Моцны лівень у суботу 1 жніўня затапіў вуліцы, падземныя пераходы і некаторыя ўстановы ў Гродне. Рух транспарту быў парушаны, пацярпелі аўто. Улады прызналі, што ліўнеўка не справілася з нагрузкай.

Лівень абрушыўся на Гродна ўвечары. Ападкі былі кароткачасовымі, але вельмі моцнымі. За час залевы ў гарадскі аддзел МНС паступіла больш за 200 зваротаў. 

«Наступствы залевы істотныя»

Увечары суботы Гродзенскі гарвыканкам апублікаваў зварот да гараджан. Улады паведамілі, што наступствы залевы аказаліся істотнымі: затапіла вуліцы, пешаходныя пераходы і аўто, якія знаходзіліся ў нізінных частках горада.

Спецыялісты пачалі адпампоўваць ваду з найбольш крытычных кропак, а таксама ачысцілі ліўнеўкі ад смецця, каб вада сцякала хутчэй.

Што адбылося ў Гродне ў суботу з-за ліўняў?

Патоп у «Урбанисте» і іншых падвальных установах

Бару «Урбанист», які размешчаны на падвальным паверсе, прыйшлося закрыцца. У Threads гродзенцы публікавалі відэа з затопленым барам — мяркуючы па роліках, узровень вады дайшоў да паловы ўваходных дзвярэй.

Пад адным з пастоў карыстальнік напісаў, што наступствы патопу ўстранілі даволі хутка.

Дадатковай інфармацыі, калі ўстанова зноў пачне працу, у сацсетках «Урбаниста» пакуль не з’явілася.

Таксама вадой заліло падвальны гастрабар “Библиотека” на Калючынскай, 21. У сацсетках установы з’явіўся ролік, дзе бачна, што патокі вады сцякаюць нават па сталах. Таму ў суботу ўстанове прыйшлося закрыцца.

Уначы адпампоўвалі ваду і з бара “Бухта” на вул. Віленская, 6. У пастах гараджан з’яўлялася інфармацыя, што “бар проста сышоў пад ваду”.

"Гродна паплыў". Паўгадзінны лівень стаў прычынай самага вялікага за апошнія гады патопу ў горадзе
Улады прыехалі ва ўстановы на Маставой, якія пацярпелі ад непагадзі. Фота: Telegram-канал Гродзенскага гарвыканкама

Аўто плавалі па вуліцах

У Threads іншая карыстальніца апублікавала здымкі гродзенскіх вуліц – на іх відаць, што аўто і прыступкі пад’ездаў заліты вадой. “У нас у Гродне ўсё плавае, вось гэта была залева”, — напісала жанчына.

Водны паток зрываў нумары аўто. Раніцай нядзелі ў тэматычных Telegram-групах пачалі з’яўляцца аб’явы аб страчаных нумарах.

Пры гэтым затапіла не толькі традыцыйныя нізінныя месцы, якія кожнае лета пакутуюць ад патопаў. Пад вадой апынуліся мікрараёны: Паповіча, Ласосна, Форты, Грандзічы, Савецкіх Пагранічнікаў, Фолюш і іншыя. Спыняўся рух на Старым мосце. У некаторых месцах размыла тратуар. У гандлёвым цэнтры Old City вада біла фантанам з-пад падлогі ў гандлёвай зале.

Таксама затапіла падземны пешаход па вул. Горкага – раніцай нядзелі ваду адпампоўвалі з дапамагой спецыяльнай тэхнікі.

"Гродна паплыў". Паўгадзінны лівень стаў прычынай самага вялікага за апошнія гады патопу ў горадзе
Затоплены пераход раніцай нядзелі. Фота: Telegram-канал Гродзенскага гарвыканкама

Гараджане самі здымалі ліўнеўкі, каб паскорыць спад вады

Яшчэ адзін гараджанін паведаміў у сацсетках, што мікрараён Форты “ператварыўся ў вадасховішча”. Гродзенец дадаў, што праблема так і не вырашылася, калі б “нейкі хлопец проста не зняў ліўнеўкі і не паскорыў сход вады”.

Уладам горада прыйшлося прызнаць, што з-за моцных ападкаў ліўнеўкі проста не справіліся з адводам вады.

Тапіла не толькі вуліцы, але і пад’езды

Жыхарка дома ў мікрараёне Грандзічы апублікавала відэа з наступствамі непагадзі – пад’езд заліло вадой. На роліку відаць, як вада сцякае па сценах і лесвіцах, заліло падлогу ў ліфта. Мяркуючы па відэа, гэта новабуд.

«У новабудоўлях Грандзіч, у некаторых дамах людзям кватэры тапіла і ад простага касога дажджу. Прайшоў дожджык і на наступную раніцу, з таго боку куды вецер дзьмуў, на стыках пліт, у людзей шпалеры адвальвацца пачыналі… А тут такое… Шчыра вам спачуваю», — напісала адна з каментатарак.

Гродзенцы перажываюць з-за жывёлін

Асобная праблема, пра якую паведамілі адразу некалькі гараджан у сацсетках – бяздомныя жывёлы, якія знаходзіліся ў падвалах і на вуліцах горада. Гродзенцы перажываюць, што каты і сабакі маглі не перажыць такі моцны патоп.

Ноччу чыноўнікі выехалі ў горад

Старшыня Гродзенскага гарвыканкама Андрэй Хмель, кіраўнікі ЖКГ і супрацоўнікі МНС уначы аглядзелі наступствы непагадзі.

Чыноўнікі пабывалі на гарадской набярэжнай, каб праверыць стан мастоў. Таксама адправіліся на вуліцу Маставую: агледзелі пацярпелыя ўстановы, пагутарылі з уладальнікамі і зафіксавалі маштабы пашкоджанняў.

Што цяпер?

Раніцай нядзелі ўлады паведамілі, што супрацоўнікі ЖКГ і МНС устраняюць наступствы непагадзі: расчышчаюць горад і адпампоўваюць ваду. Мясцовыя прадпрыемствы падалі спецтэхніку – усяго задзейнічана больш за 50 машын і каля 300 спецыялістаў.

Улады дадаюць, што камунальныя службы будуць працаваць у кругласутачным рэжыме да поўнага ўстаранення наступстваў залевы.