Куды б ні ехалі Марына і Валерый, усюды яны бяруць з сабой красоўкі. І аддаюць перавагу пазнаванню свету праз бег. Марыне патрэбны бегавы турызм, каб хобі ёй не надакучыла. Валерый ужо патраціў на будучыя забегі гэтага года 700 еўра і паспеў пабываць на “краі Еўропы” ў Партугаліі.
Што прымушае бегуноў ехаць і ляцець за сотні і тысячы кіламетраў, каб прабегчы 10, 21 і 42 км?
- Як стаць бегавым турыстам
- Даведацца пра краіну, пабачыць старых сяброў і пабываць там, куды б інакш не патрапіў
- На краі зямлі і сярод вінаграднікаў — якія цікавыя забегі ёсць у Партугаліі
- «Проста паглядаць на дамы не дужа хочацца»
- Бегуну лягчэй пазнаваць горад і знаёміцца з людзьмі
- “Маленькая сям'я” на паўмарафоне: чым цікавыя лакальныя забегі ў правінцыі
- Ці патрэбна падтрымка на трасе?
- Навошта ляцець у Партугалію, каб зрабіць лічнік на паўмарафоне і атрымаць супер-медаль
- Як планаваць час і актыўнасці ў бегавым падарожжы
- Стартавы пакет не лічыцца за выдаткі
Бег — толькі адзін з многіх відаў актыўнасцей, даступных у падарожжы. Калі вас цікавіць актыўны адпачынак у Лісабоне, падабраны пад вашы індывідуальныя патрэбы, звярніце ўвагу на трэвел-экспертаў з MY PORTUGAL MOMENTS.
Як стаць бегавым турыстам
Свой першы выязны забег брэстаўчанка Марына прабегла ў Мінску на 8 сакавіка. Ёй спадабалася, але паўтараць яна яго не захацела.
«Аднатыпны бег, які адрозніваецца надвор’ем, колькасцю людзей і медалькай, мне не цікавы наогул. І калі я прабегла ў Мінску, прабегла ў Брэсце, мне захацелася паспрабаваць штосьці, што моцна адрозніваецца па мове, па арганізацыі».
А яшчэ яна любіць спантаннасць у падарожжах: калі едзеш ноччу, не спіш, раніцай не ведаеш, ці забярэш стартавы пакет.
Бегавым турызмам Марына і Валерый зацікавіліся аднолькава. Іх сябры згадалі, што было б нядрэнна прабегчыся ў іншым горадзе ці іншай краіне. Пазней сябры перадумалі, а яны загарэліся ідэяй.
Валерый на наступны дзень пасля забегу ў Польшчы ў 2024 годзе «псіхануў» і купіў слот на бег у Італіі вясной 2025-га. Адразу ўзяў білеты на самалёт. Праз чатыры месяцы ён не толькі правёў некалькі дзён у Мілане, але і з’ездзіў у суседнюю Швейцарыю. «Я тады кайфануў ад таго, што ўбачыў новую краіну, новы горад», — распавёў ён.
Каб стаць бегавым турыстам, трэба быць вельмі хуткім бегуном?
Зусім не. Бегавы турызм даступны для любога ўзроўню падрыхтоўкі. Як правіла, на забегах ёсць розныя дыстанцыі ад 5 да 42 км. Бегчы таксама не абавязкова хутка, бо ўдзельнічаюць як вопытныя бегуны, так і зусім навічкі. Бег павінен перш за ўсё прыносіць радасць, а не быць крыніцай пакут ці фрустрацыі.
Даведацца пра краіну, пабачыць старых сяброў і пабываць там, куды б інакш не патрапіў
Валерый зразумеў, што дзякуючы бегу можна аб’ехаць краіну, дзе ён цяпер жыве – Польшчу. Пачаў удзельнічаць у Kresowe Trail – серыі забегаў у невялікіх гарадах Падляшша. Без гэтых забегаў ён ніколі б там не пабываў.
А яшчэ дзякуючы бегу атрымалася пабачыцца з сябрам, якога не бачыў чатыры гады. У яго беларус жыў пару дзён перад паўмарафонам у латвійскай Ліепаі.
«І вось я пачаў атрымліваць кайф ад бегу, бо гэта магчымасць падарожнічаць. У закладкі ўнёс адзін сайт, дзе забегі па ўсім свеце, нават у Антарктыдзе. Ёсць некалькі краін, якія я вельмі хачу наведаць. Адразу гляджу, якія там забегі ёсць».

