“Еўропа пачынаецца тут”, – кажуць аб эстонскай Нарве мясцовыя ўлады. Пры гэтым мясцовыя размаўляць на рускай, падтрымліваюць шчыльныя сувязі з Расіяй і хвалююцца, што ў суседзяў за ракой блакуюць месэнджэры.
Журналістка Hrodna.life пабывала ў Нарве і паспрабавала зразумець, чым жыве горад і куды больш схіляецца: да Усходу ці Захаду. А яшчэ знайшла некалькі невідавочных паралеляў з Гродна.
У Нарве сонечны поўдзень. Дзяўчына ў спартыўным касцюме спяшаецца на пілатэс, абмяркоўваючы па тэлефоне планы на вечар на рускай мове. Дзве пажылыя жанчыны скардзяцца, што побач з піцерскім Адміралцействам зачынілася добрая крама. Навіны Санкт-Пецярбурга каціруюцца і ў Нарве, бо паміж гарадамі, калі не ўлічваць межы, усяго каля трох гадзін язды. У многіх мясцовых у Расіі родныя і справы.
Ды і расіяне адчуваюць сябе ў Нарве камфортна – можна спакойна абысціся без ведання эстонскага. Яго, зрэшты, рэдка пачуеш на вуліцах горада. У Нарве амаль усе надпісы дублююцца на рускую. А часам і змешваюцца.

Прымежны бізнэс: «€40 плаціце, 15 хвілін стаіце – і адразу праходзіце»
Мяжа паміж Эстоніяй і Расіяй ідзе па рацэ і нібы праразае Нарву напалову – КПП знаходзіцца ў самым цэнтры горада. Гэта не дзіўна – расійскі Івангорад, што за мастом, доўгі час быў прадмесцем Нарвы. Аўтамабільны рух праз памежны “Мост сяброўства” (менавіта такую назву носіць мост) закрыты з 2024 года. Афіцыйна – з-за рэканструкцыі з расійскага боку. Яна мусіць скончыцца ўжо сёлета, але эстонскія ўлады не бачаць сэнсу аднаўляць рух. Прынамсі, пакуль не скончыцца вайна ва Ўкраіне.

Адзіны спосаб патрапіць у Расію – перайсці мяжу пешшу. Расіяне гэтым актыўна карыстаюцца, чарга расцягваецца на некалькі сотняў метраў. Але калі заплаціць мясцовым “рашалам”, то можна адразу стаць у пачатак чаргі.
— З сямі раніцы запусцілі ўсяго шэсць разоў. А так, €40 плаціце, 15 хвілін стаіце і адразу праходзіце – калі ёсць жаданне, магу зладзіць, – прапануе пакінуць тэрыторыю Еўрасаюза мужчына ў спартыўным касцюме.
Падобная практыка “падсадак” часамі дзейнічае і на беларуска-польскай мяжы, калі з-за закрытых пагранпераходаў, перадсвяточнага ажыятажу ці іншых прычын людзі прастойваюць у чэргах гадзінамі і суткамі. Праўда, кошт пытання за падсадку ў бліжэйшы да шлагбаўма аўтобус крыху ніжэйшы — каля €30.
Мясцовы «бізнэсмэн» раіць доўга не думаць – паводле яго слоў, вось-вось пад’едзе чарговы аўтобус з групай расіян.

