У Краснасельскім пад Ваўкавыскам зносяць карпусы старога цэментнага завода. Цяпер разбіраюць тры самыя высокія будынкі, якія, паводле інфармацыі прадпрыемства, знаходзяцца ў перадаварыйным стане. У Threads жыхары дзеляцца ўспамінамі і абмяркоўваюць, ці можна было захаваць комплекс. У 2021 годзе яму адмовілі ў статусе гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Пра знос расказала ў Threads мясцовая жыхарка Дар’я.

«Для мяне гэта занадта кранальна! Столькі жыццяў працавалі тут, столькі сіл было ўкладзена для гісторыі не толькі нашай краіны! Мы ўсе развітваемся з легендай цэментнай прамысловасці і ўсім маім дзяцінствам!» — напісала яна.

На месцы завода папярэдне плануюць зялёную зону

Паводле інфармацыі раённай газеты «Наш час», разборку карпусоў пачалі яшчэ ў 2025 годзе. Падрадчыкам стала ТДА «Экология города», якое прыступіла да дэмантажу збудаванняў у красавіку 2026-га. Цяпер пачаўся кантраляваны знос трох самых высокіх будынкаў.

Начальнік аддзела капітальнага будаўніцтва ААТ «Краснасельскбудматэрыялы» Ігар Галецкі патлумачыў, што карпусы знаходзіліся ў перадаварыйным стане. Паводле яго слоў, магчымасць іх выкарыстання было б прасцей разглядаць, калі б будынкі стаялі побач, аднак яны раскіданыя па пляцоўцы прадпрыемства. Для правядзення работ атрымалі дазвол Дзяржбуднагляду.

Метал адправяць на перапрацоўку. Бетон і цэглу пасля драбнення збіраюцца выкарыстоўваць для рэкультывацыі або падсыпкі дарог у кар’ерах прадпрыемства.

Пасля завяршэння работ тэрыторыю плошчай каля 16 гектараў плануюць перадаць на баланс Краснасельскага сельвыканкама. Папярэдне тут хочуць уладкаваць зялёную зону.

снос завода Волковыск
Знос старых будынкаў. Фота: volkovysknews.by

«Можна жа было пакінуць хоць нейкі цэх стары»

У каментарыях пад публікацыяй Дар’і карыстальнікі згадваюць завод і шкадуюць пра знікненне цагляных карпусоў.

«Была там год таму ўпершыню, ужо нават тыя руіны былі цудоўныя, а гэтым летам ужо мала што заставалася», — напісала адна з удзельніц абмеркавання.

Адзін з карыстальнікаў прапанаваў захаваць частку комплексу:

«Ой, ну, можна жа было пакінуць хоць нейкі цэх стары і зладзіць музэй новы – з экспазіцыяй і інтэрактывамі (напрыклад, катанне на БелАЗе…»

«Сумна, нашчадкі нам не даруюць, я быў там, усё ўнікальна, вельмі незвычайна. Усё велізарнае», — адзначыў іншы каментатар.

«Які прыгожы быў цагляны фасад, вельмі шкада, застанецца толькі ў нашай памяці і на фота», — напісала яшчэ адна карыстальніца.

У Краснасельскім зносяць стары цэментны завод. Яго спрабавалі захаваць, але статус помніка не далі
Так стары завод выглядаў у 2016 годзе. Фота: maxim-nm.livejournal.com

Сама Дар’я адзначыла ў каментарыях, што знос неабходны дзеля бяспекі: паводле яе слоў, на закрытую тэрыторыю спрабавалі пранікаць староннія. У адказ на прапанову стварыць музей яна выказала меркаванне, што аднаўленне запатрабавала б занадта вялікіх выдаткаў.

Пры гэтым для яе завод застаецца месцам асабістых успамінаў: «Але ў нашых сэрцах (усіх мясцовых) застанецца гэтае цудоўнае месца! Дзе ў маім дзяцінстве працавала сталовая — дзе былі самыя смачныя катлеты!» — напісала Дар’я.

Заводу адмовілі ў ахоўным статусе

У 2021 годзе комплекс спрабавалі ўключыць у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.

Абласны савет па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны разгледзеў прапанову 23 лістапада і накіраваў матэрыялы на дапрацоўку. Затым, 21 снежня, члены савета выехалі ў Краснасельскі: агледзелі карпусы, сустрэліся з прадстаўніком уласніка і правялі пасяджэнне. Паводле яго вынікаў у наданні статусу адмовілі.

снос завода Волковыск
Знос старых будынкаў. Фота: volkovysknews.by

Завод працаваў з пачатку XX стагоддзя

Гісторыю прадпрыемства адлічваюць з 1914 года — у 2014-м яно адзначыла стагоддзе. Старыя карпусы ўзвялі з элементамі паўночнага мадэрну побач з радовішчам мелу. Цэмент прызначаўся ў тым ліку для будаўніцтва ўмацаванняў Гродзенскай крэпасці.

Пасля Другой сусветнай вайны завод рэканструявалі і назвалі «Победа». У наступныя дзесяцігоддзі вытворчасць пашыралі і мадэрнізавалі, але з часам абсталяванне і будынкі знасіліся. На мяжы 1990-х і 2000-х старая вытворчасць спыніла працу.

Ужо ў 2016 годзе фатограф і блогер Максім Міровіч паказваў часткова разабраныя карпусы: у некаторых не было даху, з тэрыторыі вывозілі метал і цэглу. Стары комплекс паступова разбураўся побач з дзейным прадпрыемствам «Краснасельскбудматэрыялы».