Адна з карыстальніц Threads звярнулася да ўладальнікаў кватэр у Гродне, якія здаюцца турыстам на суткі. Дзяўчыну ўразіў кошт арэнды, нават пры ўмове таго, што зараз турыстычны сезон. У каментарах уладальнікі патлумачылі, адкуль бяруцца такія кошты.

«Я разумею, што ёсць аплаты, уборка і г.д., але 300 р/суткі гэта ж кашмар нейкі! Самае таннае 170 р/суткі на цяперашні момант. Сезон, турысты, усе мы ўсё разумеем, але якога чорта, рабяты?» — пацікавілася карыстальніца. 

У каментары прыйшла ўладальніца, якая адзначыла, што часам ёй здаецца, нібы яна “здае ў мінус”. Паводле яе слоў, кошт у 270-300 руб. абумоўлены наступнымі выдаткамі:

  • 45 руб. на клінінг,
  • 10% ад заробленага на мыццё, прасаванне і сродкі для ўборкі,
  • яшчэ 8% камісіі забірае сабе «Куфар»,
  • аплата за камуналку,
  • выдаткі на сродкі для гігіены: туалетную паперу, зубныя шчоткі, пасту, гель і маскі для твару,
  • капсулы для кавамашыны.

У адказ іншыя карыстальнікі прымецілі, што калі кватэру арандуюць на некалькі сутак, то і клінінг выходзіць танней. Некаторыя і ўвогуле напісалі, што ў Гродне заязджалі ў брудныя кватэры.

«300 − 18% − 45 сапраўды 201 руб. Але далей у вас не яшчэ 150 рублёў выдаткаў. Нават з добрымі расходнікамі, сняданкам, кавай, мыццём і камуналкай я налічваю прыкладна яшчэ 25–45 рублёў на аднадзённы заезд. Гэта значыць, застаецца каля 160-175 рублёў. А пры броні на некалькі сутак клінінг наогул размазваецца на ўвесь тэрмін і маржа яшчэ вышэй. Таму «часам здаецца, што здаем у мінус» пры кошце 300 рублёў выглядае ўжо даволі мастацкім перабольшаннем, калі без мацюкоў», — напісаў адзін з карыстальнікаў.

«Ведаеце колькі разоў на здымнай кватэры мяне кармілі круасанамі і рабілі маску для твару? Ні разу. Пра тое і гаворка што і кошт як у спа-гатэлі, а па факце 15 гадовы рамонт з уборкай раз у два тыдні», – выказалася іншая карыстальніца.

Якія яшчэ выдаткі ў арандатараў?

Іншыя арандатары дадаюць: мінімальны кошт аднапакаёўкі ў Гродне з улікам пакупкі і падрыхтоўкі да здачы складае ад $70 000. Таксама юрыдычныя асобы плацяць ПДВ, падатак на нерухомасць, падаходны падатак. Выдаткоўваюць на бухгалтара, рэкламу і дробязі накшталт фена і пыласоса. Да таго ж, “то шторку прапаляць, то кран зламаюць, то ўнітаз”.

Незадаволеным параілі абраць гасцініцу.

Попыт на пасуткавую арэнду ў Гродне сапраўды высокі

Летам 2026 беларусы звярнулі ўвагу на кошт пасуткавай арэнды ў Гродне – сумы дасягалі $1000. Так у пачатку чэрвеня на «Куфар» было прадстаўлена каля 300 аб’яў аб здачы жылля ў Гродне, дзе кошт сутак вар’іраваўся ад 1,7 да 3,5 тыс. руб.

Спецыялісты ж адзначаюць, што турысты, якія аддаюць перавагу індывідуальным ці сямейным паездкам, арандуюць жыллё на суткі, таму і попыт на кватэры таксама расце. У сезон жыллё даводзіцца браніраваць за месяц.

Чытайце таксама: Для турыстаў з Расіі распрацоўваюць маршруты па Гродзенскай вобласці