Чыгуначная блакада: «Цяпер думаеш: “Лепей бы быў ковід”»
У будынку чыгуначнага вакзала ціха. У пашпартнага кантролю – нікога. З забаў – паліца з буккросінгам. Можна пагартаць кнігу «ЕС і я», у якой на рускай мове расказваюць, якія перавагі ёсць у грамадзян Еўрасаюза.
Як і ў Гродне, цягнікоў праз мяжу тут даўно няма. Яшчэ ў сакавіку 2020-га польскі бок прыпыніў чыгуначныя зносіны з Беларуссю. Тады абмежаванні аргументавалі пандэміяй, а зараз – вайной ва Украіне. Тое самае адбылося і ў Нарве. Цягнік з Таліна ў Пецярбург, які і так з кожным годам страчваў папулярнасць, адмянілі з-за каранавіруса, а не вяртаюць ужо па іншых прычынах – палітычных.
— Хтосьці атрымаў больш прыкметныя абмежаванні, хтосьці – менш. Але каб з Нарвы здарыўся Дэтройт паўзакінуты, такога няма. Бізнэс жыве, крамы жывуць. Беспрацоўя, думаю, ад гэтага больш не стала. Калі ковід пачынаўся, здавалася, горш быць не можа. А цяпер думаеш: лепш бы быў ковід, – горка жартуе мясцовы жыхар Юрый, апісваючы абстаноўку ў горадзе пасля закрыцця мяжы.


Сувязі з сваякамі: «Іх абрывае не столькі мяжа, колькі адлегласць»
У Нарву грамадзяне Расіі едуць па розных прычынах. Дзеля турызму — усяго 1371 чалавек у 2025 годзе. Гэта на 59% менш, чым было ў 2020-м. Адна з прычын – пасля пачатку расійскага ўварвання ва Украіну Эстонія забараніла ўезд грамадзян РФ з турыстычнымі мэтамі. Цяпер сюды прыязджаюць у асноўным расіяне з эстонскім відам на жыхарства або блізкімі сваякамі-грамадзянамі Эстоніі. Мяркуючы па сумках, забітымі прадуктамі і тэхнікай, прыязджаюць і за таварам.
— Сувязі абрывае не столькі мяжа, колькі адлегласць, – разважае Юрый. – Дзякуй Богу, сёння можна стэлефанавацца і пагутарыць. Так, дадаліся праблемы, як стэлефанавацца (у Расіі блакуюць месэнджары. — Hrodna.life), трэба, каб чалавек падключыўся па-правільнаму і ў яго ўсё запрацавала.

Нарвіцянін скардзіцца і на складанасці з атрыманнем віз. Цяпер адзін з нямногіх даступных для расіян варыянтаў – атрыманне доўгатэрміновай візы тым, у каго ёсць сваякі ў Эстоніі.
— Ёсць гуманітарныя візы, ёсць роднасныя. Але, аказваецца, нават брат і сястра, бабулі, дзядулі – не сваякі (Юрый мае на ўвазе, што толькі бацькі і дзеці могуць разлічваць на атрыманне візы па сваяцтве – заўв. Hrodna.life). А калі рэальна, дык у той краіне ідзе вайна. Трэба змірыцца, што ёсць абмежаванні. Можна істэрыць: «Мы ж не ўдзельнікі, за што мы пакутуем?». Усе мы ўдзельнікі, не бывае так, што хтосьці ваюе, а хтосьці побач, ні пры чым, – лічыць Юрый.
З падобнай візавай праблемай сутыкнуліся і беларусы, якія хочуць патрапіць у ЕЗ. Чэргі на падачу дакументаў у візавыя цэнтры расцягваюцца на месяцы. Некаторыя нават гатовы набываць часовую прапіску ў Гродзенскай вобласці, каб паскорыць працэс.

Турызм: “На тым тыдні нават амерыканцы заходзілі”
І ў Гродне, і ў Нарве за апошнія гады змяніліся турыстычныя патокі. Раней у Гродна ехалі пераважна палякі і літоўцы, а цяпер з кожным годам расце колькасць рускіх турыстаў. У 2024 годзе вобласць наведала не менш як 82 тыс. расіян – і гэта толькі тыя, хто спыняўся ў санаторыях і гасцініцах.
У Нарве ж турыстаў з Расіі замянілі самі эстонцы і фіны. За 2025 год у 51-тысячным горадзе налічылі амаль 31 тыс. турыстаў. Больш за ўсё прыязджала саміх эстонцаў (18 тыс.), таксама ехалі фіны (2,7 тыс.) і латвійцы (1,5 тыс.).

