Падчас фестывалю LIDBEER мясцовыя жыхары зладзілі платныя паркоўкі ў дварах сваіх дамоў – месцы аддавалі па 25-30 руб., паведамляюць у Threads-акаўнце zhaloby_bel.
У каментарах пад публікацыяй некаторыя карыстальнікі адзначаюць, што ім удалося прыпаркаваць аўто ў 10 хвілінах хадзьбы ад цэнтра горада. Але пры гэтым выказваюць “рэспект мясцовым за кемлівасць”.
«Яны і кватэры па 1500 рублёў за суткі здавалі, аднапакаёўкі маленькія. Цікава, нехта павёўся на такое», — напісаў адзін з каментатараў.
«А на што, уласна, скардзіцца? Што людзі бясплатна ў свой двор не пускаюць? Не хочаш – не стаў. Шукай паркоўку і ідзі пешшу», — выказалася іншая карыстальніца.
«На віва браслаў так людзі робяць ужо гадоў 10», — дадае яшчэ адзін удзельнік абмеркавання.
Фестываль LIDBEER прайшоў у Лідзе 29 верасня і сабраў больш за 100 тыс. гледачоў. Мяркуючы па водгуках наведвальнікаў у інтэрнэце, уражанні адрозніваюцца.
Адным не спадабаўся зменены таймінг выступленняў, а таксама паводзіны арганізатараў, якія паведамлялі пра затрымкі праз сацсеткі, а не са сцэны.
Іншыя наведвальнікі засталіся задаволены канцэртамі і фестывалем у цэлым.
Чытайце таксама: У Гродне завяршыўся суд аб водгуку на каву. Аднаму з бакоў давялося папрасіць прабачэння



