Анджэя Пачобута вызвалілі. На сайце інфармацыйнага агенцтва БЕЛТА з’явілася інфармацыя, што на дзяржаўнай мяжы паміж беларускім і польскім бакамі праводзіцца аперацыя па абмене затрыманымі асобамі па формуле «пяць на пяць».

«З улікам асабістай просьбы да Прэзідэнта Беларусі маці Анджэя Пачобута, які адбывае пакаранне за здзяйсненне шэрагу асабліва цяжкіх злачынстваў, і Анжалікі Борыс, кіраўнік дзяржавы даручыў КДБ уключыць асуджанага ў гэты абменны працэс», – піша БЕЛТА.

Абмен адбыўся на пешаходна-веласіпедным памежным пераходзе «Перароў — Белавежа» ў Белавежскай пушчы. Анджэя Пачобута сустракаў прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск.

Прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі пракаментаваў вызваленне гродзенскага журналіста.

— Анджэй Пачобут ужо ў Рэспубліцы Польшча, ён вызвалены рэжымам Лукашэнкі. Чалавек, які даказаў, наколькі моцная «польскасць» і адданасць польскім каштоўнасцям, і які плаціў за гэта вельмі высокі кошт у цяжкіх умовах турмы рэжыму Лукашэнкі, — сказаў ён.

Хто такі Анджэй Пачобут

Гродзенскі журналіст і адзін з лідараў закрытага беларускімі ўладамі Саюза палякаў Беларусі Анджэй Пачобут адбываў пакаранне ў восем гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яго затрымалі 25 сакавіка 2021 года. Пачобут працаваў у недзяржаўных беларускіх медыя, супрацоўнічаў з замежнымі выданнямі. Вывучае гісторыю Арміі Краёвай на тэрыторыі Беларусі.

Прысуд яму вынеслі 8 лютага 2023 года. Анджэя абвінавацілі па арт. 361 Крымінальнага кодэкса («Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь») і арт. 130 КК («Узбуджэнне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай варожасці»).

Праз два дні пасля вынясення прысуду — 10 лютага 2023 года — Польшча закрыла памежны пункт пропуску «Баброўнікі» на польска-беларускай мяжы, паабяцаўшы адкрыць яго на наступны дзень пасля вызвалення Пачобута.

Пазней стала вядома, што Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы плануе з 17 лістапада адкрыць два аўтамабільныя пункты пропуску на мяжы з Беларуссю: «Баброўнікі» (з беларускага боку «Бераставіца») і «Кузніца Беластоцкая» (з беларускага боку «Брузгі»). Пункты пропуску былі адкрытыя. Рух там аднавіўся а 2-й гадзіне ночы 17 лістапада.

16 кастрычніка мінулага года сябры камітэтаў па замежных справах і развіцці Еўрапейскага парламента прагаласавалі за фіналістаў прэміі імя Сахарава «За свабоду думкі» 2025 года. 22 кастрычніка стала вядома, што пераможцамі прэміі сталі Анджэй Пачобут і грузінская журналістка Мзія Амаглабелі. За сваю прафесійную дзейнасць яны знаходзяцца ў зняволенні.