Супрацоўнік гродзенскага АМАПа і былы лёгкаатлет Арцём Логіш напісаў карыстальніку Threads паведамленні з абразамі, нецэнзурнай лексікай і пагрозамі. Скрыншоты перапіскі карыстальнік апублікаваў у сацсетцы. Раней Логіша дыскваліфікавалі на тры гады за допінг. У 2020 годзе ён праходзіў пацярпелым па крымінальнай справе супроць гродзенскага таксіста Аляксея Лапы.

Што адбылося ў Threads

Карыстальнік Threads з нікам girikalex, які пакідае іранічныя каментары пад публікацыямі прыхільнікаў Аляксандра Лукашэнкі, апублікаваў скрыншоты асабістай перапіскі з Арцёмам Логішам, паведамляе «Наша Ніва».

Мяркуючы па скрыншотах, паведамленні былі адпраўлены з акаўнта Логіша, на аватарцы якога розмешчаны чырвона-зялёны сцяг. У перапісцы суразмоўца выкарыстоўваў нецэнзурную лексіку і абразы. У прыватнасці, пытаўся: «Калі вы пазакрываеце я*льнікі?»

Аўтар публікацыі вывучыў акаўнт суразмоўцы і высветліў, што яму пісаў былы прафесійны спартсмен і супрацоўнік АМАПа Арцём Логіш.

Чэмпіён Беларусі, якога дыскваліфікавалі за допінг

Арцём Логіш родам з аграгарадка Цырын Карэліцкага раёна. Ён прафесійна займаўся лёгкай атлетыкай, неаднаразова станавіўся чэмпіёнам Беларусі, перамагаў на Мінскім паўмарафоне і заваяваў бронзавы медаль чэмпіянату Еўропы па лёгкаатлетычным кросе ў 2018 годзе.

Пры гэтым як мінімум з 2013 года Логіш служыў у АМАПе.

Пазней у яго спартыўнай кар’еры адбыўся допінгавы скандал. Нацыянальнае антыдопінгавае агенцтва выявіла ў спартсмена забаронены мельдоній. Логіша дыскваліфікавалі на тры гады — да 2027 года.

«Калі вы пазакрываеце я*льнікі». Гродзенскі амапавец і былы чэмпіён Беларусі абмацюкаў карыстальніка Threads
Паведамленні Арцёма Логіша. Фота: girikalex/threads

У 2020 годзе быў пацярпелым у справе таксіста Аляксея Лапы

Імя Арцёма Логіша ўжо з’яўлялася ў навінах Гродна пасля пратэстаў 2020 года. Ён быў адным з пацярпелых па крымінальнай справе супраць таксіста Аляксея Лапы.

11 жніўня 2020 года каля кінатэатра «Кастрычнік» сілавікі разганялі ланцуг салідарнасці. На паркоўцы яны заўважылі аўтамабіль Лапы і пачалі біць па машыне дубінкамі. Вадзіцель паспрабаваў з’ехаць і зачапіў двух амапаўцаў. Пасля гэтага машыну спынілі, а Лапу і людзей, якія былі з ім, затрымалі і збілі.

Супраць Лапы распачалі крымінальную справу за гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі. Адным з пацярпелых прызналі Логіша: аўтамабіль зачапіў яго, аднак сур’ёзных траўмаў ён не атрымаў.

Сам Лапа пасля затрымання апынуўся ў бальніцы. У яго былі шматлікія пераломы і вывіхі, у 2020 годзе яму зрабілі дзве аперацыі.

«Калі вы пазакрываеце я*льнікі». Гродзенскі амапавец і былы чэмпіён Беларусі абмацюкаў карыстальніка Threads
Аляксей Лапа падчас затымання і ў бальніцы. Фота: з архіва

Ён таксама падаваў заяву ў Следчы камітэт з просьбай правесці праверку па факце збіцця супрацоўнікамі АМАПа. У студзені 2021 года яму паведамілі пра адмову ў завядзенні крымінальнай справы «за адсутнасцю ў дзеянні складу злачынства».

Суд над Лапам працягваўся некалькі месяцаў. Пракурор запрасіў для яго тры гады калоніі агульнага рэжыму, канфіскацыю аўтамабіля і кампенсацыю судовых выдаткаў. Абарона настойвала на апраўданні.

Да заканчэння працэсу Лапа пакінуў Беларусь. Ён нелегальна перайшоў беларуска-літоўскую граніцу і папрасіў у Літве палітычны прытулак. Hrodna.life тады распавядаў, што рашэнне з’ехаць ён прыняў незадоўга да таго, як мусіў выступіць у судзе з апошнім словам.

«У мяне быў толькі адзін выбар — уцякаць. Я з’яўляюся пацярпелым, а мне хочуць даць тры гады калоніі», — распавядаў Лапа Hrodna.life у сакавіку 2021 года.