Супрацоўнік мясцовай сувенірнай крамы кажа, што спаду цікавасці сярод турыстаў не заўважыў. Людзі едуць, асабліва ў выходныя дні.
– Прыязджаюць, да нас заходзяць. Крама замка дык увогуле ставіць рэкорды. Вядома, раней былі з таго боку (расійскага – Hrodna.life) турысты – стала была падвышаная праходнасць. Цяпер гэтага народа паменш. Але тое, што мы бачым зараз – гэта людзі, якія гавораць на фінскай, нарвежскай, нямецкай. На тым тыдні нават амэрыканцы заходзілі.
Стары замак у Гродне таксама ставіць рэкорды наведвальнасці – і шмат у чым дзякуючы расійскім турыстам. Іх настолькі шмат, што ў пікавыя летнія месяцы ёсць нават праблемы з прапускной здольнасцю замка.

Моўнае пытанне: «Я між двух агнёў»
Амаль усе шыльды ў Нарве дублююцца на рускую мову, у мясцовым гандлёвым цэнтры па гучнагаварыцелі рэкламуюць кафэ – таксама па-руску. На вітрыне напаўзакінутага аутлета выцвілым маркерам напісана: “Для пералётных птушак не бывае межаў”.

У нарвіцяніна Данііла дрэнны настрой – яму распылілі ў твар пярцовы балончык. Данііл крычыць невядомым услед, абяцаючы “дабрацца да кожнага”. Падлеткі прапануюць хлопцу памыцца малаком, але той кажа, што супакоіцца дапаможа толькі бутэлька піва.
— Я эстонскага асабліва не ведаю, у мяне ён на ўзроўні А2. У мяне і тут жывуць сваякі, і ў Расіі жывуць сваякі – я між двух агнёў, разумееш? Ні Расію, ні Украіну я не падтрымліваю, але лічу, што Пуцін — п*****с. А ў Эстоніі вельмі класна, — эмацыйна выказваецца нарвіцянін.
На развітанне Данііл цісне нам руку і просіць адстойваць інтарэсы краіны.
Паводле статыстыкі, Нарву пераважна засяляюць этнічныя рускія. У 2024 годзе ў Нарве налічвалася 26 060 тыс. жыхароў з эстонскім грамадзянствам (49% ад усяго насельніцтва), з грамадзянствам Расіі ў горадзе пражывала крыху менш людзей – 34% ад усяго насельніцтва.


Суседства з Расіяй: “Абстаноўка спакойная, калі не глядзець тэлевізар”
У небе лунае эстонскі і расійскі сцягі — яны ўсталяваны на старажытных крэпасцях па абодва бакі мяжы. З эстонскага боку з калонкі даносяцца гукі балалайкі і пах шашлыкоў – мяса гатуюць прама на набярэжнай. На расійскім баку пара ладзіць фотасесію — дзяўчына пазіруе, выгінаючыся на краі вежы. Абапал мяжы святкуюць 1 траўня – праўда, святы розныя: у Расіі гэта Дзень працы, а ў Эстоніі – Дзень вясны.

Юрый кажа, што суседства з Расіяй яго не палохае, а жыццё ў Нарве спакойнае. Праўда, нарвіцянін цалкам адмовіўся ад газет і тэлебачання: не чытае ні эстонскую, ні расійскую прэсу.
— Абстаноўка цалкам спакойная, калі не глядзець тэлевізар і не чытаць газет з раніцы. Нават падаецца, што звычайныя дні ідуць. Усё залежыць ад таго, наколькі блізка да сэрца прымаеш дрэннае і накручваеш сябе. Жыццё працягваецца.


На расійскім баку мяжы рыбак па калена заходзіць у ваду. Турысты, якія назіраюць за ім, ахкаюць: хіба так можна — зона ж памежная. Здаецца, рыбака гэтае пытанне не моцна турбуе.
Чытайце таксама: «Мая зямля — што хачу, тое і раблю». З’ездзілі ў польскую вёску ля мяжы з Беларуссю, куды стараста запрашае жыць усіх ахвотных



