуючы па ўсім, чата мікрараёна. Там уладальнік гадаванца расказаў, што знайшоў свайго ката мёртвым на суседнім участку. Паводле яго слоў, на целе быў роўны разрэз скуры, а слядоў укусаў ён не заўважыў. Аўтар паведамлення мяркуе, што жывёлу падкінулі ўначы: напярэдадні яе на тым месцы не было.

У іншых паведамленнях гаворыцца пра знікненне трох котак. Удзельнікі перапіскі таксама пераказваюць гісторыю пра мэйн-куна, які нібыта вярнуўся дадому з пашкоджаным языком. Адна з суразмоўніц напісала, што знаходзіцца ў міліцыі і падае заяву. Публікацыі з папярэджаннямі запоўнілі гродзенскі Threads.

Гэтыя звесткі пакуль не пацверджаныя вынікамі праверкі.

Міліцыя ініцыявала эксгумацыю парэшткаў ката

Пасля публікацый пра здарэнне з жывёлай міліцыя праводзіць праверку, паведамляе «Гродзенская праўда» ў Threads са спасылкай на прэс-службу УУС Гродзенскага аблвыканкама.

Каб высветліць абставіны, супрацоўнікі міліцыі ініцыявалі эксгумацыю парэшткаў ката, якога раней знайшлі гаспадары на суседнім участку. Пра вынікі праверкі абяцаюць паведаміць дадаткова. Пакуль у публікацыі не гаворыцца пра распачынанне крымінальнай справы або ўстанаўленне асобы, датычнай да здарэння.

«Цяпер жа паўсюль камеры»

Пад навіной «Гродзенскай праўды» карыстальнікі выказваюць трывогу і просяць знайсці вінаватых, калі пацвердзіцца, што жывёле наўмысна прычынілі шкоду.

«Сейчас же кругом камеры, и в частном секторе тоже много людей поставили…» — напісала адна з каментатарак.

Частка ўдзельнікаў абмеркавання асцерагаецца, што чалавек, які жорстка абыходзіцца з жывёламі, можа быць небяспечным і для людзей. Некаторыя патрабуюць строгага пакарання.

Хтосьці звяртае ўвагу на тое, што «нужно перестать пускать кошек и собак на самовыгул».

У каментарыях таксама выказваюць здагадкі пра сувязь з падобнымі гісторыямі ў іншых гарадах. Мяркуючы па каментарыях, падобныя выпадкі ўжо былі ў Мінску.

Адна з карыстальніц напісала: «На прошлой неделе было в Слониме, такой же почерк издевательств».

Раней у сацсетках пісалі пра «сухараўскага жывадзёра»

У кастрычніку ў сацсетках зноў пачалі абмяркоўваць Мікалая Кавалёва, вядомага як «сухараўскі жывадзёр». Нагодай сталі каментарыі з акаўнта з яго імем і фотаздымкам пад аб’явамі пра пошук новых гаспадароў для жывёл. Хто карыстаецца старонкай, невядома.

У 2022 годзе Кавалёва судзілі за жорсткае абыходжанне з жывёламі. Ён забіраў катоў і котак па аб’явах «у добрыя рукі», а затым пераставаў адказваць ранейшым уладальнікам і валанцёрам. Удалося даказаць гібель 14 жывёл, яшчэ адну котку выратавалі пасля таго, як суседзі пачулі крыкі і выклікалі міліцыю.

27 снежня 2022 года суд Фрунзенскага раёна Мінска прызначыў Кавалёву тры гады калоніі агульнага рэжыму. Паводле амністыі тэрмін скарацілі на год. Згодна з апублікаванай гісторыяй справы, пасля ён выйшаў на волю.

Пацвярджэнняў таго, што акаўнт вядзе сам Кавалёў, а таксама яго сувязі са здарэннем у Гродне няма.