Анджэй Пачобут на брыфінгу для польскіх журналістаў у Беластоку 10 чэрвеня заявіў, што яго рашэнне вярнуцца ў Беларусь і жыць там не змянілася. Ён збіраецца працаваць і займацца тым, чым займаўся да арышту.
Журналістаў дагэтуль хвалюе рашэнне Анджэя Пачобута вярнуцца ў Беларусь. На пытанне пра паездку ён адказаў, што нічога не змянілася – ён плануе вярнуцца туды ў верасні перад з’ездам Саюза палякаў.
XI З’езд Саюза палякаў у Беларусі адбудзецца ў Гродне 13 верасня гэтага года, напісала ў сваіх сацсетках Анжаліка Борыс.
– Па-рознаму можна думаць, ацэньваць і бачыць, як усё гэта можа абярнуцца, але я спадзяюся на лепшае. Я б не пагадзіўся з’ехаць, калі б не атрымаў пашпарт, калі б не быў упэўнены, што змагу вярнуцца, – сказаў Анджэй. – Я б хацеў вярнуцца дадому. Мой дом у Гродне. Так здарылася, так выглядае гісторыя, што палякі жывуць у Гродне, у Беларусі. Тое, што я раблю, я раблю для палякаў, якія жывуць у Беларусі і знаходзяцца ў цяжкім становішчы сёння.

Ён адзначыў, што на арганізацыю ціснуць ужо 20 гадоў, і ўвесь гэты час ён прысутнічае ў гэтай гісторыі. Дзейнасць, якую цяпер можа весці Саюз палякаў, абмежаваная.
– Сітуацыя сёння складаная, і немагчыма параўнаць тую дзейнасць, якую сёння можа весці Саюз палякаў, з тым, што было да 20-га года, не кажучы ўжо пра нармальнае становішча польскай меншасці, таму што да 20-га года гэтая сітуацыя была ў меру нармальнай. І я думаю, што мая прысутнасць таксама пойдзе на карысць Саюзу палякаў.
Тое, у якім стане знаходзіцца арганізацыя, пакажа ў тым ліку будучы з’езд. Члены Саюза палякаў будуць пачутыя і вызначаць кірунак, у якім ён будзе рухацца.
– Безумоўна, я буду займацца тым, чым я займаўся да арышту. Пачакаем трохі, – паведаміў Анджэй.
Ён разумее, што рэжым уважліва сочыць за ўсім, што ён скажа. Многае будзе залежаць ад рэакцыі ўладаў.
Таксама Анджэй падзякаваў за акцыі салідарнасці, якія праходзілі штомесяц у Беластоку цягам пяці гадоў, і выказаў падзяку Польшчы за тое, што прыняла рэпрэсаваных беларусаў.
Гродзенскі журналіст і адзін з лідараў закрытага беларускімі ўладамі Саюза палякаў Беларусі Анджэй Пачобут выйшаў на волю 28 красавіка 2026 года ў рамках абмену. Ён адбыў пяць з васьмі гадоў калоніі. Анджэя асудзілі паводле арт. 361 КК “Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь” і арт.130 КК “Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай варожасці”.