У выніку за 2025 год Валерый наведаў чатыры краіны і дзясятак гарадоў. У 2026 годзе запланавана яшчэ 28 забегаў і 20 гарадоў.
«З іх не менш за палову тых, дзе я ніколі не бываў і наўрад ці пабываў бы. Таму што ташчыцца 700 кіламетраў з Беластока пад мяжу з Чэхіяй куды-небудзь проста паглядзець — ну не вельмі. А тут ты запісаўся на забег і ўсё, ужо не адмажашся».
Цяпер Валерыю паехаць паглядзець іншы горад і краіну недастаткова. Патрэбна дадатковая актыўнасць. Тое самае ў Марыны — перад купляй квіткоў яна правярае, ці ёсць падчас паездкі забегі.
Лайфхак, калі вам можа спатрэбіцца віза
Бег не проста хобі — ён можа даваць доступ у розныя краіны. Выкуплены слот на забег цалкам можа стаць аргументам пры падачы на візу, напрыклад, у Вялікабрытанію. Беларусы, якія жывуць у Беларусі, таксама могуць атрымліваць шэнгенскія візы ў сувязі з запланаванымі забегамі.
На краі зямлі і сярод вінаграднікаў — якія цікавыя забегі ёсць у Партугаліі
Забег на краі Еўропы
Першым бегавым кірункам Валерыя ў 2026 годзе стала Партугалія. Паслухаўшы сяброў, якія пачалі займацца бегавым турызмам раней, Валерый запісаўся на забег Corrida Fim da Europa (“Канец Еўропы”). Ён традыцыйна праходзіць у студзені: можна прабегчы 17 км з Сінтры да самага заходняга пункта кантынентальнай Еўропы Cabo da Roca.
Але праз асабліва непрадказальнае надвор’е на краі кантынента яго могуць і перанесці. Так і здарылася ў 2026 годзе. Бегуны, у тым ліку і Валерый, з’ехаліся ў Сінтру ў студзені толькі для таго, каб даведацца, што праз моцны вецер і дажджы забег перанеслі на… травень! Так што ў гэтым годзе на яго ўсё яшчэ можна паспець запісацца і прабегчы.
Трэйл на Мадэйры
Гэта далёка не адзіны цікавы забег у Партугаліі. Вопытныя бегуны, якім патрэбныя новыя ўражанні і чэленджы, могуць адправіцца на Madeira Island Ultra Trail. Гэта галоўны трэйлавы забег вострава Мадэйра, праходзіць у красавіку. Удзельнікі бягуць праз занесеныя ў спіс спадчыны ЮНЕСКА лаўровыя лясы, па ўзбярэжжы і гарах. Ёсць трасы ад нескладаных 16 км да стамляючых 115 км.

Недарагі забег сярод вінаграднікаў
Maratona do Douro Vinhateiro праходзіць сярод вінаграднікаў даліны Дору, дзе вырабляюць партвейн. Арганізатары нясціпла называюць гэты забег самым прыгожым у свеце. Пры гэтым слоты на забег прадаюцца па вельмі дэмакратычных для Еўропы коштах — 15 і 35 еўра за 5 км і 21 км. Пасля фінішу бегуноў дэгустацыя мясцовага віна — гэта практычна афіцыйная частка праграмы.
Забегі сярод акіяна і праз гандлёвы цэнтр
Пасярод Атлантычнага акіяна можна выпрабаваць сябе на забегах ад Azores Trail Run. Напрыклад, восенню 2026 яны праводзяць Triangle Adventure: тры забегі тры дні запар на трох розных астравах. Гэта дарагое задавальненне, але вопыт унікальнейшы.
Некаторыя бегуны любяць вячэрнія і начныя забегі – і такія таксама ёсць у Партугаліі. Напрыклад, Algarve Night Run, траса якога праходзіць праз гандлёвы цэнтр у горадзе Фару ў рэгіёне Алгарві або São Silvestre de Lisboa, дзе можна прабегчы па ўпрыгожаных каляднай ілюмінацыяй вуліцах партугальскай сталіцы.
Чым яшчэ можна заняцца, калі вы прыехалі ў Алгарві — паўднёвы рэгіён Партугаліі? Прапановы ўнікальных опцый для спрактыкаваных турыстаў ёсць у трэвел-экспертаў з MY PORTUGAL MOMENTS — арганізатара індывідуальнага адпачынку ў Партугаліі.

