Беларуска Дыяна замовіла на вяселле фатографа, відэаграфа і кавер-бэнд. Свята ў італьянскім стылі праходзіла на вялікай пляцоўцы ў Гродзенскай вобласці. У сваім Instagram дзяўчына расказала, колькі ў выніку сям’я выдаткавала на вяселле.
Падзею беларусы адзначалі напрыканцы чэрвеня 2026 года, на вяселлі прысутнічала 40 гасцей. Вобраз нявесты каштаваў $1,3 тыс., вобраз жаніха ў разы таннейшы – $500.
Арэнда пляцоўкі ў Гродзенскай вобласці абышлася сям’і $2,1 тыс. За дэкор у выглядзе жывых кветак і лімонаў, а таксама аркі на цырымоніі і чыл-зоны са спецыяльна вырабленымі канапамі для гасцей прыйшлося даплаціць яшчэ $3 тыс.
У роліку Дыяна не называе месца, дзе знаходзілася пляцоўка. Але, мяркуючы па пакінутых каментарах, яе арандавалі ў аграгарадку Морына пад Іўе. “Вельмі спадабалася, адразу палюбілі яе”, – апісвае пляцоўку Дыяна.
Вяселле святкавалі два дні. За кейтэрынг, банкет, грыль-меню з мясам і гароднінай сям’я сумарна аддала $3,1 тыс. Дадаткова аплачвалі кактэйль-бар і працу бармэна — $1 тыс. За вясельны торт заплацілі яшчэ $300.
На свяце прысутнічалі фатограф і відэаграф, таксама сумесна з гасцямі знялі “відэа-прыкол” — усё гэта абышлося ў $1,5 тыс.
Таксама Дыяна заплаціла $800 арганізатару вяселля, а кавер-бэнду, які выступаў на свяце — $1,2 тыс. Былі на свяце і дадатковыя актыўнасці ў выглядзе салюту, каляровых фантанаў, гуку і святла — гэта абышлося яшчэ ў $1,6 тыс. Акрамя таго беларуска падлічыла, што за запрашэнне, кнігу пажаданняў і касеты на «Палароід» прыйшлося аддаць яшчэ $450.
Адзін з самых бюджэтных пунктаў выдатку – трансфер гасцей, каштаваў усяго $90.
Дыяна не агучыла кошт кольцаў, але ўключыла іх у выніковую суму вяселля – атрымалася $ 19,5 тыс.
Каментатары: «Яны трацяць свае грошы, а не вашыя»
Ролік дзяўчыны набраў больш за 200 каментароў. У абмеркаванні карыстальнікі дзеляцца сваім меркаваннем – адны падтрымліваюць Дыяну, іншыя не разумеюць, навошта патрэбныя такія вялікія траты.
«Адно пытанне, н***я?» — цікавіцца bvldslv_.
«Дзіўна, з такім бюджэтам можна было зрабіць вяселле на Капры разам з гасцямі. Нічога шыкоўнага і прыгожага не ўбачыла акрамя пантоў», — выказваецца koliada1063.
«Хто б што не казаў, але такое вяселле – мара для кожнай дзяўчыны», — піша svet_anvori.
«Хто піша “навошта”, вам гэтага не зразумець. Гэтыя ўспаміны каштуюць значна даражэй. І самае галоўнае, што кожны сам распараджаецца сваім бюджэтам, яны трацяць свае грошы, а не вашыя. Таму проста бярыце прыклад, як трэба рабіць», — лічыць zelmi4.
«Вееельмі крутое вяселле! Мы, як госці на гэтым вяселлі адчулі эстэтычнае задавальненне, гастранамічны і эмацыйны экстаз! Вы зрабілі самі сабе і нам, гасцям, такое шыкоўнае свята», — дзеліцца laffaktrisa.
Вяселлі ў Гродне бываюць і таннейшыя
У пачатку ліпеня беларуска Дар’я таксама дзялілася сваімі тратамі на вяселле ў Гродне. Сям’я адзначала падзею без гасцей, у праграме быў роспіс, паход у кафэ і фатограф на замову. Таксама маладыя куплялі да падзеі ўрачыстае адзенне і букет для нявесты.
У выніку сям’я выдаткавала каля 4,1 тыс. руб ($1410).
Чытайце таксама: “Мой заробак за 150 гадоў”. Гродзенка расказала ў TikTok, колькі патраціла на вяселле



