У Аляксандра Богдана 15-гадовы стаж працы механізатарам. Мужчына працаўладкаваны ў сельгаспрадпрыемстве ААТ “Дэмбрава” пад Шчучынам і праходзіць медыцынскую экспертызу ў Гродне, каб атрымаць допуск да працы. Медыкі плануюць забараніць Аляксандру садзіцца за руль – усё таму, што ў яго пратэз замест нагі, піша газета «Дзянніца».
Аляксандр страціў частку нагі ў 18-гадовым узросце. Мужчына аднавіўся і навучыўся хадзіць на пратэзе. Апошнія 15 гадоў ён водзіць трактар і сцвярджае, што нагрузка на нагу – мінімальная. Пры гэтым займацца іншай дзейнасцю, напрыклад, працаваць паляводам ці жывёлаводам, Аляксандру будзе няпроста. Хаця ў яго ёсць адукацыя юрыста, якую ён атрымаў у Лідскім аграрным каледжы.
«А калі ўвесь працоўны дзень праводзіць на нагах, ды яшчэ насіць цяжкасці – мне гэта будзе не па сілах», – кажа мужчына.
Разам з жонкай Аляксандр выхоўвае трох дзяцей, малодшай – два гады. Мужчына сам утрымлівае сям’ю, таму баіцца страціць працу. Тым не менш, пасля праходжання медэкспертызы ў Гродне беларус занепакоіўся – медыкі маюць намер забараніць яму садзіцца за руль трактара. Кажа, урачы тлумачаць гэта тым, што выйшла новая пастанова, згодна з якой вадзіць трактар з пратэзам нельга.
Калегі падтрымліваюць беларуса і адзначаюць яго прафесійныя заслугі. Сам жа Аляксандр ужо звярнуўся да кіраўнікоў розных узроўняў, але сітуацыя пакуль не вырашылася.
“Спадзяюся, я змагу і далей працаваць на трактары. Бо ў любым правіле бываюць выключэнні. Тым больш, што свае магчымасці я ўжо дэманструю на працягу 15 гадоў. Нельга пазбаўляць чалавека любімай справы», – адзначае Аляксандр.
Што за пастанова, на якую спасылаюцца медыкі?
У пераліку Міністэрства аховы здароўя ад верасня 2022 года сапраўды апісваюцца захворванні і супрацьпаказанні, пры якіх нельга кіраваць механічным транспартам.
Пры ампутацыі адной з ніжніх канечнасцяў магчымасць допуску да кіравання аўта залежыць ад таго, якая менавіта частка ступні і нагі адсутнічае. У некаторых выпадках пры наяўнасці пратэза вадзіць машыны катэгорыі B, C і D усё роўна можна.
Гродзенец спрабаваў атрымаць правы ў Беларусі – і ў выніку зрабіў іх у Расіі
Гродзенец Аляксандр Зімін з ДЦП некалькі гадоў спрабаваў атрымаць у Беларусі медыцынскую даведку для правоў кіроўцы. Прычынай адмовы ў прадстаўленні дакумента стаў дыягназ беларуса, хаця да гэтага ён вадзіў аўто.
Мужчына некалькі гадоў спрабаваў абскардзіць рашэнне вышэйшага органа – Цэнтра рэабілітацыі, але ў яго нічога не атрымлівалася. У выніку правы “без шуму, пылу і нерваў” Аляксандр атрымаў у Расіі.
Чытайце таксама: З выхавацелькі – у прадпрымальніцы. Жыхарка Зэльвы адкрыла ў цэнтры мястэчка кавярню і плануе пашырацца



