Пяць гадоў запар беларусы і палякі штомесяц збіраліся ў цэнтры горада – выходзілі падтрымаць палітвязня журналіста Анджэя Пачобута, які адбываў пакаранне у калоніі ўзмоцненага рэжыму. У аўторак, 10 чэрвеня, акцыя ўпершыню прайшла з удзелам самога Пачобута.
За 20 хвілін да пачатку акцыі беларусы і палякі пачынаюць збірацца пад стэндам з фатаграфіяй Пачобута. “Куб” (так тут называюць паміж сабой стэнд з-за яго формы) стаіць на адной з цэнтральных вуліц Беластока ўжо некалькі гадоў. Калісьці на ім была яшчэ фатаграфія палітзняволенай старшыні Саюза палякаў у Беларусі Анжалікі Борыс, але яе знялі пасля вызвалення дзяячкі яшчэ некалькі гадоў таму. А нядаўна стэнд зноў змянілі – на партрэце Анджэя з’явілася прыпіска “Wolny” (“Вольны”).
Гродзенскі журналіст прабыў у зняволенні больш за пяць гадоў. Ён трапіў у калонію ўзмоцненага рэжыму за нібыта прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі і распальванне варожасці.
Анджэй Пачобут выйшаў на волю ў канцы красавіка 2026 у рамках абмену. З калоніі журналіста даставілі на памежны пераход «Перароў—Белавежа», дзе Пачобута сустрэў прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск.
– Урачысты сёння дзень, – кідае на хаду адна з удзельніц акцыі.
Іншая жанчына, апранутая ў чырвоную майку з надпісам Polska, трымае ў руках букет кветак – хоча ўручыць іх Пачобуту.
Да сквера, дзе праходзіць акцыя, падцягваюцца паліцэйскія аўто. Супрацоўнікі пачынаюць патруляваць тэрыторыю, здалёку пазіраючы на ўдзельнікаў мерапрыемства.
Першая акцыя з удзелам Пачобута: “Яшчэ ў турме ведаў, што ў Беластоку праходзяць акцыі салідарнасці”
Неўзабаве ў суправаджэнні аховы з’яўляецца і сам Пачобут. Беларусы перашэптваюцца, імя “Анджэй” гучыць некалькі разоў.
— Пра тое, што ў Беластоку праходзяць акцыі салідарнасці, я ведаў яшчэ ў турме, — звяртаецца да прысутных былы палітвязень. — Салідарнасць важная. Я ўсім бязмерна ўдзячны і спадзяюся, што тыя людзі, фатаграфіі якіх вы трымаеце [удзельнікі прыйшлі на акцыю са здымкамі іншых беларускіх палітвязняў — Hrodna.life], выйдуць на волю.
Уступныя словы Пачобут прамаўляе па-польску. Пасля пераходзіць на беларускую мову.
— Тое, што вы былі салідарны, вельмі канкрэтны доказ, што абвінавачанне ў дачыненні да мяне — паклёп і хлусня, — завяршае выступленне журналіст.
Анджэя Пачобута затрымалі ў сакавіку 2021 года. Яго справу пачалі разглядаць у лютым 2023 у Гродзенскім абласным судзе. У інтэрв’ю газеце Wyborcza журналіст дзяліўся падрабязнасцямі судовага працэсу. Яго па прапанове пракурора зрабілі закрытым. Прычынай стала тое, што ў матэрыялах справы нібыта змяшчаліся сакрэтныя дадзеныя.
“Размова ішла аб допыце салдат Арміі Краёвай, — тлумачыў у інтэрв’ю Пачобут. — Гэта дакументы, якія ўжо не змяшчалі грыфа «таямніца» або «цалкам сакрэтна». Але ім [КДБ — Hrodna.life] хацелася стварыць уражанне, што ў справе Пачобута ёсць нейкія таямніцы. Таму што, згодна з абвінаваўчым заключэннем, я нібыта ўдзельнічаў у міжнароднай змове – дарэчы, я быў яе адзіным вядомым удзельнікам, іншых не выявілі – мэтай якой было аддзяліць частку Беларусі і далучыць яе да Польшчы”.
Гродзенцы пра будучыню: «Вернемся абавязкова»
Пагутарыць з журналістам у ўдзельнікаў акцыі не выходзіць. Беларусы паспяваюць уручыць былому палітвязню кветкі – у гэты момант на яго твары праскоквае кароткая ўсмешка; і робяць групавое фота. Пасля Пачобута адводзяць – яго суправаджаючыя дадаюць, што журналіст стаміўся. На развітанне актывісты скандуюць “Жыве Беларусь”.
Але ўдзельнікі не спяшаюцца разыходзіцца – беларусы разбіваюцца па групках і размаўляюць паміж сабой.
— Тут усе гарадзенцы свету апынуліся, — усміхаючыся заўважае адна з удзельніц акцыі.
Гродзенец і былы ўладальнік інтэрнэт-крамы «Адметнасць» Сяргей Верамеенка адзначае, што за ўсе пяць гадоў прапусціў толькі лічаную колькасць акцый. Ён жа быў адным з тых, хто ўстанаўліваў той самы стэнд у падтрымку Пачобута.
— Такая смешная гісторыя была. Мы, гарадзенскія актывісты, учатырох ставілі гэты стэнд — і кожны з нас па-свойму бачыў, як яго правільна ўсталёўваць. Паліцыянты за намі назіралі і прапанавалі дапамагчы, але ў выніку мы самі ўсё зрабілі, — узгадвае Верамеенка.
Гродзенец кажа, што за ўсе гады матывацыя выходзіць на акцыю не зніжалася, але часам з’яўлялася пачуццё смутку.
— Але ўзгадваю суткі, калі я сядзеў — гэта быў сапраўдны санаторый у параўнанні з тымі ўмовамі, у якіх зараз знаходзяцца [палітвязні — Hrodna.life]. Таму трэба самому сабе сказаць: што ты ноеш? Людзі сядзяць у такіх жорсткіх умовах, а ты: пайду — не пайду, вернемся ці не вернемся. Вернемся абавязкова, — усклікае Верамеенка.
Пачобут аб вяртанні: «Мой дом у Гродне»
Вярнуцца ў Беларусь плануе і Анджэй Пачобут. На прэс-канферэнцыі, якую журналіст правёў за некалькі гадзін да акцыі, ён заявіў, што ягонае рашэнне вярнуцца ў Беларусь і жыць там не змянілася.
— Мой дом у Гродне. Так здарылася, так выглядае гісторыя, што палякі жывуць у Гродне, у Беларусі. <…> Безумоўна, я буду займацца тым, чым я займаўся да арышту. Пачакаем крыху, – пракаментаваў Пачобут бачанне сваёй дзейнасці для Саюза Палякаў.
Чытайце таксама: Падзяка Трампу і расійскаму ФСБ. Што кажуць палітыкі розных краін пра вызваленне Анджэя Пачобута







