У Нацыянальным музеі Даніі захоўваецца маленькі залаты крыж, які ўжо некалькі стагоддзяў называюць Крыжом Дагмар. Паводле традыцыйнай версіі, ён належаў дацкай каралеве Дагмар, якая памерла ў 1212 годзе. Але гэтая атрыбуцыя можа быць вынікам памылкі XVII стагоддзя. Яшчэ ў 1978 годзе былая дырэктарка Нацыянальнага музея Даніі Фрыцэ Ліндаль прапанавала іншую версію: крыж мог трапіць у Данію з беларускіх земляў разам з Сафіяй Мінскай — беларускай князёўнай, якая ў XII стагоддзі стала каралевай Даніі.
Мы не можам сёння безапеляцыйна заявіць, што дакладна ведаем гісторыі з’яўлення гэтага крыжа. Але аргументаў на карысць «беларускага следу» ў гісторыі дацкай рэліквіі аказалася дастаткова, каб разглядаць яго як сур’ёзную навуковую гіпотэзу. Аргументы на яе карысць сабрала некалькі гадоў таму гісторык Лізавета Дубінка-Гушча ў артыкуле для часопіса “Journal of Belarusian Studies”. Яна супаставіла дацкія і беларускія крыніцы, а яшчэ звярнула ўвагу на падабенства Крыжа Дагмар да Крыжа Еўфрасінні Полацкай.
Сцісла пераказваем гэтае даследаванне.
Каб актуалізаваць гісторыю дацкага крыжа, які можа мець беларускія карані, беларусы замежжа ладзяць “пірацкую экспедыцыю” ў Капенгаген, да якой далучаецца і Hrodna.life. Частка праекта – стварэнне дакладнай копіі рэліквіі, якая застанецца ў беларусаў.
«Крыж Дагмар», які маглі знайсці не ў магіле Дагмар
Крыж Дагмар — невялікі залаты крыж-рэлікварый (такія крыжы таксама называюць энкалпіёнамі), аздоблены перагародкавай эмаллю. Сёння ён лічыцца адным з вядомых дацкіх гістарычных сімвалаў. Аднак назва, пад якой яго ведаюць цяпер, з’явілася праз некалькі стагоддзяў пасля вырабу самога прадмета.


Крыж знайшлі ў 1680-я гады ў саборы Святога Бента ў Рынгстэдзе, дзе пахаваныя прадстаўнікі дацкай каралеўскай дынастыі. Святар Крысціян Бліхфельт прыпісаў знаходку каралеве Дагмар — багемскай прынцэсе, першай жонцы караля Вальдэмара II. Нават у крыніцах гэтая атрыбуцыя апісваецца як зробленая няўпэўнена.
Праблема ў тым, што побач з магілай Дагмар знаходзілася магіла іншай каралевы — Рыксы, дачкі Сафіі Мінскай.
Падчас работ Бліхфельта пахаванне Рыксы было разбурана, а змесціва суседніх магіл перамяшалася. На думку Фрыцэ Ліндаль, святар мог проста не ведаць дастаткова пра Рыксу. Затое Дагмар была добра вядомая ў дацкай традыцыі і народных песнях. Таму знойдзены прыгожы эмалевы крыж ён мог звязаць менавіта з ёй.
Каля 1695 года артэфакт трапіў у Каралеўскую кунсткамеру, якая пазней стала часткай Нацыянальнага музея. З таго часу за ім і замацавалася назва Крыж Дагмар. Але дакладнае паходжанне прадмета застаецца дыскусійным.
Як дачка мінскага князя стала каралевай Даніі і пра чым тут «Крывавы баль»
Каб зразумець іншую версію паходжання крыжа, трэба спачатку разабрацца, кім была Сафія Мінская.
Сафія была дачкой мінскага і полацкага князя Валадара Глебавіча (ён быў унукам Усяслава Чарадзея) і Рыксы, дачкі польскага князя Баляслава Крывавуснага. Яшчэ ў маладым узросце яна разам з маці трапіла ў Данію і была заручаная з Вальдэмарам, сынам Кнуда Лаварда.