«Проста паглядаць на дамы не дужа хочацца»
Магчымасць займацца бегавым турызмам у Марыны з’явілася гадоў пяць таму – калі падраслі дзеці. За гэты час яна наведала шэсць краін і паркран у 22 лакацыях.
Parkrun – міжнародны рух родам з Вялікабрытаніі, які арганізуе бясплатныя штотыднёвыя забегі на 5 км у гарадскіх парках па суботах.
«Паркран — гэта свая асаблівая атмасфера. Я яе абажаю, – кажа Марына. – Гэта цудоўная магчымасць наведаць новы горад. Я ўжо вельмі шмат краін аб’ездзіла і гарадоў наведала – проста глядзець на дамы не дужа хочацца. А тут [у бегавым турызме] як быццам нейкі культурны код. І мы паглынаем больш дэталяў».

На некаторыя паркраны можа прыходзіць і 100, і 200 чалавек, а на некаторыя — 5-10. На такіх лакальных забегах можна і першым прыбегчы, не будучы чэмпіёнам, і ўвагу ад мясцовых атрымаць.
Бегуну лягчэй пазнаваць горад і знаёміцца з людзьмі
Дзякуючы футболцы для бегу, на якой было напісана «Made in Belarus», Марына збірала вітанні і «Жыве Беларусь!» у Грузіі. А на паркране ў Вялікабрытаніі пазнаёмілася з немкай, якая размаўляе па-руску – абмеркавалі ўсё: ад ісландскай мовы да палітыкі.
– Калі б я была чалавекам з Лондана, наўрад ці гэтая размова б адбылася. Дома я не размаўляю з людзьмі, якія бегаюць са мной паркран. А калі я прыязджаю кудысьці як госць, заўсёды ёсць нагода зачапіцца, задаць пытанне і з кімсьці паабмяркоўваць штосьці. Мяне як госця заўсёды напояць гарбатай, падораць які-небудзь значак. Заўсёды нейкі мэтч адбываецца.
Бегуну лягчэй пазнаваць лакацыю, прасцей знаёміцца з людзьмі, таму што яны як быццам першапачаткова аб’яднаныя агульнай тэмай. Гаворка пра кароткія знаёмствы, проста, каб пазнаць свет: пастаяць, пагаварыць, папіць гарбаты.
Так Марына даведалася цікавы факт: шмат англічан прылятае ў Польшчу, каб пабегаць у падваршаўскім Жырардаве (Żyrardów) і закрыць папулярны чэлендж — наведаць паркраны па ўсіх літарах алфавіта. «Аказалася, што ў Вялікабрытаніі няма гарадоў на літару Z. І той, хто хоча чэленджы закрываць, спецыяльна прылятае ў Варшаву», — кажа Марына.

