У Гродне да навагодніх святаў рыхтуюць шэсце з вялізнымі падарункавымі каробкамі, дзве рэзідэнцыі Дзеда Мароза і кінамарафон пад адкрытым небам. Першыя мерапрыемствы запланаваныя на сярэдзіну снежня, а ў навагоднюю ноч на плошчы Леніна абяцаюць дыскатэку да раніцы. Падрыхтоўку святаў абмеркавалі на пасяджэнні аргкамітэта ў гарвыканкаме.

14 снежня — адкрыццё маёнтка Дзеда Мароза

У Цэнтры рамёстваў «Спадчына» на вуліцы Рэйманта, 12 адкрыюць «Гарадскі маёнтак Дзеда Мароза». Пачатак — у 16:00. У дзень адкрыцця ўваход будзе бясплатным, паведамляе гарадскі цэнтр культуры.

Для дзяцей і бацькоў рыхтуюць сустрэчы з навагоднімі персанажамі, карагоды каля ёлкі і квесты. У рамеснікаў можна будзе выбраць падарункі.

15 снежня — навагоднія агні і парад падарункаў

На Савецкай плошчы 15 снежня пройдзе свята запальвання навагодніх агнёў «Чароўныя ліхтарыкі». Тут рыхтуюць тэатралізаванае прадстаўленне са светлавымі эфектамі. Пасля яго пачне працаваць «Навагодні церам Дзеда Мароза».

У гэты ж дзень па горадзе пройдзе «Навагодні парад падарункаў». Машыны павязуць вялізныя яркія каробкі з бантамі, а ўдзельнікі шэсця панясуць вялікія ледзянцы, мандарыны і цукеркі. Паводле задумы арганізатараў, калона павінна ператварыцца ў «жывы паток падарункаў».

Шэсце завершыцца на плошчы Леніна. Там запаляць галоўную гарадскую ёлку і правядуць канцэрт.

У навагоднюю ноч — савецкія фільмы, феерверк і танцы

У ноч з 31 снежня на 1 студзеня на плошчы Леніна зладзяць «Навагодні КінаМарафон» — будуць паказваць савецкія фільмы.

У праграме таксама выступленні артыстаў, навагодняе віншаванне прэзідэнта і феерверк. Завершыцца святкаванне дыскатэкай, якая працягнецца да раніцы.