У гасцініцы Мірскага замка не хапае месцаў для турыстаў: тут усяго 16 нумароў, якія браніруюць за паўгода. Каб размясціць больш гасцей, побач з замкам плануюць аднавіць палац Святаполк-Мірскіх і адкрыць у ім гасцініцу. Пра гэта расказаў дырэктар комплексу Аляксандр Лойка, піша «Культура і мастацтва».
Гасцініцу размесцяць у адноўленым палацы
Музею патрэбныя дадатковыя месцы для размяшчэння турыстаў. Для гэтага плануюць аднавіць палац Святаполк-Мірскіх, які знаходзіўся на тэрыторыі комплексу.
Двухпавярховы мураваны дом пабудавалі ў канцы XIX стагоддзя па распараджэнні Мікалая Святаполк-Мірскага. На першым паверсе размяшчаліся сталовая, гасцёўня і бібліятэка-більярдная, на другім — яшчэ адна гасцёўня, спальні і кабінет князя.
Падчас Першай сусветнай вайны палац згарэў. Яго рэшткі разабралі ў сярэдзіне XX стагоддзя. Тэрміны аднаўлення будынка і адкрыцця гасцініцы ў публікацыі не названыя.
Праект рэканструкцыі будынка ўключаны ў дзяржпраграму «Турызм» на 2026–2030 гады.
Падмуркі ўжо паказваюць турыстам
Паводле намесніцы дырэктара музея па навуковай і асветніцкай рабоце Вольгі Навіцкай, археолагі даследавалі падмуркі палаца на працягу трох гадоў. Работы фінансаваў замкавы комплекс. Падчас раскопак выявілі рэшткі падмурка канца XVI — пачатку XVII стагоддзя.
Цяпер падмуркі ўключаныя ў асобную экскурсійную праграму. Наведвальнікам паказваюць выяўленыя аб’екты і расказваюць пра раскопкі і знаходкі.

У 2027 годзе пачнуць работы ў англійскім парку
Комплекс таксама рыхтуецца да далейшага добраўпарадкавання прылеглай тэрыторыі плошчай 26 гектараў. У 2027 годзе плануюць пачаць работы ў англійскім парку, які займае 16 гектараў.
Раней тут аднавілі італьянскі парк плошчай 5,7 гектара. Работы паводле інвентарных апісанняў XVIII–XIX стагоддзяў працягваліся восем гадоў. На іх выдаткавалі каля 8 млн рублёў з пазабюджэтных сродкаў комплексу.
Сёлета чакаюць паўмільёна наведвальнікаў
Паводле прагнозаў музея, у 2026 годзе Мірскі замак наведаюць каля 500 тысяч чалавек. У 2027-м комплекс разлічвае сустрэць чатырохмільённага наведвальніка.
Для параўнання: у 1992 годзе, калі турыстам была даступная толькі адна з вежаў, колькасць наведвальнікаў не перавышала 40 тысяч за год.
Асноўныя мерапрыемствы да 500-годдзя Мірскага замка запланаваныя на 4–6 чэрвеня 2027 года. У праграме — выступленні клубаў гістарычнай рэканструкцыі, рамесныя гандлёвыя рады і канцэрты.
Турысты скардзіліся, што ў Міры няма дзе паабедаць
Улетку 2026 года беларуска расказала ў Threads, што падчас сямейнай паездкі ў Мір не змагла знайсці месца для абеду. Паводле яе, кавярні і рэстаран былі закрытыя на абслугоўванне экскурсійных груп. Допіс набраў больш за 42 тысячы праглядаў і каля 185 каментарыяў.
Іншыя карыстальнікі падзяліліся падобным досведам: некаторыя пісалі, што бяруць ежу з сабой, іншыя раілі блінную побач з замкам.
Мірскі замак б’е рэкорды наведвальнасці
Замкавы комплекс «Мір» у 2024 годзе наведалі амаль 405 тысяч чалавек. За той год тут правялі 7865 экскурсій.
У 2025 годзе толькі за дзевяць месяцаў Мірскі замак наведалі больш за 400 тысяч турыстаў. У асобныя дні колькасць гасцей перавышае 7 тысяч чалавек.
Пры гэтым кіраўнік Рэспубліканскага саюза турыстычнай індустрыі Філіп Гулы ў эфіры тэлеканала АНТ паскардзіўся, што самыя папулярныя турыстычныя аб’екты Беларусі перагружаныя. І ўсё гэта праз уплыў блогераў і сацсетак. Ён адзначыў, што, напрыклад, у Міры і Нясвіжы, а таксама ў Брэсце і Гродне выстройваюцца чэргі, а за дзясяткі кіламетраў ад іх застаюцца без увагі менш раскручаныя мясціны.


