Беларусы абмяркоўваюць у сацсетках феномен – стобальнікаў і абітурыентаў з высокімі баламі ўсё больш, але паступіць ва ўніверсітэт з ім становіцца складана. Былыя выпускнікі і рэпетытары мяркуюць, што тэсты спрасцілі.

“301 стобальнік у 2026 годзе па рускай мове на ЦЭ. Калі я здавала ў 2014, было ўсяго 25 на ўсю РБ 🧐гэта кажа пра тое, што тэст спрасцілі проста максімальна або…?” – задаецца пытаннем у сацсетках беларуска.

Падобных пастоў даволі шмат. Карыстальніца Facebook успамінае, што ў 2007 годзе было тры чалавекі на краіну з лепшым вынікам па беларускай мове – 100, 99 і 98. Тое ж і ў 2005-м.

“Тэсты сапраўды спрасцілі) + рэпетытары сталі значна больш даступнымі і распаўсюджанымі. За кошт гэтага і балы растуць”, – тлумачаць у каментарах. Спрашчэнне пацвярджаюць і не-абітурыенты, якія з цікаўнасці пайшлі на ЦТ і па няпрофільным для іх прадмеце “натыкалі” высокі бал.

129 абітурыентаў атрымалі 100 балаў на ЦТ па профільных прадметах ад 26 траўня. У гэты дзень тэсціраванне пісала больш за 9,4 тыс. абітурыентаў. Замежную мову на найвышэйшы бал напісалі 79 чалавек, матэматыку – 20, біялогію – 13, хімію – 10 і грамадазнаўства – 7 абітурыентаў. У 2025 годзе стобальнікаў было 99.

У параўнанні з 2025 годам выраслі сярэднія балы. Сярэдні бал па замежнай мове склаў 38,22 (больш на 3,49 пункта, чым летась), па біялогіі – 50,22 (больш на 2,96 пункта, чым летась), па грамадазнаўстве – 58,82 (больш на 2,69 пункта, чым летась).

Рэпетытары пацвярджаюць: “Тэсты сталі нашмат прасцей. Мае навучэнцы, калі пачынаюць думаць, што яны гуру, атрымліваюць тэсты 2007 года. Усе кажуць рознымі словамі, але сэнс нешта накшталт: “Гэта каб я сябе нікім адчуў?”

Балаў шмат, а паступіць складана

“Я паступала ў 2008. У мяне было 370 балаў, і з імі я магла паступіць куды заўгодна! Гэта было вельмі шмат, у наступнага на маім факультэце было 350, прахадны у выніку быў у раёне 320. Гэта нармальная разбалоўка. А не калі на 20 месцаў прыйшло 50 чалавек з 400 баламі”, – успамінае былая выпускніца.

З ёй згаджаюцца: “І лічаць па-іншаму, і спрасцілі жудасна. У выніку бедныя дзеці з 395 баламі не могуць паступіць, прахадны 396. Трызненне!”

Ёсць нават версіі, што такім чынам у Беларусі спрабуюць знізіць колькасць людзей з вышэйшай адукацыяй – паколькі ёсць недахоп рабочых спецыяльнасцяў.

“Ніхто не хоча выхваляцца балам 57”

Ёсць аб’ектыўныя факты – стобальнікаў стала больш. Але на самой справе вынікі ёсць розныя – проста дзеляцца ў сацсетках пераважна добрымі: “Тэсты раней складаней былі, цяпер лягчэй, але і школьная праграма прасцей стала і адпаведна частка школьнікаў не спраўляецца з ЦЭ/ЦТ. Некаторыя яшчэ хвалююцца моцна, гэта таксама не дапамагае атрымаць 90+ або 80+. Плюс, ніхто, вядома, не хоча выхваляцца балам 57 або 38”.

Тое ж кажа і спікер Hrodna.life са сферы адукацыі: рэпетытарам шанцуе з вучнямі, таму і вынікі добрыя. Да таго ж, дзяліцца добрымі вынікамі могуць рэпетытары і выкладчыкі – каб заахвоціць ісці да іх. Плюс – дрэннымі вынікамі выхваляцца не будзеш. Але наперадзе яшчэ рэзервовыя дні, якія могуць змяніць статыстыку. А поўную выснову можна будзе зрабіць восенню: колькі ў выніку паступілі і з якімі баламі.

Чытайце таксама: У 2026 годзе ўсё больш стабальнікаў. Але з імі не паступіць