Для гродзенцаў падрыхтавалі спіс месцаў, дзе можна на свежым паветры пазаймацца спортам у адзіночку ці ў кампаніі. Спіс з сямі лакацый склала медыя Kobamatch.
Што патрапіла ў спіс?
Медыя прапануе гродзенцам звярнуць увагу на лесапарк Пышкі, спортпляцоўкі ля школ і стадыён «Нёман». Таксама ў спіс патрапіла воркаут-пляцоўка на Дзевятоўцы і корты для камандных гульняў.
Пышкі
У лесапарку ёсць «Сцежка здароўя», якая падыдзе аматарам пешых прагулак на прыродзе. Таксама ў Пышках ёсць спортпляцоўка, дзе можна пазаймацца варкаўтам, а яшчэ перыядычна праходзяць паркавыя забегі на пяць кіламетраў – удзел у іх бясплатны.
Мікрараён Дзевятоўка
На вуліцы Курчатава, 39 ёсць воркаут-пляцоўка: можна выконваць сілавыя практыкаванні або патрэніравацца ў армрэстлінгу.
ЦСК “Нёман”
На стадыёне ёсць чатыры бегавыя дарожкі з пакрыццём, якое падыходзіць для любых умоў надвор’я. Разавы занятак у трэнажорнай зале абыдзецца ў 7 руб., гульня ў вялікі тэніс у крытым манежы каштуе 17 руб., бегавая трэніроўка на полі са штучным пакрыццём – 37 руб.
Аўгустоўскі канал
Медыя прапануе гродзенцам звярнуць увагу і на іншыя лакацыі, якія знаходзяцца па-за межамі горада. Напрыклад, на Аўгустоўскім канале можна паўдзельнічаць у водным вяслярным марафоне. Мерапрыемства запланавана на 3 і 4 кастрычніка.
Чытайце таксама: Hrodna.life запускае віртуальны забег «След Святога Губерта»



