У новым навучальным годзе ў Гродне сфарміравалі два першыя класы з беларускай мовай навучання. У школе № 34 у такі клас пайшлі пяць дзяцей, у школе № 32 — 11. Агулам па-беларуску будуць вучыцца 16 гродзенскіх першакласнікаў, што складае толькі 0,18% ад іх агульнай колькасці.

Дзе адкрылі беларускамоўныя класы

Беларускамоўны першы клас з пяці вучняў адкрылі ў сярэдняй школе № 34 у Кастрычніцкім раёне. Пра гэта паведаміла «Гродзенская праўда». Паводле выдання, бацькі яшчэ могуць падаць заяву, каб іх дзіця далучылася да класа.

Яшчэ адзін клас з беларускай мовай навучання сфарміравалі ў сярэдняй школе № 32 імя Ц. Р. Ларыёнавай у Ленінскім раёне. У ім будуць займацца 11 дзяцей.

У абедзвюх школах беларускамоўныя класы адкрывалі і раней. Напрыклад, у 2025/2026 навучальным годзе школу № 34 скончылі восем дзевяцікласнікаў, якія вучыліся па-беларуску.

Усе асноўныя прадметы будуць выкладаць па-беларуску

У школе № 34 усе асноўныя прадметы, асабліва ў пачатковых класах, будуць весці на беларускай мове. Вучняў цалкам забяспечылі неабходнымі падручнікамі і дапаможнікамі.

Для некаторых заняткаў невялікі беларускамоўны клас могуць аб’ядноўваць з паралельнымі класамі. Напрыклад, гэта датычыцца фізкультуры, для якой патрэбна большая група дзяцей.

Адміністрацыя школы сцвярджае, што ва ўстанове ёсць педагогі, якія могуць выкладаць усе прадметы па-беларуску. Першы клас будзе весці настаўніца Алена Серак, якая мае такі досвед.

Беларускія класы скарачаюцца

«Гарадзенская праваабарона» звярнула ўвагу, што ў горадзе з насельніцтвам 363 тыс. чалавек у беларускамоўныя першыя класы пайшлі толькі 16 дзяцей.

Усяго ў першыя класы школ Гродна сёлета пайшлі больш за 9 тыс. дзяцей. Калі зыходзіць з гэтай лічбы, навучацца па-беларуску будзе  менш за 0,18% першакласнікаў — прыкладна двое з кожнай тысячы.

Праваабаронцы таксама параўналі сітуацыю з 1994 годам. На той момант у Гродне было 30 школ, а беларускамоўныя класы працавалі прыкладна ў палове з іх.