У Гродне адновяць і рэстаўруюць паравоз Л2135, выведзены з эксплуатацыі. Яго будуць паказваць у культурна-гістарычным парку “Стары горад” на базе АТК «Гарадзенскі маёнтак “Каробчыцы”. Таксама для аснашчэння будынкаў парку закупляюць прадметы даўніны.
Паравоз Л2135 – гэта савецкі магістральны грузавы паравоз. Заказчык адзначае, што паслугі па аднаўленні і рэстаўрацыі паравоза носяць вузкаспецыялізаваны характар. Выканаўца павінен мець спецыялізаваную вытворчую базу, тэхналагічнае абсталяванне і тэхнічную дакументацыю. На працы гатовыя аддаць 120 601 рубель.

Прадметы даўніны павінны ставіцца да перыяду канца XIX — пачатку XX стагоддзя, адпавядаць гістарычнаму стылю і інтэр’ернай канцэпцыі будынкаў культурна‑гістарычнага парку «Стары горад». Прадавец павінен прадаставіць фотафіксацыю, апісанне і звесткі аб стане прадметаў.
Што трэба парку:
- Буфет з дэкаратыўным шкленнем,
- Драўляны буфет з адкрытымі нішамі,
- Драўляная аднастворкавая шафа,
- Канапа з філянговай падставай,
- Ложак,
- Драўляная калыска на палазах,
- Доўгі абедзенны стол з масіва дуба,
- Пісьмовы стол з разбянымі тумбамі,
- Пара кабінетных крэслаў з скураной абіўкай,
- Крэсла з высокай спінкай,
- Падлогавы гадзіннік у разбяным корпусе,
- Старадаўняя калыска на колах і палазах,
- Набор мэблі для тэрасы,
- Падлогавы таршэр,
- Стол шахматны,
- Вітрына,
- Наборная каса,
- Прэс,
- Машына часу (механічная энцыклапедыя).
Пры гэтым яны не павінны падпадаць пад крытэрыі, устаноўленыя заканадаўствам для надання ім статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці, і не быць археалагічнымі прадметамі, абмежаванымі ў абароце. Усе прадметы павінны прайсці рэстаўрацыю або перадпродажную падрыхтоўку ў залежнасці ад фактычнага стану. На ўсё Гродзенскі мясакамбінат вытраціць 171 000 рублёў.
На тэрыторыі агратурыстычнага комплексу “Гарадзенскі маёнтак Каробчыцы” запланавалі пабудаваць культурна-гістарычны парк «Стары горад». Узвядуць будынкі, стылізаваныя пад друкарню, рыцарскую школу, чыгуначны вакзал, кінатэатр і іншыя. У іншым дакуменце таксама фігуруе беларуская, руская і яўрэйская хаты.
Чытайце таксама: Муляж у “Каробчыцах”: ці варта будаваць новы «Стары горад», калі сапраўдны — побач?



