У адносінах да спецыяліста філіяла “Дарожна-эксплуатацыйнае ўпраўленне № 64” РУП “Мінскаўтадар-Цэнтр” распачалі справу па арт. 10.16 КаАП “Парушэнне заканадаўства аб мовах”. Ён адказаў на беларускамоўны зварот актывіста Ігара Случака па-руску, а гэта парушэнне закону. Пра гэта расказаў сам актывіст, размясціўшы адказ Слуцкага райвыканкама.  

Справа ў тым, што паводле Закону “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб” адказы на звароты мусяць быць на той мове, на якой ён паступіў. На практыцы гэта часам ігнаруюць. Ігар Случак змагаецца з гэтым.

У адказе райвыканкама сказана, што ў адносінах да спецыяліста “прыняты меры згодна з дзеючым заканадаўствам”. Якое менавіта пакаранне ён панёс, невядома. Таксама ў філіял адправілі ліст, каб тыя адказалі Ігару згодна з заканадаўствам – то-бок, па-беларуску. 

– Упершыню з 2020 г. прыцягнуў да адказнасці за ігнараванне беларускай мовы па арт. 10.16 КаАП “Парушэнне заканадаўства аб мовах”. Беларусафобы, зноў надыходзяць вашыя цяжкія часы, – пракаментаваў Случак.  

Чытайце таксама: “Я як ледакол, які задае кірунак”. Моўны актывіст — пра тое, як і навошта абараняць свае правы