Развітанне з палітыкам і ўраджэнцам Гродна Аляксандрам Мілінкевічам адбудзецца 22 жніўня ў Варшаве. Палітыка і актывіста пахаваюць на Воінскіх могілках у Павонзках.

Развітацца з Аляксандрам Мілінкевічам можна будзе па адрасе Свентаянска, 8 у 10:00. Пахаванне на Воінскіх могілках у Павонзках пачнецца ў 15:00.

Родныя і блізкія запрашаюць усіх, хто хацеў бы ўшанаваць памяць Аляксандра Міленкевіча.


Аляксандр Мілінкевіч памёр 11 жніўня 2026 — пра яго сыход паведамілі блізкія.  Яму было 79 гадоў. У лістападзе мінулага года Мілінкевіч перанёс складаную аперацыю. Урачы выявілі тромб, які перакрываў правую сонную артэрыю на 80%.

Аляксандр Мілінкевіч нарадзіўся 25 ліпеня 1947 года ў Гродне. Ён скончыў фізіка-матэматычны факультэт Гродзенскага педагагічнага інстытута і пачаў кар’еру як настаўнік у нашым горадзе. Пазней працаваў інжынерам, старэйшым выкладчыкам і дацэнтам Гродзенскага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.

З 1990 па 1996 год Мілінкевіч быў намеснікам старшыні Гродзенскага гарыканкама. Ён адказваў за адукацыю, культуру, ахову здароўя, спорт, моладзь, СМІ, рэлігійныя пытанні, міжнародныя адносіны і гістарычную спадчыну.

Одна з прыкметных ініцыятыў — арганізацыя рэстаўрацыі старадаўняга вежавага гадзінніка на Фарным касцёле.

У 1996–1997 гадах Мілінкевіч узначальваў баскетбольны клуб «Гродна-93». У 2001 годзе ён кіраваў перадвыбарчым штабам Сямёна Домаша. У кастрычніку 2005 года на Кангрэсе дэмакратычных сіл быў абраны «адзіным кандыдатам ад дэмакратычных сіл» на выбарах прэзідэнта Беларусі. У 2006 годзе ўзяў удзел у прэзідэнцкай кампаніі ў якасці кандыдата.

У верасні 2022 года Мілінкевіч быў прызначаны пазаштатным дарадцам Святланы Ціханоўскай па еўрапейскім выбары Беларусі.

Чытайце таксама: Хранометр, які лічыць гродзенскі час. Як Аляксандр Мілінкевіч перазапусціў 500-гадовы гадзіннік