Сабака Дэнвер, якога з сур’ёзнымі траўмамі знайшлі пад Гроднам, праходзіць лячэнне. Дэнвер есць і п’е, тым не менш стан у яго дастаткова цяжкі – можа спатрэбіцца аперацыя. Валанцёры арганізацыі “Спаси жизнь”, якія ўзялі сабаку пад апеку, распавялі ў Threads, што адбываецца з Дэнверам.
У Дэнвера гнояцца раны і пачынаецца некроз
Урачы гродзенскай ветэрынарнай клінікі – адзінай, дзе ёсць рэнтген і стацыянар – высветлілі, што ў Дэнвера зламаны пазваночнік. Сабаку вазілі ў Мінск, дзе стала зразумела, што ў яго яшчэ і разрыў спіннога мозгу. У страўніку ёсць косць, таму трэба рабіць складаную паражнінную аперацыю. Пры чым не ўсе валанцёры і лекары падзялялі меркаванне лячыць “спінальніка” – маўляў, яго прасцей усыпіць.
Аперацыю, якая была прызначаная на 28 верасня ў панядзелак, адмянілі. Таксама не рабілі эндаскапію – арганізм сабакі занадта слабы для яшчэ аднаго наркозу. Верагодна, замест аперацыі правядуць лапараскапію – дастануць костку праз маленькі пракол замест надрэзу.
Валанцёры пішуць, што Дэнвер «добра есць, п’е, яго не рве, у стуле няма крыві». Пры гэтым аналізы несуцяшальныя – мяркуючы па іх, у сабакі пачынаецца запаленне. Валанцёры мяркуюць, што прычына ў ранах, якія гнояцца і не рэагуюць на антыбіётык.
У панядзелак Дэнверу прызначылі новы антыбіётык. Калі і гэтыя лекі не дапамогуць, сабаку ўсё ж давядзецца праводзіць іншую аперацыю — будуць выдаляць некрозныя тканіны.
“У бліжэйшыя дні будзе таксама вырашацца пытанне з катэтэрам: будуць спрабаваць яго здымаць і глядзець, ці можа ён сам мачыцца”, – дадалі валанцёры.
Валанцёрам патрэбны грошы, а Дэнвер знайшоў ператрымку
Актывісты таксама даюць справаздачу аб траце грошай, сабраных на лячэнне Дэнвера. Яны ідуць на аплату кансультацый у ветэрынарнай клініцы, закупку корму, а таксама на лекі і сродкі догляду.
Валанцёры дадавалі, што некаторыя выдаткі не могуць пагашаць з разліковага рахунку – патрабуецца магчымасць безнаяўнай аплаты. Таму заклікаюць неабыякавых дапамагчы любой сумай. У асноўным жа фінансавы збор зачынены – у ім удзельнічалі 300 чалавек.
Тым часам самому Дэнверу патрабавалася ператрымка. Сабаку нельга было змясціць у гатэль для жывёл з-за яго стану. Людзей, якія пагадзіліся б узяць сабаку на ператрымку, валанцёры папярэджвалі, што спатрэбіцца «цалкам змяніць сваё жыццё, адмовіцца ад зоны камфорту і на першы час цалкам прысвяціць сябе сабаку». У перыяд, калі такога чалавека яшчэ не было, валанцёры разглядалі варыянт з усыпленнем Дэнвера.
Аднак у панядзелак стала вядома, што знайшлася сям’я, якая ўзяла сабаку пад апеку. Валанцёры дадаюць, што зараз Дэнвер знаходзіцца “ў любячых руках людзей, якія проста моўчкі забралі яго да сябе і 24/7 побач з ім праходзяць гэты складаны шлях да адталага”.
Валанцёры шукаюць сведкаў збіцця сабакі.
Што здарылася з Дэнверам?
Першыя паведамленні аб траўміраваным Дэнверы з’явіліся ў сацсетках 24 верасня. Меркавалася, што жывёліну збіла машына і яе пакінулі на абочыне каля вёскі Няцечы.
Гродзенка расказала, што людзі прыехалі на месца, аднак сабакі там ужо не было. Сляды крыві абрываліся каля травы. Пазней жывёлу ўсё ж знайшлі — сабака адпоўз прыкладна на кіламетр ад дарогі. Яго даставілі ў ветэрынарную клініку на абследаванне і рэнтген.
«У сабакі зламаны пазваночнік, дзірка на шыі, куля ў брушной поласці, хутчэй за ўсё, сам папісаць наўрад ці зможа, мачавы пузыр перапоўнены, мача застойная, у некаторых месцах ёсць некроз тканак, сабаку відавочна білі (гэта была не машына)», — напісала яна.
Міліцыя пачала праверку
У міліцыі пацвердзілі, што сабаку знайшлі каля вёскі Няцечы і пасля гэтага даставілі ў ветэрынарную клініку.
Цяпер супрацоўнікі міліцыі праводзяць праверку і высвятляюць абставіны здарэння. У ведамстве заявілі, што дзеянням вінаватых дадуць прававую ацэнку.
Там таксама нагадалі, што за жорсткае абыходжанне з жывёламі прадугледжана адміністрацыйная або крымінальная адказнасць.
Чытайце таксама: Гродзенскі сабака Барон зноў аб’явіўся – ён просіць аб падтрымцы



