У Гродзенскай вобласці падчас акцыі «Дай лесу новае жыццё!» плануюць аднавіць амаль 300 гектараў лесу. Але спачатку тэлерадыёкампанія «Гродна» паведаміла пра 1750 гектараў. Пазней у новых публікацыях з’явілася лічба амаль у шэсць разоў меншая. Навіна з большай лічбай цяпер выдаленая, аднак першапачатковы маштаб захаваўся ў прэв’ю спасылак і пошукавай выдачы.

У першай навіне гродзенскае тэлебачанне абяцала аднаўленне 1750 гектараў лесу. Для маштабу: гэта амаль палова плошчы, на якой лясгасы ўсёй вобласці правялі лесааднаўленне і лесаразвядзенне за 2024 год. Такі аб’ём у першым анонсе прыпаў усяго на восем дзён акцыі.

Мяркуючы па захаваных прэв’ю і пошукавай выдачы, лічба 1750 гектараў была ў публікацыях тэлеканала ў TikTok і Threads, а таксама ў тытрах роліка. Відэа ў TikTok цяпер выдаленае.

Затым лічба змянілася: цяпер гаворка ідзе пра амаль 300 гектараў. Менавіта такая плошча пазначаная ў паведамленні тэлерадыёкампаніі ў Telegram. Новы анонс ёсць і ў Threads.

Гектары «ўсохлі». ДзяржТБ заблыталася ў лічбах пасадак: спачатку планавалі 1750 га, а пазней — толькі 300
Вынікі пошуку. Фота: скрыншот з пошукавіка

Атрымалася невялікае «ўсыханне» яшчэ да пачатку пасадак — пакуль толькі ў анонсе. Сама змена лічбы ў публікацыях не азначае, што планы лесааднаўлення сапраўды скарацілі. Хутчэй за ўсё, яны былі такімі першапачаткова.

Што і дзе ўсё ж будуць аднаўляць

Акцыя «Дай лесу новае жыццё!» пройдзе з 17 па 24 кастрычніка. Яе прысвецяць аднаўленню лясоў, якія пацярпелі ад ураганных вятроў і ўсыхання насаджэнняў.

Паводле абноўленага паведамлення тэлерадыёкампаніі «Гродна», у вобласці плануюць аднавіць амаль 300 гектараў на тэрыторыі розных раёнаў. Больш за ўсё добраахвотнікаў чакаюць у Іўеўскім, Лідскім і Смаргонскім раёнах.

Для ўдзелу трэба звярнуцца ў лясгас або лясніцтва. Спецыялісты падбяруць участак, дадуць пасадачны матэрыял і інвентар.

Улетку вецер пашкодзіў каля 150 гектараў лесу

Аднаўляць лес у рэгіёне сапраўды варта. Ураганны вецер з парывамі да 20 м/с, які прайшоў 1 ліпеня 2026 года, пашкодзіў каля 150 гектараў насаджэнняў. Больш за ўсё пацярпелі Смаргонскі, Іўеўскі, Карэліцкі, Навагрудскі і Ваўкавыскі лясгасы.

На 70 гектарах дрэвы былі знішчаныя цалкам — гэтыя ўчасткі патрабавалі суцэльнай санітарнай высечкі. На астатніх 80 гектарах патрэбныя былі выбарачныя высечкі.

Колькі лесу ў Гродзенскай вобласці

Паводле даных, апублікаваных Гродзенскім аблвыканкамам у верасні 2023 года, плошча лясоў рэгіёна складала 1,01 млн гектараў, а лясістасць — 36% тэрыторыі вобласці.

Тады ж паведамлялася, што лесааднаўленне і лесаразвядзенне правялі на плошчы больш за 3000 гектараў. З іх звыш 2600 гектараў новых лясоў стварылі пасевам і пасадкай.

У 2024 годзе лясгасы вобласці правялі лесааднаўленне і лесаразвядзенне на плошчы 3706,9 гектара пры плане 3225 гектараў, паведамляў генеральны дырэктар Гродзенскага ДВЛГА Міхаіл Ігнацік.

Паводле слоў Ігнаціка, тады ў гадавальніках вырасцілі больш за 44,8 млн сеянцаў і саджанцаў, якія адпавядаюць стандартам для стварэння лясных насаджэнняў.