Жыхары вёскі Малая Альшанка просяць чыноўнікаў прывесці ў парадак праезную дарогу. Каштарыс для рамонту падалі яшчэ ў 2024 годзе, але з таго моманту справа так і не зрушылася з месца.

Дарога «забітая цалкам»

Да чыноўнікаў з просьбай адрамантаваць дарогу мясцовыя звярталіся асабіста, а таксама дасылалі заяўкі праз сэрвіс 115.бел.

«Каштарыс для рамонту дадзенай дарогі жыхары аднеслі старшыні яшчэ ў 2024 годзе. Было абяцана, што яе [дарогу] адрамантуюць, сказана, што грошы на гэта ёсць… На двары 2026 год. Мабыць, грошы пайшлі на нешта іншае ці камусьці іншаму», – падзяліліся інфармацыяй у TikTok жыхары Малой Альшанкі.

У каментарах пад ролікам жыхары дадаюць, што з-за перакрыцця іншай вуліцы, цэлы месяц транспарт ездзіў выключна па гэтай дарозе “і забіў яе цалкам”.

Чыноўнікі адказалі, чаму дарогу не рамантуюць

Таксама мясцовыя жыхары апублікавалі адказ камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Гродзенскага аблвыканкама. У адказе на запыт адрамантаваць дарогу чыноўнікі пішуць, што дарога праходзіць па ўчастку, якім валодае Гродзенская птушкафабрыка – і служыць для праезду сельгастэхнікі.

“Гэты праезд не з’яўляецца дарогай агульнага карыстання, адпаведна і не можа быць прыняты на баланс для яго абслугоўвання і правядзення адпаведных рамонтаў”.

У каментарах аўтар апублікаванага роліка звяртае ўвагу, што на бланку адказу год прапісаны ручкай, а не надрукаваны на друкарцы.

“Каб, напэўна, адпраўляць адно і таксама неаднаразова”, – мяркуе карыстальнік.

Чытайце таксама: Трасу Гродна—Мінск зробяць больш бяспечнай для жывёлін. Папярэднія спосабы абмежаваць іх выхад на дарогу праваліліся