Камітэт Дзяржкантролю (КДК) устанавіў, што пяць устаноў сярэдне-спецыяльнай адукацыі Гродзенскай вобласці закуплялі паслугі па мыцці бялізны ў прыватных кампаній — і пераплачвалі ім.

Дагаворы заключаліся асобна з кожным каледжам, але прыватная кампанія-пастаўшчык была адна. Пры гэтым установы адукацыі не вывучалі рынак і кошт паслуг ад іншых фірм, у тым ліку дзяржаўных. У выніку на мыццё бялізны штогод трацілі каля 30 тыс. з дзяржбюджэту.

КДК таксама ўстанавіў, што такія паслугі па мыццю бялізны ў Гродзенскай вобласці дзяржкампаніі прапануюць па больш нізкіх цэнах – прыкладна на чвэрць танней, чым прыватнікі.

«Аднак і яны [дзяржаўныя арганізацыі – заўв. Hrodna.life], нягледзячы на ​​няпоўную загрузку і наяўнасць філіялаў у раёнах, пасіўныя ў пашырэнні кліенцкай базы і самастойна не падавалі заяўкі для ўдзелу ў працэдурах закупак, якія праводзяцца каледжамі», — дадалі ў КДК. 

Каб бюджэтныя сродкі выкарыстоўваліся больш эфектыўна, КДК праінфармаваў Гродзенскі аблвыканкам і райвыканкамы аб выніках праведзенага аналізу.

Чытайце таксама: У Гродне студэнткам за хабар дапамаглі закрыць прагулы — завялі крымінальную справу