“Маленькая сям’я” на паўмарафоне: чым цікавыя лакальныя забегі ў правінцыі
Забегі, у адрозненне ад паркранаў, больш масавыя — бягуць не дзясяткі і сотні, а тысячы і дзясяткі тысяч чалавек. У апошняе падарожжа менавіта забег вызначыў месца, дзе Марына вырашыла адпачываць. Яна шукала бег на пятніцу — і знайшла яго ў гарах, каля возера.
««Дзве перасадкі. Я прыязджаю ў адзін горад, і ад яго трэба было дабрацца да месца, дзе я зняла хостэл. Гэта глуш, хостэл з цяжкасцю зняла. Я ішла пешшу ўздоўж дарогі — там нават не было пешаходнай зоны. Машын мала, адна прырода, нейкія напаўзакінутыя дамкі. І я зразумела, што трапіла ў такое месца, як якая-небудзь вёсачка пад умоўнай Жабінкай. Куды не ступае нага турыста. І вось такія моманты мне важныя. Я ўжо не хачу глядзець на ўмоўную Фларэнцыю. Мне хочацца пабыць сярод звычайных жыхароў, якія выглядваюць з акна і думаюць: «А хто там такі ідзе?»».
Марына засялілася ў хостэл у вёсцы на 900 чалавек. З заканчэннем сіесты пайшла па перакус. «Бачу: ідзе дзед у капцах. І ў крамцы купляе два шарыкі марожанага. Маё сэрца проста расцякалася! Гэта так… кранальна».
Да старту прыйшлося ісці 5 км пешшу. Замест стартавага пакета далі проста нумар. Забег апынуўся вельмі лакальным, а яго ўдзельнікі не мяняліся з года ў год.
«Я нібыта трапіла ў маленькую сям’ю, за якой я магу з боку назіраць», — кажа Марына. Падчас забегу яна фатаграфавала азёры, а на піт-стопах давалі салёныя памідоры і кавуны. Ваду набіралі з горнага ручая. Перад забегам у пякарні побач раздавалі спаленыя круасаны — гаспадыня адцягнулася на размову і своечасова іх не зняла.
«Ніякіх табе біятуалетаў на трасе не было. Ніхто табе стужкамі нічога не пазначыў — ты бяжыш, а побач з табой праязджае машына. І мне гэта таксама падалося такім дзікім. Вось дзеля такіх эмоцый хочацца кудысьці ехаць, таму што такога я ў буйных гарадах не ўбачу».
Ці патрэбна падтрымка на трасе?
Бяжыцца Валерыю лягчэй дома — дзякуючы падтрымцы і кампаніі. «У Беластоку бяжыш, кіламетр 17-ты, ужо хочацца ісці, але бачыш на гарызонце сяброў-папарацы — не, ісці нельга».
Марына ж лічыць, што дома трэба больш старацца: “Потым усе пытаюцца: «А за колькі ты прабегла? А Лена прабегла хутчэй!». Таму не люблю. І ўвогуле мне людзі на трасе не патрэбныя”.
Затое ў новых гарадах — незнаёмыя траса, рэльеф, пад’ёмы ці іх адсутнасць. Ёсць асобныя плоскія трасы, куды бегуны прыязджаюць «рабіць лічнік» — ставіць асабісты рэкорд. Але і Валерый, і Марына ўражанні ставяць вышэй за лічнік.
Навошта ляцець у Партугалію, каб зрабіць лічнік на паўмарафоне і атрымаць супер-медаль
Плоскай і вельмі хуткай трасай, добрай для асабістых рэкордаў, лічыцца траса Лісабонскага паўмарафону (EDP Meia Maratona de Lisboa). Ён вельмі папулярны яшчэ мінімум па дзвюх прычынах:
- Гэты забег дае ўнікальную магчымасць перасекчы лісабонскі мост імя 25 красавіка пешшу (а дакладней бегам). Бо акрамя гэтага аднаго дня ён даступны толькі для аўтамабіляў.
- Лісабонскі паўмарафон уваходзіць у Super Halfs — свайго роду «Вялікі шлем» для аматараў дыстанцыі 21,1 км. Гэта папулярная серыя з шасці буйных паўмарафонаў Еўропы. Яе ідэя — матываваць бегуноў-турыстаў калекцыянаваць не толькі медалі, але і ўражанні ад топавых гарадоў. Акрамя Лісабона ўдзельнікі Super Halfs бягуць дыстанцыі ў Празе, Берліне, Капенгагене, Валенсіі і Кардыфе. Тыя, хто прабег ва ўсіх шасці гарадах, атрымліваюць велізарную супер-медаль.

У гэтым і мінус паўмарафону ў Лісабоне — праз велізарную папулярнасць сярод бегуноў запісацца на яго можна толькі праз латарэю. Многія плануюць свае адпачынкі на гады наперад менавіта пад Лісабон і іншыя гарады, каб сабраць запаветную калекцыю медалёў.
Лісабон гэта выдатны кірунак не толькі для аматараў бегу. Бо бег, у залежнасці ад дыстанцыі, займае ад 20-30 хвілін да 3-4 гадзін. А што рабіць астатні час? Дзякуючы экспертам па падарожжах з MY PORTUGAL MOMENTS можна запланаваць унікальны тур у сталіцу Партугаліі з індывідуальнай праграмай. Яны могуць прапанаваць вам не проста экскурсіі ці актыўнасці, а ўражанні, недаступныя звычайнаму вандроўніку. Напрыклад, паездку з індывідуальнай праграмай у біясферны запаведнік Арабіда, які ў 2025 годзе ўключылі ў спіс спадчыны ЮНЕСКА. Варыянтаў мноства: туры на паўнапрывадных пазадарожніках, каякінг, пешыя прагулкі, каастырынг, снорклінг і скалалажанне. Але калі вы стаміліся ад бегу і хочаце менш актыўны адпачынак, то можаце паглядзець на Арабіду з акна джыпа па дарозе на дэгустацыю віна з мясцовай вінакурні – выдатны варыянт заслужанага адпачынку пасля асабістага рэкорду ў Лісабоне.

Дарэчы, праз латарэю можна атрымаць і слоты на шэсць самых прэстыжных і маштабных марафонаў свету: Бостанскі, Лонданскі, Берлінскі, Чыкагскі, Нью-Ёркскі і Такійскі. Некаторыя забегі патрабуюць пацверджання, што вы «выбеглі» з пэўнага часу — гэта значыць, прабеглі ў пэўным тэмпе.
Як планаваць час і актыўнасці ў бегавым падарожжы
Паводле вопыту Валерыя, на паўмарафоны трэба ехаць за суткі. Па-першае, каб без спешкі забраць стартавы пакет. Па-другое, бегчы не «з колаў». Калі ёсць магчымасць, лепш паехаць на аўтамабілі — каб потым спакойна прагуляцца.
Што ўваходзіць у стартавы пакет на забегу?
- Нумар бегуна з чыпам для вымярэння часу (BIB) – галоўнае ў стартавым пакеце. На некаторых забегах гэта літаральна ўвесь пакет – нумарок і шпількі, каб прычапіць да майкі.
- Рэкламныя буклеты партнёраў. Чым буйнейшы забег, тым звычайна больш рэкламы.
- Заахвочванні: цукеркі, ізатонікі, пратэінава-вугляводныя батончыкі, макарона і іншыя смакоцці.
- Бегавыя майкі з айдэнтыкай забегу. Часам яны ўваходзяць у кошт пакета, а часам іх трэба купляць асобна.

