Дзеці ў парку Жылібера ператварылі галіны вярбы ў імправізаваныя арэлі. Тэлерадыёкампанія «Гродна» паказала відэа з такой забавай і заклікала бацькоў патлумачыць дзецям, што парк — «не пляцоўка для экстрыму». Але большасць каментатараў пад відэа сталі на бок дзяцей: успомнілі тарзанкі, будоўлі і уласнае дзяцінства без смартфонаў.

Відэа з дзецьмі, якія розгойваюцца на доўгіх галінах вярбы ў парку Жылібера, апублікавала ў Instagram Тэлерадыёкампанія «Гродна».

Аўтары публікацыі назвалі такую забаву «імправізаваным атракцыёнам», адзначыўшы, што яна можа быць небяспечнай як для саміх дзяцей, так і для дрэва: галіны могуць зламацца.

«Бацькі, будзьце пільнымі! Paстлумачце дзецям, што парк — гэта не пляцоўка для экстрыму, і нагадайце пра правілы бяспекі на канікулах», — заклікалі аўтары відэа. Пра наступствы для дзяцей з відэа пакуль размовы не ішло.

«Тэрміновыя навіны: дзеці паводзяць сябе як дзеці»

У каментарах многія гродзенцы не ўбачылі ў тым, што адбываецца, нічога незвычайнага і пачалі ўспамінаць уласнае дзяцінства.

«Ды адчапіцеся ўжо ад дзяцей! Сядзяць у тэлефонах — дрэнна! Катаюцца на самакатах, веласіпедах — дрэнна! Давайце ўспомнім, як мы 30 гадоў таму гулялі: будоўлі, ножыкі, казакі-разбойнікі, будавалі шалашы, дакладна так каталіся на дрэвах», — напісала адна з карыстальніц. Яе каментар сабраў больш за 460 адзнак «Падабаецца».

«Добра, што ў нашым дзяцінстве не было тэлефонаў з камерамі», — заўважыў іншы каментатар. Гэты каментар набраў больш за 380 лайкаў.

Іншыя былі яшчэ больш лаканічнымі:

«Тэрміновыя навіны: дзеці паводзяць сябе як дзеці».

«Усе так рабілі, ці не?»

«Мы яшчэ і над вадой так рабілі і падалі ў ваду. Як добра, што нічога не здымалі на тэлефоны».

Адзін з карыстальнікаў расказаў, што ў гэтым годзе ўжо сам паказаў дзіцяці, як катацца на вярбе і рабіць з пераплеценых галін сваеасаблівыя арэлі.

Дзецям у Гродне «забаранілі» лазіць па дрэвах. Дарослыя абурыліся
Дзеці катаюцца на вярбе ў парку. Фота: скрын з відэа

«Затое бясплатна»

Некаторыя гродзенцы звярнулі ўвагу на тое, што дзецям у цэнтры горада не хапае бясплатных забаў.

«Таму што ў горадзе няма добрых рознаўзроставых дзіцячых пляцовак», — напісаў адзін з каментатараў.

Яшчэ адна карыстальніца адзначыла, што ў парку няма бясплатных арэляў, а паход на платныя атракцыёны з дзецьмі — не таннае задавальненне.

«Дрэвы псаваць, вядома ж, нельга, але тое, што ў парку няма бясплатных арэляў, — гэта вялізны мінус. Цэнтр горада, сямейныя забавы, якія можна аплаціць толькі ў дзень зарплаты», — напісала яна.

Пашкадавалі дрэва і дзяцей

Але не ўсе каментатары падтрымалі такую забаву дзяцей. Некаторыя нагадалі, што вярба — жывое дрэва, якое дзеці могуць пашкодзіць.

«Гэта што, арэлі? Гэта жывое, прыгожае дрэва, якому шмат гадоў і якое ўпрыгожвае наш горад», — абурылася адна з карыстальніц і прапанавала штрафаваць бацькоў за псаванне дрэў.

Іншы каментатар назваў сітуацыю спрэчнай: «Нібыта хайп, але дрэва шкада».

Гучалі і апасенні за саміх дзяцей. Адзін з карыстальнікаў нагадаў, што падобныя імправізаваныя «тарзанкі» робяць у тым ліку над Нёманам, дзе падзенне можа скончыцца дрэнна, і прапанаваў абсталяваць для такіх забаў бяспечнае месца.