Цяпер гіды і экскурсаводы Беларусі не маюць права дапускаць суб’ектыўных ацэнак і выказванняў, абавязаны мець бэйдж, а карыстацца тэлефонам падчас экскурсіі змогуць выключна для вырашэння рабочых пытанняў. Нацагенцтва па турызме вызначыла патрабаванні да экскурсаводаў – пастанова набудзе моц 22 кастрычніка.
Усяго ў пастанове пералічана 22 патрабаванні. Пры правядзенні экскурсій гіды абавязаны мець бэйджы або іх дублікаты, а падчас працы з турыстамі трэба фарміраваць уяўленне пра Беларусь як пра «прывабную краіну». Экскурсаводам таксама не дазваляецца дапускаць “суб’ектыўныя некарэктныя ацэнкі і выказванні” аб Беларусі і іншых дзяржавах. Калі падобныя выказванні дапусціць турыст, гід абавязаны спыніць такія паводзіны.
Ад супрацоўнікаў таксама патрабуюць ведаць асновы ідэалогіі беларускай дзяржавы і ўкараняць кірункі ідэалагічнай працы ў сваёй прафесійнай дзейнасці.
У новай пастанове зазначаецца, што выкарыстоўваць мабільны тэлефон падчас экскурсіі можна толькі для вырашэння рабочых пытанняў. Таксама трэба выключаць “любыя формы правакацыі” ў вопратцы і вонкавым абліччы.
Калі экскурсавода выкліча орган, які выдаваў яму атэстат, трэба абавязкова з’явіцца ва ўстаноўлены тэрмін. Калі зрабіць гэтага не ўдалося, трэба падрыхтаваць пісьмовае апавяшчэнне з указаннем прычыны.
Яно дзейнічае на дамовы, заключаныя з 24 верасня 2026 года.
Працаваць гідам у Беларусі ўсё складаней
З 1 студзеня 2023 года пачалі дзейнічаць новыя правілы экскурсійнага абслугоўвання. Экскурсаводы і гіды-перакладчыкі павінны праходзіць адпаведную атэстацыю. Падчас работы яны абавязаны мець пры сабе пералік тэм экскурсій, якія абаранілі перад камісіяй. Атэставаным экскурсаводам выдаюць бэйдж, які дзейнічае пяць гадоў.
У 2024 годзе экскурсаводам і гідам-перакладчыкам у Беларусі забаранілі займацца экскурсійнай дзейнасцю, калі раней іх судзілі па «палітычным» артыкуле – нават калі з іх знялі судзімасць або спынілі пераслед.
У той жа час колькасць экскурсаводаў у вобласці з 2021 па 2025 гады вырасла з 122 да 161. Па стане на люты 2025 года ў Гродне працаваў 81 экскурсавод, 16 – у Навагрудскім раёне і 14 – у Лідскім.
Па колькасці экскурсаводаў Гродзенскую вобласць чатыры гады запар у Беларусі апярэджвае толькі Мінск.
Читайте также: Гіды Гродна прапануюць палепшыць горад для турыстаў – вось іх ідэі


