Мы можам жыць у розных краінах і часавых паясах, але наша сэрца застаецца на берагах Нёмана. Сёння, калі для многіх гродзенцаў сустрэчы ў родным горадзе немагчымыя, рэдакцыя Hrodna.life прапануе стварыць новую супольную традыцыю і аб’яднаць гродзенскую дыяспару па ўсім свеце.

Мы запускаем віртуальны забег «След Святога Губерта»!

Што гэта такое і навошта патрэбна?

Наш віртуальны забег гэта карысная для здароўя актыўнасць, дзякуючы якой кожны гродзенец, як бы далёка не быў ад Радзімы, можа прадэманстраваць любоў да свайго горада, атрымаць памятны медаль і адначасова падтрымаць мясцовае медыя.

Каб паўдзельнічаць, трэба зарэгістравацца, аплаціць стартавы ўнёсак і ў перыяд з 1 кастрычніка па 3 лістапада прабегчы ў любым тэмпе сімвалічную дыстанцыю 11,27 км.

Гэта можа быць нават не бег, а доўгі прыемны шпацыр — дыстанцыя даступная для кожнага, незалежна ад узроўню падрыхтоўкі. Калі вы пачатковец у бегу — можаце раскласці яе на некалькі прабежак. А калі вы фанат ровара, то можаце пракаціцца гэтыя 11,27 км. Наша акцыя — не гонка, мы не спаборнічаем адзін з адным, а наадварот хочам адчуць адзінства.

віртуальны забег след святога губерта

Захавайце вашую прабежку ці прагулку з дапамогай любога спартыўнага дадатку (Garmin, Strava ці іншыя) і падзяліцеся вынікам з намі. Кожны, хто пераадолее дыстанцыю, атрымае памятны медаль. У Дзень святога Губерта мы даведаемся, колькі нас усіх разам!

Чаму менавіта 11,27 км і святы Губерт?

У кожным элеменце нашага забегу мы заклалі зразумелы гродзенцам сэнс:

  • 11,27 км — гэта сувязь з гісторыяй. 1127 год лічыцца годам першага летапіснага ўпамінання Гродна.
  • фінал акцыі на 3 лістапада — Дзень святога Губерта, заступніка Гродна.
  • Памятны медаль з выявай аленя святога Губерта — Алень з залатым крыжам паміж рагамі шмат стагоддзяў упрыгожвае герб нашага горада. Высакаякасны медаль з унікальным дызайнам атрымае ад нас па пошце кожны фінішор. 

Навошта ўдзельнічаць?

  1. Падтрымаць Hrodna.life. Усе сабраныя сродкі (за выключэннем сабекошту медаля і паштовай перасылкі) пойдуць на працу нашай рэдакцыі. Гэта ваш прамы ўнёсак у тое, каб голас Гродна працягваў гучаць нягледзячы ні на што.
  2. Адчуць сваіх. Вы будзеце бегчы не адны. У нашым клубе ў Strava вы пабачыце землякоў, якія бегаюць па вуліцах Варшавы, Уроцлава, Вільні, Батумі ці Нью-Ёрка.
  3. Захаваць сувязь з домам. Гэта прыгожы і здаровы спосаб сказаць: «Я памятаю свае карані».

Як прыняць удзел?

  • Крок 1. Зарэгіструйцеся на старонцы падзеі і зрабіце падтрымліваючы данат ад €20. Мы заклікаем вас, калі гэта магчыма, ахвяраваць больш. У гэтым кроку ўкажыце рэальны імэйл, якім вы карыстаецеся, а таксама паштовы адрас — нам патрэбны ваш кантакт, каб потым адправіць медаль.
  • Крок 2. Калі карыстаецеся Strava, то далучайцеся да нашага суполкі там: St. Hubertus Virtual Run Club.
  • Крок 3. З 1 кастрычніка па 3 лістапада прабяжыце або прайдзіце 11,27 км у сваім горадзе.
  • Крок 4. Загрузіце скрыншот з фітнес-трэкера праз спецыяльную форму. Калі хочаце, каб як мага больш людзей даведаліся пра нашую акцыю — падзяліцеся фота ў сацсетках з хэштэгам #БягуЗаГродна.
  • Крок 5. Пасля 3 лістапада чакайце паштовы канверт з вашым унікальным медалём!

⚠️ БЯСПЕКА ПЕРШ ЗА ЎСЁ!

Калі ласка, уважліва прачытайце: калі вы фізічна знаходзіцеся ў Беларусі, не рэгіструйцеся на забег, не аплачвайце ўдзел і не рабіце рэпосты нашых матэрыялаў. Камунікацыя з незалежнымі медыя ўнутры Беларусі крыміналізаваная. Калі ласка, клапаціцеся пра сваю бяспеку! Праект створаны выключна для тых, хто знаходзіцца ў бяспечных краінах за межамі Беларусі і Расіі.

Зрабі першы крок. Знайдзі свой след святога Губерта!