У сюжэце ТРК “Гродна” журналісты, не называючы канкрэтны сэрвіс таксі, указалі на перабоі ў яго працы. Зрэшты, адразу адзначылі: да 14 кастрычніка “ўсё аднавілася і запрацавала амаль у звыклым рэжыме”.
У роліку апытаныя на вуліцах гараджане таксама адзначалі, што «ўсё добра»: дадатак працуе, хаця яшчэ напярэдадні сэрвіс быў недаступны, а кіроўцы згаджаліся везці толькі за гатоўку.
У апісанні роліка таксама дадалі, што на фоне збояў вырас попыт на паслугі іншых перавозчыкаў. У адной з гродзенскіх дыспетчарскіх службаў колькасць званкоў павялічылася прыкладна ў 15 разоў, а за некалькі дзён з кампаніяй захацелі супрацоўнічаць каля 1000 кіроўцаў.
Сэрвіс «Яндэкс.Таксі» лёг у выходныя пасля таго, як украінскія дроны атакавалі буйны-дата цэнтр «Яндэкса» у расійскім горадзе Уладзіміры. Гэта прывяло да збояў у рабоце сэрвісу.
Закранула і беларусаў. У Threads усё большую папулярнасць набіралі пасты, прысвечаныя альтэрнатыўным сэрвісам таксі. Гродзенцы шукалі альтэрнатывы: некаторыя кіроўцы прапаноўвалі тэлефанаваць ім напрамую, іншыя – складалі ліст чакання ці прасілі браніраваць паездкі праз Telegram.
Гродзенцы таксама паведамлялі аб збоях у працы “Яндэкс.Карт” – галоўная складанасць заключалася ў тым, што гараджане не маглі адсачыць расклад транспарту.
Чытайце таксама: Сэрвіс “Яндэкс.Таксі” лёг – гродзенцы прапануюць альтэрнатывы



