У ліпені ў каментарах да Карэліцкай цэнтральнай раённай бальніцы на Яндекс.Карты з’явіўся абураны водгук. Маці паведаміла, што яе дзіцяці з адкрытым пераломам не аказалі дапамогу і адправілі ў Лідскую ЦРБ у 60 км. Скрыншот паста апублікавала іншая доктарка ў сацсетках — гэта падсвятліла сістэмную праблему з медыцынай у Беларусі.

“Не заўважылі ў дзіцяці адкрыты пералом, не аказалі першую медыцынскую дапамогу! У бальніцы! Адправілі на зашыванне адкрытага пералому ў Ліду, хацелі яго зашыць! Нават таблетку супрацьзапаленчага не далі! Усё што вы зрабілі, лекары, гэта выклікалі РУУС! Сорам вам і ганьба.. Буду звяртацца наўпрост да прэзідэнта, каб такіх «лекараў» у турму адразу! Дзіцяці рассеклі нагу сякерай, нават не зрабілі ўкол ад слупняка! Вам нават 1 зорку ставіць шмат”, – напісала абураная маці.

Гэты скрыншот апублікавала беларуска – сама доктарка. Яна патлумачыла: у гэтай бальніцы застаўся адзін хірург. Адпаведна, няма аддзялення і дзяжурстваў. Таму людзей перанакіроўваюць у іншую раённую бальніцу для аказання дапамогі. Да таго ж, хутка нават у адзінага хірурга заканчваецца адпрацоўка ў Карэліцкай ЦРБ – верагодна, ён з’едзе.

Калегі ў каментарах дадаюць, што выклік міліцыі на падобныя траўмы – гэта дзеянні па пратаколе. Некаторыя каментатары лічаць, што скаргі – гэта добра, калі яны на саму сітуацыю, а не на лекара. Маўляў, міністры задумаюцца і зрабіць умовы для лекараў лепш.

Хтосьці прапаноўваў экстранна выклікаць лекара – маўляў, як яго няма? У каментарах адказвалі, што ў лекара павінны быць выходныя і адпачынак — у тым ліку для бяспекі ўжо запісаных пацыентаў.

На тыдзень усё распісана

У структуру хірургічнай службы паліклінікі ЦРБ уваходзіць кабінет хірурга, гнойная і чыстая перавязачная, гіпсавая. Прыём вядзецца па трох напрамкам – хірургія, траўматалогія, уралогія.

Там працуюць два супрацоўнікі – урач-хірург Ягор Александровіч і медсястра хірургічнага кабінета Галіна Скшынецкая.

Па няцотных днём Аляксандравіч працуе з 8:00 да 14:10, па цотных — з 14:10 да 19:21. Бліжэйшыя талоны да яго ёсць на 28 ліпеня.

Другога хірурга шукаюць

Пры гэтым у Карэліцкай цэнтральнай раённай бальніцы адкрыты 26 вакансій. Сярод іх – урач-хірург. За 0.75 стаўкі яму прапануюць 2400-2600 рублёў.

Чытайце таксама: “Хто будзе лячыць нацыю праз шэсць год?”. У ГрДМУ ўпершыню за апошнія гады недабор на бюджэт