Данія тады перажывала перыяд унутранай барацьбы за каралеўскую ўладу, а Сафія стала часткай складанай (і момантамі крывавай) дынастычнай палітыкі. Яе зводны брат Кнуд Магнусан (сын Рыксы ад першага шлюбу з дацкім каралём Магнусам), адзін з прэтэндэнтаў на трон, заручыў Сафію з Вальдэмарам. Такі шлюб павінен быў замацаваць іх саюз.
Справа ў тым, што Вальдэмар, Кнуд і яшчэ Свэн адначасова былі суправіцелямі розных рэгіёнаў Даніі. А яшчэ былі траюраднымі братамі. Але самае галоўнае – былі канкурэнтамі за трон. У жніўні 1157 года яны святкавалі прымірэнне ў Роскіле, але падзея захавалася ў гісторыі як «Крывавы баль у Роскіле», бо хітры Свэн вырашыў там забіць суправіцеляў-канкурэнтаў. Кнуд загінуш, а вось Вальдэмар уцёк і праз два месяцы перамог і забіў Свэна ў бітве.
Пасля гібелі Свена Вальдэмар стаў адзіным каралём, а Сафія — каралевай усёй Даніі.
Вось гэта мікс “Санта-Барбары” і “Гульні тронаў”!
У Сафіі і Вальдэмара было дзевяць дзяцей. Двое іх сыноў пасля самі сталі каралямі Даніі. Шлюб Вальдэмара з іншаземнай князёўнай паклаў пачатак практыцы, якая захоўвалася ў дацкай каралеўскай сям’і стагоддзямі – наступныя 500 гадоў дацкія каралі бралі выключна жонак-замежніц.
Сафія была не толькі «жонкай караля»
Пра саму Сафію вядома няшмат. У старажытнарускіх летапісах яна ўвогуле не згадваецца, а адной з асноўных крыніц пра яе застаецца дацкая «Gesta Danorum» Саксона Граматыка. Пры гэтым даследчыкі адзначаюць прадузятасць гэтай крыніцы: у цэнтры яе аповеду знаходзіліся Вальдэмар і біскуп Абсалон, а роля каралевы заставалася на другім плане.
Але асобныя сведчанні дазваляюць меркаваць, што Сафія была не толькі элементам дынастычнага шлюбу, а больш самастойнай палітычнай фігурай.
Гісторык Оле Фенгер звяртаў увагу, што яе паказвалі разам з Вальдэмарам на манетах і фрэсках. На адной з манет XII стагоддзя кароль і каралева выяўлены разам, а паміж імі знаходзіцца атрыбут улады. На думку даследчыка, само з’яўленне Сафіі ў такой кампазіцыі можа сведчыць пра яе палітычную значнасць.

Захаваўся таксама дакумент пра ахвяраванне, зробленае Сафіяй і Вальдэмарам царкве ў Сконе — сёння гэта тэрыторыя Швецыі. Сама згадка каралевы і яе подпіс у такім дакуменце былі для таго часу незвычайнымі.
Ужо пасля смерці мужа Сафія ўдзельнічала ў перамовах наконт палітычных шлюбаў сваіх дачок з сынамі імператара Фрыдрыха Барбаросы.
Ёсць і яшчэ адна цікавая гіпотэза. Гісторыкі звярталі ўвагу на царкву ў Калундборгу: яе план у форме грэчаскага крыжа быў нетыповым для тагачаснай Даніі і нагадваў візантыйскую архітэктурную традыцыю, вядомую ў Полацку. Гісторык Андрэй Катлярчук дапускаў, што на такі выбар магло паўплываць культурнае асяроддзе Сафіі. Але гэта таксама застаецца гіпотэзай.
