Гродзенскі журналіст і былы палітвязень Анджэй Пачобут плануе вярнуцца ў Польшчу ў аўторак, 15 верасня. Пра гэта паведаміла агенцтву PAP старшыня Саюза палякаў Беларусі Анжаліка Борыс, піша Radio ZET. За тыдзень, які Пачобут правёў у Беларусі, ён сустрэўся з роднымі, сябрамі і актывістамі польскай меншасці, наведаў некалькі гарадоў і месцы памяці.
Пачобут прыехаў у Беларусь 8 верасня. У Гродне ён сустрэўся з бацькамі і іншымі блізкімі, а 9 верасня наведаў офіс Саюза палякаў (СПБ). Асабліва кранальнай, паводле Борыс, стала сустрэча са сталымі жанчынамі, якія насілі Пачобуту перадачы ў турму: яны абдымалі яго і плакалі.
Анджэй таксама завітаў у мясціны Гродзеншчыны, звязаныя з польскім патрыятычным рухам. У Сапоцкіне ён наведаў магілы польскіх жаўнераў, загінулых у верасні 1939 года, у Азёрах — магілу паўстанцаў 1863 года.
Куды акрамя Гродна паехаў Анджэй Пачобут
Разам з Борыс Пачобут пабываў у Мінску і іншых гарадах, дзе дзейнічае Саюз палякаў. Сярод тых, з кім пабачыўся журналіст у Мінску, — былы палітвязень лекар Андрэй Любецкі, які адначасова з Анджэем і Анжалікай сядзеў у жодзінскім СІЗА ў суседняй камеры. У Івянцы ён пабываў на могілках, дзе пахаваныя Казімір і Люцыя Дзяржынскія, якія падчас Другой сусветнай вайны працавалі на разведку Арміі Краёвай. Казімір — родны брат Фелікса Дзяржынскага, таму яго магіла — адзіная ў Беларусі магіла ўдзельніка АК, якую даглядае беларускае КДБ.
Пазней адбыліся візіты ў Ваўкавыск і Кобрын. У Ваўкавыску кіраўнік мясцовага аддзялення Саюза палякаў Ежы Чупрэта паказаў Пачобуту новы пункт вывучэння польскай мовы. Ён мае адкрыцца 15 верасня. Пачобут падкрэсліў значэнне гэтага месца пасля таго, як у 2022 годзе польская мова перастала быць мовай навучання ў мясцовай школе, паведамляе TVN24.
Падыходзілі незнаёмыя людзі і віталіся па-польску
Кіраўніца СПБ прызнала, што падчас сустрэч беларускія палякі найчасцей пытаюцца ў Анджэя пра здароўе і пра тое, як ён вытрымаў пяць гадоў зняволення.
— Калі некалькі дзён таму ён ішоў праз адну з плошчаў у Мінску, да яго падыходзілі незнаёмыя людзі і віталіся з ім па-польску. Палякі ведаюць, што ён прысвяціў польскай справе значную частку свайго жыцця, і ўдзячныя яму за гэта, — падкрэсліла яна.
Будзе голасам беларускіх палякаў у Польшчы
Саюз палякаў разлічвае, што Пачобут будзе прадстаўляць у Польшчы інтарэсы польскай меншасці ў Беларусі. Ён, між іншым, уваходзіць у Кансультатыўную раду польскай дыяспары пры маршалку Сената Польшчы.
— Мы ўсведамляем, што Анджэй будзе нашым голасам у Польшчы, — сказала яна.
Пасля вяртання з Беларусі Анджэй Пачобут плануе паехаць у ЗША і Канаду для сустрэч з прадстаўнікамі ўладаў і польскай дыяспары.



