Улады Гродна перасталі заключаць дамовы з кампаніямі, якія даюць ровары напракат. Прычынай сталі скаргі гараджан на беспарадак на велапаркоўках. Аднак у гарвыканкаме сцвярджаюць, што гэта не канчатковая забарона.

Што адбылося з пракатнымі роварамі, патлумачыў старшыня Гродзенскага гарвыканкама Андрэй Хмель, паведамляе БЕЛТА.

Пракатчыкі не заўсёды падтрымлівалі парадак

Паводле слоў Андрэя Хмеля, уладальнікі пракатаў абяцалі сачыць за ўсімі велапаркоўкамі і падтрымліваць там парадак. Аднак гэтыя дамоўленасці выконвалі не заўсёды. Гараджане неаднаразова скардзіліся на беспарадак у месцах, дзе пакідалі пракатныя ровары.

Старшыня гарвыканкама адзначыў, што для турыстычнага Гродна важныя знешні выгляд горада і камфорт яго жыхароў. Таму ўлады пакуль вырашылі не заключаць дамовы з кампаніямі, якія даюць ровары напракат.

Пры гэтым Андрэй Хмель падкрэсліў, што пра канчатковую забарону гаворка не ідзе. Калі ад жыхароў паступіць вялікая колькасць зваротаў з просьбай вярнуць пракат, гарадскія ўлады гатовыя зноў абмеркаваць гэтае пытанне.

Для параўнання, у 2022 годзе ў Гродне працавала не менш за пяць стацыянарных пунктаў пракату ровараў.

Толькі ў «ВелаСтарта» было пяць пунктаў у розных раёнах горада. Узяць ровары напракат таксама можна было ў Пышках, школе алімпійскага рэзерву і іншых арганізацыях.

Акрамя таго, у горадзе працаваў байкшэрынг Kolobike: жоўтыя ровары можна было знаходзіць і арандаваць праз мабільную праграму. Кошт пракату пачынаўся ад 2,5 рубля за паўгадзіны, а паездка на байкшэрынгавым ровары каштавала адзін рубель за старт і пяць капеек за кожную наступную хвіліну.

Раней улады адмовіліся ад пракату электрасамакатаў

Вясной 2026 года ў Гродне таксама адмовіліся ад пракату электрасамакатаў. Тады рашэнне патлумачылі шматлікімі скаргамі пешаходаў і пытаннямі бяспекі.

На сайце тэлеканала «Гродна Плюс» праводзілі апытанне, у якім узялі ўдзел каля 2000 чалавек. Паводле слоў Андрэя Хмеля, 72% тых, хто прагаласаваў, выказаліся супраць пракату.

Абмежаванне не датычыцца асабістых ровараў і электрасамакатаў: карыстацца імі ў горадзе можна з захаваннем Правілаў дарожнага руху.

Веламаршруты працягнуць развіваць

Нягледзячы на адмову ад пракату, улады абяцаюць развіваць роварную інфраструктуру. Новы маршрут плануюць пракласці па вуліцы Суворава ў бок Юбілейнага возера. У Пышках хочуць асвятліць веладарожкі, а новыя шляхі для раварыстаў прадугледжаныя і ў праекце рэканструкцыі набярэжнай Нёмана.

Праўда, ствараць новыя веламаршруты ў гістарычным цэнтры Гродна не плануюць. Паводле слоў Андрэя Хмеля, зрабіць гэта практычна немагчыма праз вузкія вуліцы і тратуары. Акрамя таго, улады ўлічваюць рост патоку турыстаў.

І, паводле яго слоў, раварысты і карыстальнікі сродкаў персанальнай мабільнасці могуць ствараць нязручнасці для пешаходаў. Таксама ў горадзе працягваюць паніжаць бардзюры.