Як крыж мог трапіць разам з Сафіяй у Данію
У 1978 годзе дацкая даследчыца і былая дырэктарка Нацыянальнага музея Фрыцэ Ліндаль паставіла пад сумнеў традыцыйную гісторыю Крыжа Дагмар.
Яна выказала версію, што візантыйскі па тыпе крыж мог належаць Сафіі Мінскай і трапіць разам з ёй у Данію — магчыма, як частка пасагу. Пазней Сафія магла перадаць яго сваёй дачцэ Рыксе. А ўжо праз стагоддзі падчас няўдалых работ у каралеўскіх пахаваннях рэч з магілы Рыксы маглі памылкова прыпісаць Дагмар.
Але ці мог падобны залаты эмалевы крыж сапраўды паходзіць з культурнага асяроддзя, у якім вырасла Сафія?
Даследаванні паказваюць: мог.
Такія крыжы былі вядомыя на землях Русі
Дакладна вызначыць, дзе зрабілі Крыж Дагмар, даследчыкам пакуль не ўдалося. У навуковай літаратуры яго звязвалі як з Паўночнай Грэцыяй, так і з кіеўскім культурным асяроддзем.
Крыжы-энкалпіёны візантыйскага тыпу былі распаўсюджаныя на ўсходнеславянскіх землях у X–XIII стагоддзях. Яны складаліся з дзвюх частак, паміж якімі ўкладалася што-небудзь, што лічылася рэліквіяй (напрыклад, мошчы святых). Археолагі знаходзілі шмат падобных крыжоў, напрыклад на Замкавай гары ў Гродне, у Міры, у Полацку, Мсціславе, на Браслаўшчыне, у Гомелі ды іншых месцах. Але звычайна гэта крыжкі ў версіі, так бы мовіць “для бедных” – у выглядзе простых бронзавых адліўкаў, дзе ледзь бачныя постаці Хрыста і Маці Божай, а часам галовы якіх-небудзь іншых святых.





Крыж Дагмар – вельмі падобны па форме да крыжоў, якія знаходзілі ў Беларусі, але значна больш дарагі. Пры яго стварэнні выкарыстоўвалі складаную тэхніку перагародкавай эмалі: на металічнай аснове з тонкіх залатых або срэбных перагародак стваралі асобныя ячэйкі, якія запаўнялі каляровай эмаллю. Гэта быў крыж “для багатых”.
Полацк быў адным з цэнтраў такога рамяства. Даследчыца старажытных эмалей Таццяна Макарава адзначала высокі ўзровень вытворчасці энкалпіёнаў і перагародкавых эмалей у горадзе. Археолагі таксама знайшлі ў Полацку сляды ювелірнай майстэрні і тонкія залатыя стужкі, якія выкарыстоўваліся пры такой тэхніцы.
Самі па сабе гэтыя факты, вядома, не даказваюць, што Крыж Дагмар быў зроблены ў Полацку (або ў Мінску кімсьці з полацкай майстэрні). Але ён паказвае: падобныя прадметы і неабходныя тэхналогіі былі добра вядомыя ў рэгіёне, з якога паходзіла Сафія.
Найбольш цікавая паралель — Крыж Еўфрасінні Полацкай
У 1161 годзе, ужо праз некалькі гадоў пасля таго, як Сафія стала каралевай Даніі, майстар Лазар Богша зрабіў на замову Еўфрасінні Полацкай знакаміты залаты крыж з эмалямі і каштоўнымі камянямі.
Лізавета Дубінка-Гушча параўнала Крыж Еўфрасінні і Крыж Дагмар і звярнула ўвагу на некалькі дэталяў, якія могуць сведчыць пра сувязь паміж імі.
Адзін з аргументаў — колеры. Паводле апісання Крыжа Еўфрасінні канца XIX стагоддзя, асноўнымі колерамі яго эмаляў былі сіні і зялёны, а дадатковымі — чырвоны і белы. Такая ж каляровая схема выкарыстоўваецца на Крыжы Дагмар.
Але яшчэ больш цікавае параўнанне — твары святых.
