Улады хочуць, каб турысты прыязджалі ў Навагрудскі раён не на некалькі гадзін, а заставаліся на ноч. Для гэтага да канца 2026 года плануюць адкрыць дзве новыя гасцініцы агульнай умяшчальнасцю да 115 чалавек. Таксама ў раёне хочуць ствараць кемпінгі і намётавыя мястэчкі.

Пра планы распавёў старшыня Навагрудскага райвыканкама Сяргей Чаркоўскі.

Гатуюць новыя месцы для начлегу

Цяпер мясцовыя ўлады Навагрудскага раёна працуюць над павелічэннем колькасці месцаў для пражывання турыстаў. Паводле Чаркоўскага, да адкрыцця рыхтуюць некалькі гасцініц. Два новыя аб’екты плануюць запусціць да канца 2026 года. Разам яны змогуць прыняць да 115 чалавек.

Праўда, дзе менавіта — у раёне ці ў самім Навагрудку — адкрыюцца гасцініцы, старшыня Навагрудскага райвыканкама не ўдакладніў.

Раней улады таксама расказвалі пра планы адкрыць у Навагрудку новыя гасцініцы і ўстановы грамадскага харчавання.

У 2025 годзе раён наведалі каля 72 тыс. чалавек

У 2025 годзе ў Навагрудскім раёне налічылі каля 72 тыс. турыстаў. У райвыканкаме адзначаюць, што гэта толькі тыя госці, якіх удалося ўлічыць.

Раней паведамлялася, што толькі за першае паўгоддзе 2026 года Навагрудскі замак наведалі больш за 12 тыс. чалавек. Гэта амаль на траціну больш, чым за такі ж перыяд годам раней.

У Навагрудак прыязджаюць турысты з Расіі і іншых краін СНД, Еўрасаюза і Кітая. Аднак многія праводзяць у горадзе ўсяго некалькі гадзін. Таму адна з задач мясцовых уладаў — стварыць умовы, каб госці заставаліся на ноч.

Турыстам прапануюць кемпінгі, маршруты і фестывалі

Таксама ў планах — стварыць у раёне кемпінгі і намётавыя мястэчкі. Турыстам плануюць прапаноўваць медыцынскія і б’юці-паслугі, новыя маршруты і фестывалі.

Паводле Чаркоўскага, долю турызму ў эканоміцы раёна хочуць давесці да 3% па выніках 2026 года, а да канца пяцігодкі — да 7,5%.

Хацелі стварыць горад-музей

Планы па развіцці турызму ў Навагрудку гучаць не ўпершыню. Раней улады заяўлялі, што хочуць ператварыць яго ў горад-музей, галоўнымі пунктамі прыцягнення якога стануць Навагрудскі замак і музей яўрэйскага супраціву. У 2025 годзе на рамонт вуліц і дарог, абнаўленне фасадаў і добраўпарадкаванне горада выдзелілі 12 млн рублёў.

Пры гэтым адзначалася, што месцаў для начлегу ў горадзе няшмат: у Навагрудку працуюць тры невялікія гасцініцы — «Навагаз», «Гражына» і «Крокус», а гасцініцы «Панскі дом» і «Навагрудак» зачыненыя.

Таму многія турысты праводзяць у Навагрудку некалькі гадзін, а начаваць едуць у Ліду ці Баранавічы.