На вуліцы Дубко ў Гродне будаўнікі ўзводзяць стаматалагічны цэнтр. У медустанове з’явяцца неабходныя аддзяленні і абсталяванне, каб гродзенцы маглі атрымаць комплекснае лячэнне ў адным месцы. Аб ходзе будаўніцтва піша SB.BY.
Што з’явіцца ў стаматалагічным цэнтры на Дубко?
У чатырохпавярховым цэнтры будзе лячэбна-хірургічнае і рэнтгеналагічнае аддзяленне, аперацыйны блок, а таксама блок для экстранага прыёму інфіцыраваных пацыентаў. Таксама плануюць зрабіць фізіятэрапеўтычны кабінет і зубатэхнічную лабараторыю.
Для працы клінікі плануюць закупіць сучаснае абсталяванне: камп’ютарны тамограф, дэнтальны апарат і 3D-друкарку для зубных пратэзаў.
Чытайце таксама: «Прасцей з’ездзіць у Турцыю». Гродзенку здзівілі чэргі на пратэзаванне на некалькі гадоў наперад і размяшчэнне стаматалогіі
Якія складанасці ўзніклі падчас будаўніцтва?
Будаўніцтва стаматалагічнага цэнтра пачалі ў кастрычніку 2025 года — тады ж будаўнікі сутыкнуліся з першымі складанасцямі. Пры ўсталёўцы апорных канструкцый натыкаліся на старыя падмуркі і цэглу, якія засталіся ў зямлі. Меркавана, гэта фрагменты цагельні, якая існавала там у мінулым.
Летам 2026 года спецыялісты ўзводзяць сцены і абсталююць пад’язныя шляхі. Сам будынак будзе выкананы ў строгім лаканічным стылі з нейтральнай каляровай гамай.
Плошча будучай клінікі складзе больш за 5,2 тыс. м. кв. Побач уладкуюць паркоўку на 19 месцаў. У самой клініцы прадугледзяць безбар’ернае асяроддзе.
Завяршыць будаўніцтва цэнтру плануюць у другім квартале 2027 года.
Чытайце таксама: Стала вядома, як можа выглядаць былая бальніца №2 пасля рэканструкцыі пад ЖК



