Былая ўладальніца гродзенскага салона прыгажосці MakeUpLab Кацярына Казакевіч распавяла ў сваім Instagram, што прайграла суд. Паводле яе слоў, на яе ўсклалі субсідыярную адказнасць у памеры каля 756 тысяч рублёў — гэта прыкладна 272 тысячы долараў. Гродзенская блогерка назвала гэтую сітуацыю адным з галоўных урокаў у сваім жыцці і прадпрымальніцкай дзейнасці.
Мяркуючы па ўсім, рашэнне суда звязана з прэтэнзіямі да кампаніі Кацярыны Казакевіч, якія з’явіліся пасля праверкі Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю ў 2023 годзе. Субсідыярная адказнасць азначае, што калі у кампаніі не хапае сродкаў для пагашэння даўгоў, суд можа абавязаць кіраўніка або ўладальніка бізнесу выплачваць іх з уласных сродкаў. Верагодна, менавіта такое рашэнне і было прынята ў дачыненні да былой уладальніцы MakeUpLab.
«Трэба было адкладаць грошы на чорны дзень» Пра рашэнне суда Кацярына распавяла ў гісторыях, а пазней апублікавала відэа, дзе заявіла, што галоўнай памылкай у гэтай сітуацыі лічыць адсутнасць фінансавай «падушкі бяспекі».
Яна адзначыла, што ў самым пачатку яе дзейнасці ёй раілі афармляць усіх супрацоўнікаў – менавіта да афармлення работнікаў і былі прэтэнзіі ДФР. Таксама ёй раілі заўсёды мець рэзерв на выпадак неспрыяльных абставін і адкладаць частку даходаў штомесяц.
«Калі б на працягу дзесяці гадоў я адкладала пэўную суму, сёння гэтае пытанне было б проста вырашана», — распавяла яна. Казакевіч таксама адзначыла, што ўспрымае здарэнне як сур’ёзны жыццёвы ўрок і звярнулася да прадпрымальнікаў з пытаннем, ці робяць яны захады «на чорны дзень».
З чаго пачалася гісторыя вакол MakeUpLab
Праблемы вакол бізнесу Казакевіч пачаліся в 2023 годзе пасля праверкі Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю.
Крымінальную справу пазней закрылі
У студзені 2026 года Кацярына Казакевіч распавяла, што крымінальную справу супраць яе закрылі прыкладна за год да гэтага — «за недаказанасцю». Паводле яе слоў, перыяд расследавання аказаўся цяжкім: былі дапыты, арышт рахункаў і фінансавыя праблемы. Таксама яна заяўляла, што разлічвала на падтрымку калектыву, аднак частка супрацоўнікаў дала паказанні супраць яе.
Што зараз з MakeUpLab
Нягледзячы на сітуацыю, салон MakeUpLab працягвае працу. На сайце даступныя паслугі і анлайн-запіс, а сацсеткі праекта працягваюць абнаўляцца. Зараз дом прыгажосці належыць ТАА «ЕК Прафесіянал». Кіраўніком кампаніі паказаны Мікалай Казакевіч.
У канцы 2025 года Кацярына паведамляла пра завяршэнне ранейшага этапу працы салона, а ў студзені 2026 года абвясціла пра рэфармаванне бізнесу.
Паводле яе слоў, цяпер яна планавала засяродзіцца на настаўніцтве для прадпрымальнікаў, уласным касметычным брэндзе і праекце MASTERMAIND WORLD EK, звязаным з перманентным макіяжам.
Зараз працуе “Учебный Центр Екатерины Казакевич по перманентному макияжу”,, яна праводзіць майстар-класы па перманентным макіяжы, а таксама арганізоўвае чэмпіянаты майстроў.


