Саюз палякаў Беларусі (СПБ), чыя дзейнасць не прызнаецца афіцыйным Мінскам ужо больш за два дзесяцігоддзі, можа атрымаць шанец на легалізацыю. Пра гэта ў эфіры TVP Wilno заявіла старшыня арганізацыі Анжаліка Борыс. Магчымасць вяртання СПБ у прававое поле абмяркоўвалася на пашыраным пасяджэнні Галоўнай рады Саюза, якое прайшло ў Беластоку 6 верасня.

“Галоўная рада Саюза палякаў, якая сабралася ў Беластоку, упаўнаважыла мяне прадпрымаць дзеянні, звязаныя з легалізацыяй дзейнасці. У мяне ёсць сігналы, якія кажуць пра тое, што існуюць магчымасці для таго, каб дзейнасць Саюза палякаў магла быць легальнай, магла функцыянаваць у прававым полі ў Беларусі”, — паведаміла Борыс.

Старшыня падкрэсліла, што легалізацыя залежыць ад прамых кантактаў паміж Мінскам і Варшавай. Саюз не плануе прадпрымаць самастойных крокаў без афіцыйнага пацверджання намераў бакоў ад польскага ўрада.

Характарызуючы магчымыя перамовы, Барыс адзначыла: “Гэта вельмі складаная справа, вельмі далікатная, і, я думаю, якая патрабуе таксама даверу, надзейнасці і такіх дробных дыпламатычных крокаў”.

Раней планавалася, што чарговы з’езд арганізацыі пройдзе ў Гродне 13 верасня 2026 года. Аднак Галоўная рада прыняла рашэнне перанесці з’езд на вясну 2027 года з меркаванняў бяспекі ўдзельнікаў. Барыс патлумачыла, што правядзенне маштабнага мерапрыемства з удзелам каля 200 дэлегатаў ва ўмовах адсутнасці афіцыйнага статусу стварала прамую пагрозу для людзей. Паводле дзейнага заканадаўства Беларусі, за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі актывістам пагражае крымінальная адказнасць і турэмны тэрмін ад трох гадоў.

«Я павінна была браць пад увагу перш за ўсё бяспеку людзей, а таксама тое, што нам, вядома, не патрэбна канфрантацыя. Мы павінны ісці маленькімі крокамі, сачыць за сваімі справамі як меншасць. Я не магла дапусціць, каб з кімсьці нешта здарылася».

Паўпадпольная, але маштабная праца

Нягледзячы на шматгадовую адсутнасць афіцыйнага статусу, Саюз палякаў Беларусі працягвае весці шырокую дзейнасць. На сённяшні дзень арганізацыя падтрымлівае працу 53 цэнтраў вывучэння польскай мовы. Сюды ўваходзяць грамадскія школы, індывідуальныя заняткі і анлайн-навучанне, у якіх займаюцца больш за 3000 дзяцей, а таксама іх бацькі. Пры школах функцыянуюць польскія тэатральныя і вакальныя калектывы.

“Нашым прыярытэтам з’яўляецца польская адукацыя і захаванне тых цэнтраў навучання, якія нам удалося рэанімаваць за апошнія гады. Гэта перш за ўсё распаўсюджванне польскай культуры, вывучэнне мовы – гэта прыярытэт”, – кажа Барыс.

У структуры Саюза таксама дзейнічаюць універсітэт трэцяга ўзросту для пажылых людзей і Таварыства аховы месцаў памяці. Актывісты арганізацыі на рэгулярнай аснове даглядаюць гістарычныя пахаванні. Нядаўна ў рамках Дня Войска Польскага валанцёры наведалі мемарыялы ў Мінскай і Гродзенскай абласцях, запалілі каля 2000 памінальных свечак.

“На маю думку, на тэрыторыі Беларусі проста павінен быць легальны партнёр, які будзе весці гэтыя справы з беларускімі ўладамі — гэта вельмі важна, бараніць інтарэсы польскай меншасці», — мяркуе Анжаліка Борыс.

У выпадку легалізацыі саюз плануе афіцыйна падняць пытанні аб вяртанні паўнавартаснага навучання на польскай мове ў школах Гродна і Ваўкавыска, абмеркаваць вяртанне маёмасці арганізацыі (уключаючы Польскія дамы), а таксама легалізаваць выданне свайго культурна-асветніцкага часопіса «Magazyn Polski».

“Я мару, каб можна было легальна яго (часопіс – Hrodna.life) проста ўзяць у руку і чытаць — і пра Ажэшку, пра Міцкевіча, аб Вільні, аб Варшаве. Гэта вельмі важна для палякаў, якія сёння жывуць у Беларусі».

Вяртанне Анджэя Пачобута ў Беларусь

Важным кантэкстам для магчымых зменаў у стасунках Мінска і Варшавы стала вызваленне і наступнае вяртанне ў Беларусь аднаго з лідараў польскай меншасці, журналіста і актывіста СПБ Анджэя Пачобута.

Пачобута затрымалі ў Гродне 25 сакавіка 2021 года і пазней абвінавацілі ў распальванні міжнацыянальнай варожасці. Ён правёў у зняволенні пяць гадоў. 28 красавіка 2026 года ў выніку міжнародных дыпламатычных намаганняў яго вызвалілі і вывезлі ў Польшчу. Аднак актывіст пагадзіўся на выезд толькі пры ўмове магчымасці вярнуцца на радзіму.

8 верасня 2026 года Анджэй Пачобут перасёк польска-беларускую мяжу і прыехаў у Гродна. Актывіст плануе правесці ў Беларусі тыдзень, каб сустрэцца з сям’ёй і падтрымаць Саюз палякаў сваёй прысутнасцю.

Перад перасячэннем мяжы Пачобут прызнаўся, што мае апасенні, але лічыць, што новае турэмнае зняволенне цяпер нявыгадна афіцыйнаму Мінску. На яго думку, беларускія ўлады спрабуюць зрабіць крокі па “размарожванні” адносін з Захадам, і яго паўторны арышт супярэчыў бы гэтай мэце. Пасля тыднёвага візіту ў Беларусь Пачобут плануе вярнуцца ў Польшчу, а затым адправіцца ў паездку ў ЗША і Канаду для сустрэч з палітыкамі і прадстаўнікамі польскай дыяспары.

“Сітуацыя вельмі складаная, і Саюз палякаў дзейнічае ў прасторы цяжкай палітычнай сітуацыі, такога недаверу. Мы вельмі рады, што наш калега Анджэй Пачобут на волі, рады таму, што нікога з дзеячаў Саюза палякаў за апошнія гады не закранулі вострыя рэпрэсіі, што мы можам навучаць польскай мове, што з’яўляецца для нас прыярытэтам», — сказала ў эфіры TVP Wilno Анжаліка Борыс.