Даследчыкі апісвалі выявы на Крыжы Еўфрасінні як зробленыя з характэрнымі вялікімі вачыма з выразнымі зрэнкамі, густымі чорнымі бровамі, якія ідуць да скроняў, і асаблівай формай рота з апушчанымі куткамі.
Калі павялічыць выявы на двух крыжах і паставіць іх побач, падобныя рысы можна ўбачыць і на Крыжы Дагмар.



Мастацкія асаблівасці абодвух крыжоў дазваляюць нават паставіць пытанне, ці не былі яны зроблены адным майстрам.
Таму казаць, што Крыж Дагмар зрабіў Лазар Богша, пакуль нельга. Але стылістычнае падабенства — яшчэ адзін аргумент да ранейшай гіпотэзы Фрыцэ Ліндаль.
Ад Сафіі да Рыксы, а ад Рыксы — да «Дагмар»?
Калі сабраць гіпотэзу цалкам, магчымы маршрут крыжа выглядае так.
Ён мог паходзіць з культурнага асяроддзя беларускіх княстваў і трапіць у Данію разам з Сафіяй Мінскай. Ад яе рэліквія магла перайсці да дачкі Рыксы, якая стала каралевай Швецыі, а пазней была пахаваная ў Рынгстэдзе.
У XVII стагоддзі яе магілу разбурылі падчас работ. Змесціва пахаванняў перамяшалася, а знойдзены крыж звязалі з больш вядомай у дацкай традыцыі каралевай Дагмар.
Менавіта такая паслядоўнасць магла растлумачыць і месца знаходкі, і паходжанне самога прадмета.
Але апошнюю кропку ў гэтай гісторыі даследчыкі не ставяць. Лізавета Дубінка-Гушча ў сваім артыкуле падкрэслівае, што цяпер цяжка даказаць, хто быў апошняй уладальніцай крыжа — Рыкса, дачка Сафіі, ці Дагмар, яе нявестка. На думку даследчыцы, найбольш верагодна, што крыж усё ж знайшлі ў магіле Рыксы.
Дык гэта Крыж Дагмар ці Крыж Сафіі?
Гістарычна карэктны адказ — мы не ведаем.
Не існуе надпісу, дакумента або археалагічнай знаходкі, якія дазвалялі б адназначна сказаць: гэты крыж належаў Сафіі Мінскай і яна прывезла яго ў Данію.
Затое ёсць некалькі незалежных аргументаў, якія робяць такую версію магчымай.
Традыцыйная атрыбуцыя крыжа Дагмар узнікла толькі ў XVII стагоддзі пры сумнеўных абставінах. Пахаванне дачкі Сафіі знаходзілася побач і было разбурана. Сам прадмет належыць да мастацкай традыцыі, якая была шырока прадстаўлена на ўсходнеславянскіх землях. У Полацку існавала неабходная для яго стварэння ювелірная школа. Нарэшце, Крыж Дагмар мае шэраг мастацкіх падабенстваў з Крыжом Еўфрасінні Полацкай.
Гісторыя, большая за адзін маленькі крыж
Нават калі ніколі не атрымаецца канчаткова высветліць, каму належаў Крыж Дагмар, гісторыя Сафіі Мінскай важная і без гэтага.
Яна паказвае, што ў XII стагоддзі беларускія землі не была перыферыяй – яны былі ўключаныя ў сістэму дынастычных, палітычных і культурных сувязяў, якія цягнуліся далёка за межы рэгіёна. Сафія з сям’і мінскага князя стала каралевай Даніі, маці двух дацкіх каралёў і ўдзельніцай еўрапейскай дынастычнай палітыкі.
А навуковая спрэчка вакол невялікага залатога крыжа дазваляе пабачыць яшчэ адну частку гэтай гісторыі: разам з людзьмі паміж Полацкам, Мінскам і Скандынавіяй маглі падарожнічаць рэчы, тэхналогіі і мастацкія традыцыі.


