Маламабільная жыхарка Смаргоні папрасіла мясцовыя ўлады ўсталяваць лаўку непасрэдна каля крамы «Марцін». Зварот паступіў 29 жніўня падчас прамой лініі ў райвыканкаме, якую праводзіў намеснік старшыні райвыканкама Ігар Шчасны.

Усяго чыноўніку патэлефанавалі чатыры чалавекі. Яны пыталіся пра стан дарожнага пакрыцця, прасілі вырашыць праблему з вулічным асвятленнем у вёсцы Ардашы і ўсталяваць лаўку каля «Марціна».

Пасля прамой лініі профільным службам далі даручэнні прыняць неабходныя меры па ўсіх зваротах.

Раёнка вырашыла праверыць, ці хапае лавак

Праз тыдзень раённая газета «Светлы шлях» прысвяціла артыкул лаўцы каля супермаркета.

Аўтар артыкула ў раённай газеце назваў зварот жанчыны «нечаканым запытам» на фоне пытанняў, якія, на яго думку, сапраўды патрабуюць аператыўнай рэакцыі дзяржаўных службаў.

Ён адправіўся да крамы і пацвердзіў, што непасрэдна каля ўваходу ў «Марцін» лаўкі няма. У публікацыі таксама прызналі: калі маламабільным людзям або пенсіянерам неабходна паставіць сумкі, перакласці пакупкі або адпачыць адразу пасля выхаду з крамы, просьба выглядае зразумелай і абгрунтаванай.

Аднак затым аўтар вывучыў увесь шлях ад «Марціна» да «Еўраопта». Насупраць першай крамы, на аўтобусным прыпынку, ён выявіў дзве лаўкі. Яшчэ адна знаходзіцца прыкладна за 100 метраў пад дрэвам, наступная — на прыпынку каля аўтазапраўкі. Дзве лаўкі ўсталяваныя каля «Еўраопта».

Усяго аўтар налічыў шэсць лавак на ўчастку даўжынёй каля 600 метраў.

Жанчыне прапанавалі больш уважліва глядзець па баках

На падставе падлікаў раёнка прыйшла да высновы, што дадатковая лаўка на гэтым маршруце не патрэбная. Артыкул завяршылі парадай на адрас жанчыны, якая звярнулася:

«Перш чым падымаць пытанне на ўзроўні райвыканкама, можа, варта проста агледзецца па баках?»

Чытачы падтрымалі просьбу жанчыны

У каментарыях у Instagram газеты чытачы не пагадзіліся з высновамі аўтара. Яны адзначылі, што лаўкі патрэбныя пажылым людзям і тым, хто вяртаецца з крамы з цяжкімі сумкамі.

«Добрая ідэя з лаўкамі, там і сапраўды доўгі ўчастак шляху з Маладзёжнага. Пажылым і з цяжкімі сумкамі было б зручна», — напісала адна з карыстальніц.

Іншыя жыхары звярнулі ўвагу на адсутнасць абсталяванага прыпынку з боку «Марціна». Паводле слоў аднаго з каментатараў, пасажырам няма дзе схавацца падчас дажджу:

«Ужо неаднаразова было: выйшаў з аўтобуса, ідзе лівень, а схавацца няма дзе. Патрэбны крыты прыпынак, як каля “Цеплахоладу”».

Яшчэ адна чытачка наўпрост раскрытыкавала тон публікацыі:

«Аўтару гэтага артыкула яшчэ не 70+, каб адчуць на сабе, як цяжка бабулям без лавак. Людзі звяртаюцца: патрэбныя лаўкі, хіба складана ўсталяваць? Ці ў чым прычына?»