Больш за 10 устаноў Гродна ўдзельнічаюць у гастра-фестываль “Gastrofest.Крафт”, які ідзе ў горадзе з 12 па 29 лістапада. Гродзенцы ўжо паспелі наведаць некаторыя кафэ са спісу ўдзельнікаў і засталіся расчараваныя – пададзеныя стравы не супалі з тым, што анансавалі ўстановы. Негатыўнымі водгукамі гараджане дзеляцца ў Threads.
Бар «Винил»
У рамках гастра-фестывалю ў бары «Винил» абяцалі сіцылійскую піцу з паляўнічымі каўбаскамі, вяндлінай і грыбамі. Адна з гараджанак наведала ўстанову і паказала, якую піцу ёй у выніку падалі. Мяркуючы па фота, на піцы ёсць усе апісаныя інгрэдыенты, аднак выглядае страва інакш.


“Таксама сёння былі ў Вініле, піца ззаду гарэлая (адчуваўся толькі гар). Гэта не крылцы, а проста косткі, глазура барбекю-кола наогул не адчулі, адзінае, што не ўдалося сапсаваць бульбу і грэнкі”, – адзначыла іншая ўдзельніца абмеркавання.
Яшчэ адна гродзенка, якая таксама была ў “Виниле”, напісала, што нармальную піцу “там таксама робяць”. У якасці доказу дзяўчына прымацавала фота.
Рэстаран-піваварня «Гости»
У рамках Gastrofest ва ўстанове пададуць два хот-догі з рознымі начыннямі, курыныя крылы ў цыбульным мармеладзе, бульбу, чесночняе грэнкі і сырныя палачкі. Адна з карыстальніц Threads паказала, як у выніку выглядалі курыныя крылцы.


Зрэшты, сярод удзельнікаў абмеркавання ёсць тыя, каму ва ўстанове падалі акуратны сэт. «Усё спадабалася», — напісала гродзенка.
Рэстаран Marmo
Яшчэ адна гараджанка пабывала ў Marmo – у рэстаране падаюць ялавічыну, хот-дог і саленні. Дзяўчына расказала, што любіць установу за асноўнае меню, але фестывальны сэт “не здзівіў, на аматара”.
Іншы карыстальнік наадварот, адзначыў, што сэт быў выдатным – установа парадавала гродзенца.
Паб «Harat’s»
У іншай ветцы аўтар не ўказаў назву ўстановы, але прымацаваў рэферэнс страў у пабе Harat’s, а таксама тое, што яму падалі. Мужчына не расказаў, наколькі смачнай была ежа, але напісаў “дзякуй, пакуль”.


Рэстаран «Хинкальня»
«Хинкальня» на праспекце Янкі Купалы, 87 сабрала найбольш станоўчых водгукаў ад гродзенцаў. Гараджане пішуць, што сэт цалкам супадае з заяўленым фота, стравы падавалі гарачымі – наведвальнікам было смачна.
З напоямі таксама праблемы: хутка заканчваюцца
Цяперашні Gastrofest адрозніваецца тым, што да сэтаў можна дадаткова замовіць піўныя напоі ад “Аліварыі”. Спіс ва ўсіх установах Гродна аднолькавы. Аб’ём напояў вар’іруецца ад 0,45 да 0,5 літраў, а кошт – ад 7 да 9 руб.
Адна з беларусак у Threads пацікавілася ў арганізатараў фестывалю, чаму афіцыянты прыносяць піва не з карты Gastrofest, а іншае, даражэйшае. “У карце 6р, у ліку 8.5р. Пра піва ўжо начыталася, мы не адны такія”, – дадала беларуска.
У каментарах іншы карыстальнік дадаў, што ў адной з устаноў Гродна піва з карты ўжо не было.
Куды ісці на Gastrofest: парады гродзенцаў
У яшчэ адной ветцы гродзенцы просяць параду: якую ўстанову выбраць, каб не памыліцца. Пры спробе забраніраваць столік наведвальнікам адказваюць, што вольных месцаў на найбліжэйшыя дні няма. Падобная сітуацыя назіраецца, калі людзі проста заходзяць ва ўстанову – чаканне страў дасягае 40 хвілін.
У выніку адразу некалькі гродзенцаў параілі паб Harat’s на Карла Маркса, 24. У пабе падаюць бургеры, бульбу і сэндвічы.
Таксама раілі зазірнуць у кафэ «Карчма» на Савецкай, 31 — ва ўстанове падаюць шашлычную каўбаску з бігусам, тамлёныя рэбры і бульбу.
Некаторыя карыстальнікі раілі наведаць рэстаран-бровар «Гости» на Замкавай, 3.
Іншыя ўдзельнікі абмеркавання напісалі, што ніякія з прапанаваных сэтаў ім не падабаюцца, таму лепш “проста выбраць добрую ўстанову і схадзіць без прывязкі да гастрафестывалю”.
А што кажуць ва ўстановах, якія не ўдзельнічаюць у фестывалі?
На хвалі абмеркаванняў сэтаў ад устаноў, якія ўдзельнічаюць у Gastrofest, бар Mad апублікаваў свой пост.
«0 афіцыянтаў, якія плачуць у падсобцы, за выхадныя. 0 заяў на звальненне ад кухараў. Ніхто не складае рэйтынгі ад 0 да 10 у інсце з нагоды нашай ежы і не абураецца тым, што іх стравы не адпавядае фатаграфіі. Карацей, адчуваю, што ёсць нейкі падвох, а потым раптоўна ўспамінаю, што мы ж не ўдзельнічаем у фестывалі», — іранізуюць ва ўстанове.
Чытайце таксама: У Гродна прыйшоў новы трэнд — моці-чызкейкі. Гродзенцы спрачаюцца з-за кошту дэсерту