Ежа і напоі перад забегам
Варта быць больш акуратным з алкаголем і мясцовай ежай напярэдадні – інакш ёсць рызыка не прапусціць ніводнай прыбіральні на трасе. Сябар Валерыя так атруціўся паэльяй напярэдадні забегу – у выніку разоў 10 наведаў туалет і да фінішу ў яго “не засталося вадкасці нават плакаць”.
Марыне пашанцавала больш – у яе моцны страўнік дзякуючы дзяцінству ў вёсцы, дзе «елі ўсё». А яшчэ перад забегам яна абавязкова павінна выпіць капучына – насуперак хваляванням вопытных бегуноў, што так сэрца будзе больш заўзята працаваць.
Наогул, ежа перад забегам — вельмі важная частка жыцця бегавога турыста. Перад працяглым бегам, напрыклад паўмарафонам, важная вугляводная загрузка. Таму, незалежна ад краіны, бегуны часта арганізуюць за дзень да старту так званыя паста-паці.
Калі ж хочацца паесці чагосьці мясцовага і аўтэнтычнага, пры гэтым не прагадаць, можна запісацца на фуд-тур. Такія фуд-туры па Лісабоне арганізуе каманда MY PORTUGAL MOMENTS. А можна зрабіць яшчэ цікавей і адправіцца з мясцовым экспертам на рынак, закупіцца прадуктамі і разам з вопытным шэфам прыгатаваць традыцыйныя партугальскія стравы самому.
Чым заняцца пасля забегу
Адпачываць і атрымліваць уражанні лепш пасля забегу. Гэтаму Валерый навучыўся на сваіх памылках. У Ліепаі ён за два дні да забегу праехаў на ровары 20 км. За дзень — нахадзіў 30 тыс. крокаў. У выніку “забіў” мышцы і застаўся незадаволены вынікам.
Лепш выкласціся напоўніцу на забегу, а потым адпачываць з пачуццём, што ты гэта заслужыў. Калі казаць пра той жа Лісабонскі паўмарафон, то варта пасля яго запланаваць некалькі дзён і падарыць самому сабе невялікі рэтрыт у Партугаліі. Напрыклад, адправіцца ў ціхі гатэль на вінакурні далей ад шумнага горада.

Стартавы пакет не лічыцца за выдаткі
Да пачатку красавіка гэтага года Валерый на паўмарафоны і гравіроўкі медалёў ужо патраціў 2,5 тысячы злотых. Лятаць стараецца лоўкостамі, жыць – у сяброў ці ў хостэлах. Таксама патрэбны добры абутак. “Гэта затратна, так. Не такі ўжо і даступны від спорту”, – адзначае Валерый.
Марына ж кажа, што як пірожнае не лічыцца за калорыі, так і стартавы пакет не лічыцца за выдаткі. Яна таксама за бюджэтныя падарожжы — недарагія авіябілеты, мясцовыя недарагія аўтобусы. Лепш пакінуць больш на ўражанні на месцы.
Сайт з забегамі ў Валерыя ў закладках. «Я перыядычна паглядваю нейкія краіны. Вось хочацца ў Паўночнай Карэі прабегчы. Я бегаю ў задавальненне. Я ведаю, што я не надта добра бегаю. Але многія наогул не бегаюць».
Марына дадае – шукаць забегі трэба і на лакальных сайтах – там не прапусціш маленькія мясцовыя івэнты. Дапамагае таксама Facebook і ChatGPT. Яна марыць пра Нарвегію і Азію. Зыходзяцца героі ў адной думцы – куды б яны ні ехалі, трэба ўзяць з сабой красоўкі.
Калі вы шукаеце розныя спосабы актыўнага адпачынку, не абавязкова звязаныя са спортам, звярніце ўвагу на паслугі MY PORTUGAL MOMENTS. Гэта эксперты па індывідуальнай арганізацыі падарожжаў па Партугаліі.



