У квартале паміж вуліцамі Леніна, Студэнцкай і Будзённага ў Гродне плануюць пабудаваць два пяціпавярховыя дамы на 173 кватэры. Праект разгледзелі на горадабудаўнічым савеце ў гарвыканкаме.
Новы жылы квартал размесцяць у раёне будынка №42 на вуліцы Будзённага. Паводле паведамлення гарвыканкама, дамы будуць выкананыя ў стрыманым класічным стылі. Тэрміны будаўніцтва і забудоўшчыка пакуль не называюць.
Увесну ў гэтым квартале прапаноўвалі ўчастак пад жыллё
У сакавіку 2026 года на аўкцыён выставілі права арэнды ўчастка на Будзённага, 34А, паміж вуліцамі Леніна, Студэнцкай і Будзённага. Тэрыторыя плошчай крыху больш за гектар прызначалася для будаўніцтва сярэднепавярховых шматкватэрных дамоў, у тым ліку з убудаванымі грамадскімі памяшканнямі.
Права арэнды на 50 гадоў ацанілі ў 344 202 рублі. Таргі прызначылі на 14 красавіка. У цяперашнім паведамленні гарвыканкама не ўдакладняецца, ці ідзе гаворка менавіта пра гэты ўчастак.

Па суседстве запраектавалі бізнес-апартаменты
Яшчэ адзін праект у гэтай частцы вуліцы — бізнес-апартаменты на Будзённага, 42–44. У студзені 2026 года тут прадставілі праект чатырохпавярховага будынка з падземным паверхам і паркоўкай на 47 месцаў. На першым паверсе прадугледзелі крамы нехарчовых тавараў.
Гэта тэрыторыя былой першай гродзенскай электрастанцыі, якая пачала працаваць у 1912 годзе і была знесеная ў 2009-м. Пасля яе зносу тут у розны час прапаноўвалі пабудаваць гасцініцу Ibis, офісны або гандлёвы цэнтр. У 2023 годзе ўчастак плошчай каля 45 сотак выстаўлялі на аўкцыён з пачатковай цаной права арэнды больш за 123 тысячы рублёў.



