Беларусы зладзяць культурніцкую падзею ў Капенгагене з тэатралізаванай бойкай, падарожжам на чоўнах, канцэртам і экскурсіямі. Гэта будзе першы вялікі публічны этап «пірацкай экспедыцыі» па рэпліку крыжа Сафіі Мінскай — сярэднявечнага артэфакта, які мае беларускія карані і захоўваецца ў Даніі.

Беларускі пірацкі флот высадзіцца ў сталіцы Даніі 22 жніўня. Пачнецца ўсё раніцай каля знакамітай Русалачкі, а завершыцца ў Рынгстэдзе, дзе пахаваная каралева Сафія.

Каманда Hrodna.life далучылася да праекта ад самага пачатку. Мы тэхнічна і кансультацыйна падтрымлівалі яго арганізатараў, а спецыяльны карэспандэнт Hrodna.life у Грузіі рыхтаваў рэпартаж пра тое, як стваралася копія рэліквіі, якая аб’ядноўвае Беларусь і Скандынавію. Журналісты Hrodna.life будуць 22 жніўня ў Капенгагене, каб падрыхтаваць рэпартаж з гэтай падзеі.

«Пірацкі флот» праплыве па Капенгагене

Праграма 22 жніўня пачнецца а 9:30 каля статуі Русалачкі ў Капенгагене. Там адбудзецца тэатралізаваная бойка на шаблях з удзелам беларускіх рэканструктараў. Пасля яе ўдзельнікі «першага беларускага пірацкага флоту» сядуць у чоўны і выправяцца ў двухгадзіннае падарожжа па горадзе.

А 12:30 падзеі перамесцяцца на Каралеўскую плошчу. Там пройдзе ўрачысты канцэрт і цырымонія перадачы рэплікі крыжа Сафіі Мінскай. Пасля выступяць беларускія гурты «Гоман» і KurwaDziki.

Пасля канцэрта ўдзельнікі свята плануюць наведаць Нацыянальны музей Даніі і пабачыць ужо не рэпліку, а арыгінальны сярэднявечны крыж, з гісторыі якога і пачаўся ўвесь праект.

Яшчэ адна кропка праграмы знаходзіцца за межамі Капенгагена. А 16:00 у Рынгстэдзе пройдзе экскурсія па храме, дзе пахаваная каралева Сафія. Такім чынам удзельнікі за адзін дзень змогуць пабачыць і артэфакт, які звязваюць з ёй, і месца яе пахавання.

Што звязвае дацкі крыж з Беларуссю

Крыж, вакол якога пабудаваная «пірацкая экспедыцыя», — візантыйскі крыж-рэліквіярый XII стагоддзя. Ён захоўваецца ў Нацыянальным музеі Даніі і вядомы як Крыж Дагмар. Арганізатары праекта звязваюць яго гісторыю з Сафіяй Мінскай — дачкой мінскага князя Валадара Глебавіча з роду Рагвалодавічаў. У 1157 годзе яна выйшла замуж за дацкага караля Вальдэмара I Вялікага і стала каралевай Даніі. Паводле адной з версій, менавіта яна прывезла крыж у Данію, а зроблены ён быў беларускімі майстрамі са школы знакамітага Лазара Богшы, стваральніка Крыжа Еўфрасінні Полацкай.

Марыя Грыц. Фота з сацсетак Марыі
Марыя Грыц. Фота з сацсетак Марыі

Ініцыятарка праекта, беларуская актывістка Марыя Грыц, праз «пірацкую экспедыцыю» хоча паказаць, наколькі цесна беларускія землі яшчэ ў Сярэднявеччы былі звязаныя з іншымі часткамі Еўропы.

Чаму экспедыцыя «пірацкая»

Назва праекта іранічная. Ніхто, вядома, не збіраецца выкрадаць арыгінальны крыж з дацкага музея — ён застанецца ў Капенгагене.

Ідэя ў іншым: сімвалічна «вярнуць» артэфакт у беларускі культурны абарот. Не праз навуковую канферэнцыю ці музейную копію за шклом, а праз прыгоду, падарожжы і публічныя падзеі. Удзельнікі праекта называюць гэта своеасаблівым «набегам» на забытыя старонкі гісторыі, у якім чалавек можа адчуць сябе не назіральнікам, а ўдзельнікам пошуку ўласнай спадчыны.

Менавіта таму для праекта зрабілі рэпліку крыжа, якая пасля Капенгагена зможа падарожнічаць далей. Задумвалася яна не проста як дакладная копія для вітрыны, а як прадмет, праз які можна расказваць пра Сафію Мінскую, сувязі беларускіх земляў з Паўночнай Еўропай і сярэднявечнае ювелірнае майстэрства.

Крыж ужо зрабілі ў Грузіі

Падрыхтоўка да экспедыцыі пачалася задоўга да жніўня. Спачатку трэба было знайсці майстра, здольнага аднавіць складаныя сярэднявечныя тэхнікі. Таксама трэба было сабраць сярод беларусаў замежжа грошы на яго працу.

У выніку да праекта далучыўся грузінскі ювелір Ілія Чакветадзэ, які ўмее працаваць у патрэбнай тэхніцы. Майстар пачаў працу яшчэ да таго, як арганізатары цалкам сабралі неабходную суму. Збор сродкаў працягваўся некалькі месяцаў, а на фінальным этапе яго дапамагла закрыць ініцыятыва MALDZIS – вылучыла суму, якой не хапала.

Асобна стваралі і візуальны вобраз «пірацкай экспедыцыі». Праз адкрытае галасаванне ў сацсетках абралі сцяг паводле выявы дызайнера Уладзіміра Цэслера. Пасля макет перадалі ўдзельнікам, каб яны маглі самі шыць сцягі для будучых падзей.

На пачатку жніўня ювелірная рэпліка была ўжо гатовая. Яе прыбыццё ў Капенгаген арганізатары называюць пачаткам рэальнага падарожжа артэфакта — пасля некалькіх месяцаў даследаванняў, збору сродкаў і працы майстра.

Пасля Капенгагена крыж паедзе далей

Падзея 22 жніўня не павінна стаць фіналам праекта. Капенгаген — першая вялікая кропка маршруту рэплікі.

Далей арганізатары плануюць выкарыстоўваць яе на выставах і выязных імпрэзах. Урэшце рэпліка павінна трапіць у Музей Вольнай Беларусі ў Варшаве і атрымаць там пастаяннае месца.

А пакуль яе падарожжа пачнецца там жа, дзе цяпер захоўваецца арыгінал: 22 жніўня ў Капенгагене беларуская «пірацкая экспедыцыя» паспрабуе на адзін дзень ператварыць гісторыю XII стагоддзя ў гарадскую прыгоду.