Гродзенскаму блогеру Міхаілу Драгуну (iceedvard) прызначылі 1 год і 6 месяцаў пазбаўлення волі. Такі тэрмін запрасіў дзяржаўны абвінаваўца падчас судовых спрэчак. Пра прысуд у сваім Telegram-канале распавяла партнёрка блогера Яўгенія Тарасенка (Jennie.T).
Судовае рашэнне па справе вынеслі 16 ліпеня. Судзілі Міхаіла не за махлярства, а за прычыненне маёмаснай шкоды без прыкмет крадзяжу ў буйным памеры і паклёп. Таксама Міхаіл павінен аплаціць адваката Аляксандры Сцяцэнка, сыну якой ён збіраў грошы (1500 рублёў). І маральную кампенсацыю за паклёп — 1700 рублёў.
У Міхаіла ёсць час аспрэчыць рашэнне: яно яшчэ не ўступіла ў законную сілу. Паколькі хлопца ўзялі пад варту калі ён быў непаўналетнім, дзень у СІЗА залічваецца за два. Гэта значыць, Міхаіл выйдзе на волю праз два-тры месяцы.
Раней Тарасенка паведамляла, што разгляд справы ўжо некалькі разоў пераносіўся. Паводле яе слоў, матэрыялы справы вывучаны, бакі выступілі ў спрэчках. Таксама Міхаіл Драгун выступіў з апошнім словам у судзе. Яна распавяла, што яго прамова доўжылася каля дзвюх гадзін і была для яе настолькі эмацыйнай, што яна не змагла стрымаць слёз.
Міхаіл знаходзіцца пад вартай са снежня 2025
Аператыўнікі затрымалі гродзенскіх блогераў Міхаіла Драгуна і Яўгенію Тарасенку 4 лістапада мінулага года. Па дадзеных МУС, яны збіралі грошы на лячэнне цяжкахворага дзіцяці Івана Сцяцэнкі, але нібы патрацілі частку грошай на сябе.
Праз два дні міліцыя апублікавала відэа затрымання блогераў. На кадрах бачна, як сілавікі спыняюць іх аўтамабіль на вуліцы Гарнавых. У роліку паказаны і прызнанні затрыманых і іх знаёмых. Паведамлялася і пра ператрус у кватэры гродзенцаў.
Затрыманых адпусцілі 7 лістапада пад падпіску аб нявыездзе. Але ўжо ў снежні 2025 стала вядома, што Міхаіла затрымалі паўторна.



